12 кас 2007 г.

Любоў да вышыўкі – праз усё жыццё


Любоў да вышыўкі Марыя Міхайлаўна Касцюк пранясла праз усё сваё жыццё. У яе хаце на сценах вісяць побач з вышытымі нядаўна карцінамі і ручныя работы, якім ужо болей, як сорак гадоў.


Нарадзілася Марыя Міхайлаўна у вёсцы Масцішчы. Як і многія яе равеснікі таго пакалення рана засталася без бацькі. Бацька загінуў у пачатку вайны, калі Марыі
споўнілася ўсяго толькі паўтара года. Скончыўшы ў пасляваенныя гады школу, пайшла працаваць спачатку у брыгаду на паляводства. А потым скончыла ў Навагрудку пры Райспажыўсаюзе курсы павароў. І дваццаць тры гады адпрацавала поварам у дзіцячым садку. Зараз на пенсіі.


“Вышываць, вязаць – я вучылася ад маці. У яе былі залатыя рукі – усё яна умела рабіць вельмі спрытна. І я вышывала найчасцей, калі была маладой, на вячорках. Нас збіралася многа дзяўчат – і кожная нясла нешта сваё: хто вышыўку, хто вязанне і г. д. Вучыліся нечаму адна ў адной” – успамінае Марыя Міхайлаўна.


А тэмы яе вышытых карцін у асноўным – жывёльны і раслінны свет: прыгожыя бусляняты, загадкавая жар-птушка, маладыя алені, шыкоўны букет бэзу – усё гэта прыдае пакоям дома своеасаблівы каларыт і стварае нейкую светлую атмасферу ўзнёсласці. Дарэчы, усе гэтыя ручныя работы добра глядзяцца у спалучэнні з тымі жывымі раслінамі, якія растуць і квітнеюць у доме Марыі Міхайлаўны – гэта і плюшчы, і з ружовымі кветкамі экзатычныя алеандры, і шыракалістыя каалы.


Але Марыя Міхайлаўна займаецца не толькі вышыўкай. Яна выдатна робіць кручком з нітак прыгожыя карзінкі і дываны. Умее яна рабіць вырабы і на раме з цвічкамі. І рэчы атрымоўваюцца ўнікальныя. Свой талент яна перадала і сваёй дачцы, якая жыве ў Мінску. А яшчэ Марыя Міхайлаўна сказала, што, калі займаешся нейкай творчай работай – лягчэй пераносяцца ўсялякія непрыемнасці, боль, страты і сум.



Святлана Абдулаева

No comments: