12 кас 2007 г.

Застыўшая музыка

У пачатку лета 2007 года наш зямляк Аляксей Усіновіч прэзентаваў свае карціны, для тых, хто цікавіцца мастацтвам. Нарадзіўся Аляксей у горадзе Ліда, ў сям’і ваеннага. Але ўсё яго жыццё прайшло ў Навагрудку, тут скончыў і школу. Ён не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, але жаданне ствараць дало свае добрыя вынікі. Бо ўжо з першых хвілін знаёмства з работамі гэтага аўтара практычна ўсе наведвальнікі былі прыемна ўражаны незвычайнасцю карцін і ювелірнай тэхнікай іх выканання.

Займацца гэтай справай ён пачаў прыкладна дзесяць год назад. Спачатку эксперыментаваў – працаваў выключна алоўкам, потым захацелася зрабіць карціны каляровымі – пачаў выкарыстоўваць туш і акварэль. Менавіта папера, туш і акварэль аказаліся самымі прыгоднымі сродкамі для рэалізацыі розных задумак. Трэба зазначыць – тэхніка выканання карцін настолькі своеасаблівая, што на першы погляд здаецца, быццам некаторыя з іх проста не ручной работы – настолькі акуратна выкананы нейкія штрыхі, танюсенькія паралельныя лініі ў дзесятыя долі міліметра адна ад адной. Для напісання работ былі выкарыстаны не толькі вядомыя прыёмы, але і тыя, што Аляксей вынайшаў самастойна. І таму класіфікаваць гэтыя карціны складана, але хутчэй за ўсё іх можна аднесці да геаметрычнага абстракцыянізму. Так, абстракцыя – гэта тое, што выходзіць за рамкі свядомасці. Гэта проста нейкі духоўны момант. На карцінах няма канкрэтных вобразаў, сюжэтаў – гэта проста цікавыя выявы геаметрычных ліній, якія пераламляюцца, меняюць накірункі і колерныя спалучэнні. І гэта не дзіўна, бо як сказаў Аляксей, ён імкнуўся перадаць чалавечыя пачуцці. А пачуцці, як гэтыя лініі і колеры бесперапынна мяняюцца ў чалавечай душы – так радасць можа спалучацца з лёгкай тугой, надзея з трывогай, крыўда з жалем, упэўненасць з безнадзейнасцю. Не выпадкова на многіх карцінах прысутнічае жоўты колер, што стварае ў цэлым сонечную атмасферу нават у не вельмі светлым памяшканні. “У мяне, як і ў любога чалавека бываюць у душы і негатыўныя моманты. Але я імкнуся кожны раз настроіць сябе на барацьбу з імі. Заўсёды павінна перамагаць усё-такі добрае. А перавага жоўтага – гэта жаданне стварыць нешта чыстае, цёплае. А геаметрычныя формы ўносяць пэўную дакладнасць,”- вось так растлумачыў сваё колерабачанне малады мастак. Адзіны колер, які амаль не выкарыстаны ў работах – гэта зялёны – колер спакою. І гэта натуральна, бо аўтар імкнуўся адлюстраваць якраз яркія, глыбокія пачуцці, а не спакойны стан. У яркіх колерах і дакладных лініях з іх пераламленнямі, праявіўся ўвесь экспрэсіянізм выставы. Існуе такое выслоў’е, што архітэктура – гэта застыўшая музыка. Канешне, словы “застыўшая музыка” ужыты ўскосна. Але гэтае словазлучэнне вельмі добра характарызуе і работы Аляксея Усіновіча. І тут можна гаварыць у прамым сэнсе, што кожная з яго карцін – застыўшая музыка. Бо на фоне, ці на аснове пачуццяў, звязаных з музыкай, аўтар усё і стварае. Яго любімы стыль у эксперыментальнай музыцы – гэта “Noise Ambient”, што ў перакладзе азначае “шум” і “акружаючае асяроддзе”. Гэты стыль выкарыстоўваўся яшчэ ў мінулым стагоддзі ў кінематаграфіі. Калі эксперыментаваць з гукам, дакладней яго пераламляючы, можна ствараць з дапамогай тэхнікі з некалькі нот, напрыклад, шум падаючага дажджу, ці шум марскіх хваляў. “Вось так, ствараючы музычныя кампазіцыі – прызнаўся Аляксей, - узнікаюць пэўныя пачуцці, абстракцыі – і потым гэта ўсё перараджаецца ў карціны з такімі цікавымі назвамі, як “Празрыстасць вады”, “Мыс Надзеі”, “Паветра”, “ Адсутны элемент”, “Свет Галатэі”, “Праз пачатак” і іншыя”. Акрамя эксперыментальнай музыкі яго любімымі кампазітарамі з’ўляюцца, як не дзіўна, зусім супрацьлеглыя па стылю кампазітары-класікі І. С. Бах і Л.ван Бетховен. Бах быў адным з найвялікшых паліфаністаў. Лёгкі бахаўскі ўплыў адчуваецца і ў работах нашага земляка. Яго карціны – гэта гарманічнае перапляценне геаметрычных фігур і каляровых фарбаў, як у творах Баха музычных тэм. У цэлым жа, творчая імпрэза аказалася ўдалай, як і для самога Аляксея Усіновіча, які прэзентаваў не толькі свае карціны, але і адначасова тэхналогію мадэліравання эксперыментальнай музыкі, так і для гледачоў. Бо кожны з наведвальнікаў узяў штосьці каштоўнае для сябе – некаму спадабаліся незвычайныя спалучэнні колераў і геаметрыі, камусьці тэарэтычныя веды, нехта атрымаў найбольшую асалоду ад музычных кампазіцый, такіх, напрыклад, як “Космас”. І калі былі ўжо, здавалася, выказаны ўсе словы і прагучалі ўсе гукі, ніхто з прысутных не спяшаўся разыходзіцца.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

1 comment:

Ананім said...

www.myspace.com/sfourds музычныя творы Аляксея