4 кас 2007 г.

Мастак



Бачыць навокал прыгажосць, захапляцца ёю, здзіўляцца ёй – гэта Божы дар, які на жаль ёсць не ў кожнага. Неяк мой калега з добрай ўсмешкай сказаў:
“Вось узялі нядаўна на паляванне Грэка, так ніякага палявання не было – бо ён хадзіў і ўвесь час любаваўся кожнай палянай і кожнай бярозкай, а мы ўвесь час чакалі яго”.
Так, у Навагрудку мастака Уладзіміра Аляксандравіча Грэка ведаюць многія – усё жыццё ён працаваў з дзецьмі ў школе, у цэнтры пазашкольнай работы… Вучыў маляваць, а дакладней – вучыў бачыць прыгожае, вучыў думаць, вучыў ствараць цікавае. Працаваў ён таксама і ў гандлёвым тэхнікуме( зараз гэта ўжо каледж) – выкладаў эстэтыку студэнтам. Неаднойчы даводзілася яму перадаваць свой багаты вопыт на раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных курсах. Сакрэтамі менавіта сваіх распрацовак і методык ён шчыра дзяліўся з іншымі.



- Скажыце, любоў да мастацтва перадалася ад бацькоў?
Ой, у мяне прозвішча мастацкае… Першы жывапісец у Расіі быў Феафан Грэк. Яго запрасілі з Візантыі. Пасля былі і Дзіянісій, і Рублёў. А цяга да прыгожага перадалася ад маці. Маці была цудоўная жанчына. У тым сэнсе, што яна ўмела ўсё ператвараць у прыгожае. Не маючы адукацыі, у яе гэтае пацуццё было вельмі развітым. Яна магла ўзяць паперу, нажніцы і зрабіць цікавую рэч.
- А адкуль былі бацькі?
Маці з Магілёўскай вобласці, а бацька з Гомельскай. Хаця я нарадзіўся на Украіне. Проста тады ў гады першых пяцігодак жыццё кідала бацькоў па ўсяму былому саюзу.
- Калі пачалі маляваць ?
Маляваць я пачаў з пяці год, але ніхто мной спецыяльна не займаўся – бацькі былі заняты іншымі справамі. Што такое фарбы, ці крэйда я тады нават не ведаў. Браў тое, што пападалася пад руку. Быў вугаль – маляваў вуглём, цэгла – значыць цэглай.
- А хто быў першым настаўнікам малявання?
Не было ў мяне настаўніка, настаўніка з вялікай літары. Па вялікаму рахунку, не знайшоў я яго нават і ў інстытуце. Я ўсё жыццё шукаў настаўніка…пападаліся проста нейкія самадзейныя маляры. Адказы на ўсе пытанні шукаў сам. Але я хачу сказаць , як казаў Максім Горкі: “Усяму добраму ў сабе – я абавязаны кнігам”.
-Дзе праходзіла вучоба пасля заканчэння школы?
Я вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў Віцебску. Яно было тады адным з лепшых на Беларусі. Гэтая ўстанова дала свету многіх вядомых мастакоў, такіх наватараў, як Кандзінскі, Малевіч, Шагал. Гэта гонар віцяблян.
- Як аказаліся ў Навагрудку?
Мяне сюды накіравалі, можна лічыць, у ссылку і сказалі: “Едзь у Навагрудак і ты там нікому не будзеш патрэбны…” А паслалі з-за таго, што хацеў многа ведаць у галіне мастацтва, і асабліва з-за колера. Усюды ў праграме стаяла: колер, колерабачанне, а заняткі па гэтай дысцыпліне не праводзіліся. І прыйшлося мне самому ўсё жыццё вывучаць колер. І з дзецьмі я стаўлю вопыты. І ўсе мае вучні паступаюць вучыцца далей, а гэтыя веды мне ніхто не даў, я іх дабыў сам. У доказ таго я вёў курсы абласныя, рэспубліканскія, усесаюзныя.
- Колькі выйшла ад Вас вучняў, якія сталі прафісійнымі мастакамі?
Ой многа, вельмі многа архітэктараў. Я не лічыў, але кожны год паступае пяць-шэсць, а то і дзесяць чалавек. Асабліва, калі пачаў працаваць у цэнтры пазашкольнай работы. Мае вучні жывуць і ў ЗША, Даніі, Бельгіі і ў іншых краінах і вельмі многа ў Мінску.
-Што трэба для таго каб наладзіць з дзецьмі добры кантакт?
Самы лепшы кантак – гэта гульня. І калі твая праца ператвараецца ў гульню, то гэта незвычайная гульня і заўсёды захопліваючая. Напрыклад, гульня алоўкам: дзіця не павінна нават заўважаць, што яно працуе.
- Вы строгі настаўнік? Вы калі-небудзь павышаеце голас на дзяцей за свавольствы?
Дзяцей я люблю. Мне часта казалі, які ты педагог, што не можаш быць строгім, патрабавальным. Я ведаю адно – забаронены плод заўжды салодкі, да яго чалавек цягнецца насуперак усялякім забаронам. І я гэты плод ім даю адразу. Дзецям трэба давяраць, не трэба з імі трымаць вялікую дыстанцыю. З імі трэба быць побач, на адным узроўні – тады іх будзеш разумець.
- Калі б прыйшлося пражыць жыццё спачатку і выбіраць зноў прафесію – што выбралі б ?
Я зноў стаў бы мастаком. Можа яшчэ б музыкантам і ўсё… Быць мастаком – гэта проста здорава! Ты ствараеш свой унутраны свет і ў гэтым свеце жывеш. Такім чынам адрываешся ад рэальнага жыцця і ў цяжкія хвіліны гэта ратуе. Бо многім людзям, каб адарвацца ад праблем – трэба выпіць. Мастак жа можа проста пераходзіць з рэальнага жыцця ў свет фантазій.
- Вы згодны, што каб ствараць трэба ўмець здзіўляцца?
Гэта вельмі правільна. Бо калі чалавек здзіўляецца ўсяму – гэта цудоўны чалавек, гэта творчы чалавек. І дрэнна, калі дзяцей нішто не здзіўляе. Цікаўнасць – гэта дзіва! Я люблю дзяцей, якія ўсяму здзіўляюцца, якія ўсім цікавяцца. Паглядзіце на ўсход, ці захад сонца – яно кожны раз рознае! Ці адно і тое ж дрэва , а цвіце кожны раз па-рознаму
- Каго любіце слухаць з кампазітараў?
Мне падабаецца Бетховен, Бах…А па праўдзе, я люблю ўсю класічную музыку…і Чайкоўскага, і Мусаргскага і многіх іншых .
- Якую літаратуру чытаеце?
Перавагу аддаю ў першую чаргу гістарычнай, бо ў ёй вопыт чалавецтва.
- А ці падабаецца паэзія?
Паэзію таксама вельмі люблю – бо паэзія заўсёды поўная ідэй. Калі неабходна стварыць нейкую кампазіцыю – трэба толькі звярнуцца да паэзіі і там знойдуцца ідэі. Паглядзіце, Врубель любіў Лермантава – і на яго карцінах лермантаўскія героі. А так я вельмі люблю Пушкіна, захапляюся Ясеніным.
- Якія Вашы любімыя колеры?
Цёплыя колеры. Цёплыя колеры – гэта самыя смачныя, гэта самыя апетытныя колеры – плады спеласці. Рускі іканапіс трымаецца менавіта на цёплых танах.
- Скажыце, якое месца займае ў Вашым жыцці фізкультура?
Фізкультура – гэта радасць, гэта сіла, гэта жыццё. У дзяцінстве займаўся футболам, плаваннем, лыжамі, канькамі. У студэнцкія гады – цяжкай атлетыкай.
- Любімая пара…восень?
Так , канешне, восень. Восенню много жоўтага, а гэта колер свету, колер жыцця.
- Што цэніце найбольш ў людзях?
Дабрыню, уменне ўсё дараваць. Дзецям у школе дараваў усё і таму я сплю спакойна. Дзеці не заўсёды яшчэ могуць усё ацаніць. Зменіцца свядомасць, сутыкнуцца з жыццём і тады яны ацэняць рэальныя рэчы. Я зараз іду па вуліцы і мне ўсміхаюцца, вітаюцца са мной менавіта тыя дзеці, якія не давалі на ўроках спакою. Актыўнасць, як правіла, потым адлюстроўваецца ў рабоце.
-Як Вы лічыце, талентам трэба дапамагаць?
Безумоўна, каб талент раскрыўся, патрэбны поўныя ўмовы. Я, напрыклад, у дзяцінстве вельмі любіў музыку, але раскрыцця таленту не атрымалася, памяшаля беднасць. Канешне, яшчэ патрэбны Божы дар. Талентам трэба дапамагаць абавязкова. Уявіце сабе, колькі было ў Расіі мастакоў, але каб не мецэнаты, такія як Шчукін, Трацякоў, каб не багатыя купцы, не было б і мастацтва, а так, колькі карцін удалося захаваць дзякуючы толькі аднаму Трацякову. Талентам трэба абавязкова дапамагаць!

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: