8 кас 2007 г.

Жыццё пражыць...

Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі заўважылі, што з цягам часу знешняе аблічча чалавека паступова змяняецца – ён старэе. І ўжо ў тыя далёкія часы яны імкнуліся знайсці нейкую панацэю, ці так званы элексір маладосці. У выніку гэтых пошукаў паступова з’явілася цэлая навука - геранталогія, раздзел біялогіі і медыцыны, якая вывучае працэсы старэння жывых арганізмаў, у тым ліку і чалавека. Яшчэ на пачатку XV стагоддзя былі надрукаваны першыя матэрыялы, якія закраналі гэтае пытанне. А пазней, асновы геранталогіі была закладзены працамі такіх вучоных, як С.П.Боткін, І.І.Мечнікаў, І.П.Паўлаў, Б.Стрэлер і іншыя. На Беларусі навуковыя даследванні па геранталогіі пачаліся з 1958 года. На тэрыторыі нашай краіны жыве некалькі соцень чалавек, узрост якіх дасягнуў амаль ста, ці ста і болей гадоў. І трэба зазначыць, што Навагрудчына ў гэтым плане, не выключэнне. На тэрыторыі нашага горада і раёна пражывае болей як дзесятак людзей такога ўзросту.

У вёсцы Басіна жыве 95-гадовы Гукіш Іван Іванавіч, а ў вёсцы Трасцянка – Грэйба Анатоль Іосіфавіч, якому 22 верасня 2007 года спаўняецца 101 год. Нягледзячы на свой далёка не малады ўзрост, абодва вяскоўцы, можна сказаць, самі спраўляюцца са сваёй гаспадаркай. У час майго прыезду, Іван Іванавіч нёс вядро з ежай для кабана. А вось Анатоль Іосіфавіч – у мой прыход толькі скончыў зцягваць са свайго агарода бульбянік. Фізічная праца для іх – проста неабходнасць душы. Бо ў такім узросце яны маглі б ужо і не працаваць. Кожны з іх пражыў сваё жыццё, але ў іх лёсах ёсць шмат падабенства.


Гукіш Іван Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Басіна. Бацька яго загінуў на вайне ў 1914 годзе, калі Івану было толькі 2 гады. З маладых год прыйшлося працаваць і дапамагць маці. Яшчэ маладым юнаком ездзіў на вярбоўку ў Латвію, каб зарабіць грошы. І да сённяшніх дзён ён добра памятае тыя часы. Памятае і латышскія словы. І без усялякіх намаганняў узгадаў, як сказаць, напрыклад, па-латышскі “Ідзі запражы каня” і г. д. Зарабіўшы вялікія грошы, на якія купіў добры касцюм, каня , воз - перад вайной вярнуўся дамоў. Тут стварыў сваю ўласную сям’ю. У гады вайны працаваў у Баранавічах на чыгунцы. Перад канцом вайны быў пераведзены ў Барысаў, дзе даглядаў ваенных коней – дастаўляў фураж – сена, авёс, соль. У мірныя гады працаваў у калгасе і не цураўся ніякай працы. Да 80 гадоў ніколі не хварэў. Хаця, прыкладна ў 50-ці гадовым узросце, аднойчы пачаў адчуваць, што задыхаецца, калі ідзе пад горку. Вось менавіта тады і вырашыў кінуць курыць – і болей да цыгарэт ужо не дакранаўся. Не злоўжываў і спіртнымі напоямі. А яшчэ, як сказала суседка Івана Іванавіча, калі нехта паміраў са знаёмых – ён часта казаў: “ І чаго ён памёр? – жыві сабе колькі хочаш”. На маё ж пытанне, колькі ён марыў бы пражыць – Іван Іванавіч адказаў ці то жартам, ці то ўсур’ёз: “Так ... да гадкоў 120-ці”. Цяпер жа, ў свае 95 гадоў, ён яшчэ можа пакасіць траву ў садзе і можа зацягнуць нітку ў іголку без акуляраў. Не скардзіцца ён ні на памяць, ні на слых.


Маладыя гады Анатоля Іосіфавіча Грэйбы з Трасцянкі, прайшлі таксама за межамі Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1906 годзе ў Вільні. Пры цары там служыў яго бацька, які пасля службы застаўся працаваць машыністам цягніка. У 1923 годзе ўсёй сям’ёй пераехалі ў Трасцянку. Таксама як і Гукіш Іван Іванавіч – Анатоль Іосіфавіч добра памятае назву той вуліцы, на якой яны жылі ў Вільнюсе, хаця прайшло ўжо 74 гады.(!) Пашкадаваў толькі , што забыўся нумар дома. На працягу жыцця Анатоль Іосіфавіч ніколі не курыў, хаця яго бацька быў заядлым курыльшчыкам. Маладому тады юнаку прыходзілася часта хадзіць у Ліду за тытунём-самасадам для бацькі. Нягледзячы на тое, што яго ніхто не кантраляваў і ніхто не забараняў курыць – да цыгарэт ён ніколі не цягнуўся. Усё жыццё працаваў – быў і брыгадзірам, і скотнікам, займаўся сталяркай і даглядаў свой агарод. Любая справа, за якую б не браўся – у яго ладзілася. Мог зрабіць і печку, і воз, і хату. З 15 гадоў і да сённяшніх дзён займаецца пчоламі. Першыя навыкі абыходжання з гэтымі жывымі істотамі атрымаў пры польскім часе ў пана. І зусім нядаўна зрабіў новы вулей, хаця ёсць праблемы са зрокам. Бо некалькі год таму назад, у выніку няшчаснага выпадку, страціў вока. А яшчэ Анатоль Іосіфавіч лічыць, што пчолы дапамагаюць прадоўжыць жыццё. Цікава, што не маючы навуковых ведаў, ён з асабістых назіранняў зрабіў выснову, што там, дзе пчолы – там даўгалецце. І ў гэтым ёсць доля ісціны. Як правіла, пчолы кусаюць любога пчаляра і не раз. А ў тым месцы, дзе адбываецца ўкус на целе – абменна-акісляльныя працэсы ідуць у паскораных тэмпах. І такім чынам, клеткі арганізма амаладжаюцца – а гэта значыць, старасць адступае. І паглядзеўшы на тую рухавасць Анатоля Іосіфавіча, паслухаўшы яго жарты і разумныя развагі – нават не верыцца, што яму пайшла другая сотня гадоў. На пытанне, што дапамагала жыць – адказаў: “Я вельмі ўдзячны Богу за таленты, якія ён мне даў. Што не вазьму – усё зраблю. Мне трэба толькі падумаць – як пачаць нешта, а потым усё як бы само сабой ідзе. І кожны дзень і раніцай, і вечарам перад сном, я чытаю малітвы – гэта для мяне ўжо закон. І калі бываю ва Уселюбе, магу зайсці і ў касцёл, і ў царкву. Бо маці ў мяне была каталічка, а бацька – праваслаўны. Калі не будзеш верыць у Бога – нічога добрага не атрымаецца. І яшчэ... калі ідуць добрыя думкі – то і яны дапамагаюць жыць”. Калісьці, скончыўшы сем класаў польскай школы, Анатоль Іосіфавіч паступаў у духоўную семінарыю, але не хапіла аднаго бала. І не скардзіцца, што так склаўся лёс.
Параўноўваючы жыццёвыя шляхі Гукіша Івана Іванавіча і Грэйбы Анатоля Іосіфавіча, можна знайсці ў іх шмат падобнага – усё жыццё яны працавалі фізічна, не курылі, не злоўжывалі спіртнымі напоямі, жылі са сваімі жонкамі да старасці. І заўсёды праяўлялі цікавасць да жыцця. Да гэтага часу Грэйба А. І. выпісвае часопіс “Хозяин” і газету “Дамашні доктар”. А яшчэ трэба зазначыць, што абодва яны – адкрытыя для кантактаў з людзьмі – любяць пагаварыць і паслухаць самі, даведацца пра нешта цікавае. На маю прапанову зрабіць фотаздымкі, Іван Іванавіч не думаючы адказаў: “А я не супраць”. З задавальненнем пазіраваў і Анатоль Іосіфавіч. Іх дваіх хвалявала толькі адно, што не ў святочных касцюмах. Бо сустрэчы гэтыя былі без папярэдніх дамоўленасцей.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: