6 кас 2007 г.

Усё пачалося з цюльпанаў


Кветкі, пачынаючы з далёкіх часоў, ігралі заўсёды немалаважную ролю ў жыцці розных народаў – яўрэяў, персаў, егіпцян, грэкаў, рымлян, кітайцаў, арабаў і індусаў. Яны служылі ўпрыгожваннем алтароў і банкетаў, адыгрывалі пэўную ролю ў войнах, былі лекамі.


У жыцці Галіны Ізмаілаўны Шчансновіч кветкі прысутнічалі з самага маленства. А зараз яе дом проста “патанае” ў моры кветак. І цвітуць яны з самай ранняй вясны, калі толькі сыдзе снег і да самых маразоў, калі ў небе замільгаюць першыя сняжынкі. Нарцысы, цюльпаны, гіяцынты, прымулы, стылы, лілеі, хоста, асцільба, вяргіні, хрызантэмы, ружы – усё проста немагчыма пералічыць. На кветніках – сотні раслін.


Нарадзілася Галіна Ізмаілаўна ў сям’і ветурача, недалёка ад хутара Завоссе. Менавіта каля таго Завосся, дзе з’явіўся на свет і вялікі паэт Адам Міцкевіч.
“ Усё пачалося з цюльпанаў – успамінае Галіна Ізмаілаўна. - Мая бабуля была добрай агародніцай і гандлявала агароднінай, яблыкамі. У нас былі добрыя гатункі садавіны. І вось аднойчы яна прывезла з базара ў насавой хустачцы маленькія цыбулінкі цюльпанаў. Мы іх пасадзілі і, калі яны зацвілі - проста не маглі налюбавацца. І наогул, бабуля часта вязла на возе з горада дамоў то альвас, то фікус, то нешта яшчэ”.


Акрамя бабулі, значную ролю у тым, што Галіна звязала сваё жыццё з кветкамі, адыграла яшчэ адна жанчына з Ленінграда ( зараз Санкт-Пецярбург), якая прыехала ў сям’ю Шчансновічаў , каб закупіць сажанцы самых лепшых гатункаў яблынь. Гэтая жанчына вадзіла, тады яшчэ малую Галіну ўсюды за сабой – у лес, у поле, на луг і знаёміла з раслінамі. Вось так яшчэ ў дзяцінстве быў зроблены выбар на прыгожае. Пасля Гарадзішчанскай школы, скончыла Беларускі тэхнічны універсітэт – лесагаспадарчы факультатэт і стала інжынерам-азеляніцелем.


Працавала майстрам у Навагрудскім зеленгасе. Два гады адпрацавала таксама ў музеі Адама Міцкевіча навуковым супрацоўнікам – гэтаму паспрыяла добрае веданне польскай мовы. Але без кветак яна проста не ўяўляе сваё жыццё. Апошнім часам пачала займацца і хвойнымі кустарнікамі. Зараз Галіна Ізмаілаўна – індывідуальны прадпрымальнік. І ўсе жадаючыя мець у сваім агародзе прыгожыя кветкі могуць зрабіць у яе нават заказ па тэлефоне 8 -01597( 2-02-72).


СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: