6 кас 2007 г.

Шчасце - гэта калі ўся сям'я разам


На Усходзе словы “Маці”, “Радзіма”, “Настаўнік” прынята пісаць з вялікаў літары. І сапраўды, можна па-добраму пазайздросціць таму чалавеку, які сустракае на сваім жыццёвым шляху настаўніка, як кажуць ад Бога. І тым болей, калі такі настаўнік з’яўляецца на пачатку станаўлення чалавека, як асобы. І ў гэтым сэнсе Надзеі Аляксандраўне Прахарэвіч пашанцавала, бо магчыма, сустрэча з такім настаўнікам у школьныя гады прадвызначыла яе далейшы лёс.

Нарадзілася Надзея Аляксанраўна ў вёсцы Краскоўскія горы Шчорсаўскага сельсавета на Навагрудчыне. Вучылася ў Шчорсаўскай школе, дзе настаўнік матэматыкі вёў гурток “Умелыя рукі”. Там дзеці займаліся і лепкай, і выпальваннем, і выпільваннем, і маляваннем на прыродзе. Дарэчы, ужо даўно няма дуба Міцкевіча, які Надзея малявала з натуры, а вось на паперы дрэва засталося такім жа прыгожым, як і ў тыя далёкія дні.
“Канешне, забыць імя такога настаўніка проста немагчыма, – гаворыць Надзея Аляксандраўна. – Гэта быў Петрыкевіч Уладзімір Фёдаравіч. Яго ўсе любілі, і ён усіх любіў. Ён так умеў знайсці да дзяцей падыход, што нават заўцятыя хуліганы адносіліся да яго з павагай. Ён здолеў прывіць любоў да прыгожага, навучыў тварыць. У тым кружку дзяўчаты спасцігалі нават і хлапечыя справы. І я там выпільвала, рабіла падрамнікі”.


Пасля заканчэння школы працавала ў калгасе тры гады звеннявой. Работа была цяжкай – мачылі лён, пераварочвалі, потым выцягвалі яго з вады, расцілалі, сушылі і ў рэшце рэшт цёрлі. Цёрлі рукамі ў церліцах. Але нягледзечы, што было вельмі цяжка - любіла яшчэ выступаць. Прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці, дзе і касцюмы, і дэкарацыі даводзілася рабіць сваімі рукамі. Нарабіўшыся, усё роўна бегала на рэпетыцыі, ад якіх атрымоўвала задавальненне, якія ўздымалі настрой.


Ужо тады з’явілася мара паступіць у мастацкае вучылішча ў Мінску. Але так было наканавана лёсам, што гэтая мара на той час не здзейснілася. Пры вялікім конкурсе, аж дзесяць чалавек на адно месца, здаўшы добра першы экзамен – маладая дзяўчына ўсё такі пабаялася далейшага іспыту і забрала дакументы.
Пасля паступіла ў кулінарнае вучылішча, дзе таксама даводзілася тварыць, толькі ўжо як бы ў другой сферы. Набытыя ў школьныя гады навыкі афармлення і тут сыгралі добрую справу. Яе афарміцельскія здольнасці былі заўважаны і ўсхвалены выкладчыкамі.
Пасля кулінарнага вучылішча выйшла замуж і пераехала з мужам у Барысаўскі раён. Там працавала камсоргам – таксама арганізоўвала канцэрты. “Мы ставілі і “Лявоніху,” і “Збянтэжаны Саўка”, і песні развучвалі. Сядзець дома я проста не магу. Калі я нічога не раблю – я хварэю,” - кажа гатая абаяльная жанчына.


Пераехаўшына на Навагрудчыну, Надзея Аляксандраўна працавала ў бібліятэчнай сістэме і мастаком-афарміцелем. Дарэчы, любоў да кніг яна пранясла праз усё жыццё. І зараз у яе хаце шыкоўная бібліятэка. Потым працавала ў школе – вяла гурткі, як некалі яе настаўнік. І тут яна прымала ўдзел у розных канцэртах, часта была сама арганізатарам тых жа канцэртаў. Акрамя таго, што трэба было працаваць на працы, выконваць усе дамашнія абавязкі, Надзея Аляксандраўна вучылася яшчэ ў вольныя хвіліны і вязаць, і малявала, і стварала шыкоўныя дываны. Усе яе ручныя работы здаецца “дыхаюць” цеплынёй і гармоніяй. “Для стварэння дывана я выкарыстоўваю практычна ўсе колеры. Усе колеры для мяне любімыя – толькі трэба іх прыгожа спалучыць. Многае залежыць ад таго, які выбіраеш фон, – заўважае гэтая самадзейная творца. – Адзін раз мне хочацца зрабіць выраб са светлымі – жоўтымі, аранжавымі танамі; другі раз – з больш халоднымі – сінімі, зялёнымі колерамі. Канешне, усё патрабуе часу, бо спачатку трэба зрабіць малюнак, на аснову якога потым ідзе накладванне колераў ніткамі. Арнамент, малюнкі выдумвала сама”. Прыемна зазначыць і тое, што адзін з такіх унікальных вырабаў Прахарэвіч падарыла гістарычна-краязнаўчаму музею, дзе ён радуе наведвальнікаў сваеасаблівай палітрай. А прыгожыя сурвэткі, зробленыя ўмелымі рукамі Надзеі Адяксандраўны, робяць яе дом утульным і прыцягальным. Любоў да прыгожага праяўляецца ў гэтай жанчыны яшчэ і ў тым, што яна стварае прыгажосць не толькі ў сваім доме. Яна стварае яе ўсюды – на прыступках дома – кветкі. На дачным участку – таксама кветкі, якія цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. А яшчэ Надзея Аляксандраўна з’яўляецца актыўнай удзельніцай хору ветэранаў “Радасць”. Песня была заўсёды яе вернай спадарожніцай у жыцці.


“Шчасце для мяне – гэта калі і муж, і мае дзеці, і ўнукі збіраюцца ў хаце ўсе разам. Калі ўсе здаровыя і ў добрым настроі. І я сябе тады адчуваю шчаслівай” – вось такое разуменне шчасця ў гэтай самадзейнай творцы. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо, каб быць па-сапраўднаму шчаслівым, чалавек павінен ведаць, што ён некаму патрэбен. А Надзея Аляксандраўна безумоўна патрэбна і родным, і блізкім, і знаёмым. Таму што яна імкнецца увесь час ствараць вакол сябе прыгажосць. А прыгажосць заўсёды выпраменьвае нябачнае святло, якое лечыць чалавечыя сэрцы і душы.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВЫ

No comments: