6 кас 2007 г.

Чараўніцы



У вёсцы Шчорсы, што знаходзіцца больш як за два дзесяткі кіламетраў ад Навагрудка, калісьці была знакамітая бібліятэка Храптовічаў. Відныя палітычныя і культурныя дзеячы, у тым ліку і Адам Міцкевіч, былі яе наведвальнікамі. Бібліятэкі ўжо даўно няма, але, магчыма, той дух асветы і прыгажосці рассеяўся па навакольных землях. Бо недарэмна ў гэтым куточку Навагрудчыны жылі і жывуць цікавыя і творчыя людзі – спевакі, рукадзельніцы, цесляры.

Зоя Аркадз’еўна Скрыба – адна з такіх творчых асоб. Па спецыяльнасці Зоя Аркадз’ўна – бухгалтар, але займаецца справамі, якія зусім далёкія ад матэматычных лічбаў. Працуе гэтая жанчына ў вёсцы Харосіца загадчыцай клуба. Менавіта яна сабрала маладых дзяўчат і арганізавала колькі год таму назад самадзейнае аб’яднанне “Чараўніцы”. Так, у гэтым клубе дзяўчаты мадэліруюць і шыюць самую незвычайную вопратку, якую пасля з задавальненнем дэманструюць на розных конкурсах, фестывалях. Прыкметна тое, што адзенне ствараецца не толькі са звычайнай тканіны. Напрыклад, для паказу авангарднай калекцыі выкарыстоўвалі і такі спадручны матэрыял, як пластыкавыя бутэлькі, наклейкі, абгорткі, цэлафанавыя пакеты і гэтак далей. А вось калекцыю “Льняныя цуды”, бяспрэчна, аздобілі элементы з жоўтай саломкі.



– Зоя Аркадз’еўна, скажыце калі ласка, якую мэту Вы хацелі ажыццявіць пры стварэнні такога аб’яднання?
Канешне, я не ставіла мэтай прыгожа апарануць дзяўчат. Для мяне было вельмі важна проста прывіць ім добры густ. Дзяўчаты – будучыя жанчыны, мамы і хацелася б, каб яны заўсёды ўмелі гарманічна апранацца. Акрамя таго, хацелася б, каб кожная з іх ў любым асяроддзі магла адчуваць сябе асобай. І гэта, я лічу, вельмі важна, каб у іх не было закамплексаванасці.
– А адкуль у Вас бяруцца ідэі?
Дзеці... у іх з маленства закладзена вельмі многа... яны проста ўсе фантазёры. Потым, ў дарослых гэта ўсё прытупляецца. А ў іх настолькі ўсяго многа ў душы, што застаецца толькі іх слухаць і нешта браць. Пасля дабавіць, магчыма, штосьці сваё...



– Скажыце, а ў якіх накірунках, акрамя авангарднага, вы працуеце яшчэ?
У нас ёсць джынсавы стыль; адзенне паўсядзённага накірунку, пачынаючы ад начных сарочак і завяршаючы дзелавой вопраткай. Было ў нас такое мерапрыемства – сваеасаблівы сцэнарый – калі дзяўчына падымаліся з ложка пад музыку, а потым як бы пераўвасаблялася на працягу дня. Праўда ёй дапамагалі і іншыя дзяўчынкі. Спачатку дэманстраваўся халат, потым сукенкі, пасля дзелавая вопратка і нарэшце, вечаровыя мадэлі.
– А дзе вы паказваеце свае калекцыі?
Мы часта самі арганізуем свае выставы – мы ўдзельнікі розных свят на тэрыторыі свайго сельсавета, нас запрашаюць на раённыя і гарадскія святы. Нядаўна было запрашэнне і ў Мінск, але так склаліся абставіны , што ў нас не атрымалася паехаць.




– А якія планы ў “Чараўніц”?
У гэтым годзе быў конкурс абласных аб’яднанняў. Дзяўчынкі вельмі ўдала выступілі і паказалі шыкоўнае мерапрыемства. І абласное кіраўніцтва нам прапанавала рыхтавацца да абароны звання ўзорнага калектыву. Рыхтуемся да абароны і, канешне, будзем рыхтаваць новую калекцыю.




А наконт таго, ці падабаецца школьніцам займацца ў “Чараўніцах” і як яны адчуваюць сябе ў адзенні створаным сваімі рукамі – адна з удзельніц у прыгожай зялёнай сукенцы Каця Песнікевіч адказала: “У гэтым убранні я адчуваю сябе проста каралевай”. І гэтыя словы дзяўчыны прагучалі, як найлепшая адзнака за крапатлівую працу свайму кіраўніку – Зоі Аркадз’еўне Скрыба. Паралельна трэба дадаць, што Зоя Аркадз’еўна прывівае дзяўчатам добры густ не толькі ў дачыненні да адзення, але і да музыкі. І ў мінулым годзе яна, нягледзячы на сваю бухгалтарскую адукацыю, падрыхтавала Кацю Песнікевіч, як эстрадную спявачку да абласнога конкурсу, дзе маладая выканаўца была ўзнагароджана дыпломам. І сапраўды, слова “Чараўніцы” у поўнай меры адпавядае і знешняму выгляду ў унутранаму стану ўдзельніц гэтага самадзейнага калектыву.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: