4 кас 2007 г.

Я пражыў цікавае жыццё



Назваць жыццёвы шлях Анатоля Сямёнавіча Шахрая лёгкім і простым было б недакладна, бо перапляліся ў яго лёсе не толькі яркія і шчаслівыя моманты, але і сумныя, драматычныя падзеі, ды безумоўна адно – ягонае жыццё не было ніколі шэрым.
“ Я пражыў добрае жыццё і не кожнаму такое дадзена, – гаворыць Анатоль Сямёнавіч, – і канешне, восем гадоў працы на кінастудыі “ Беларусьфільм” былі самымі шчаслівымі”.
Але якімі толькі лабірынтамі не выпала прайсці да сваёй мары!

Нарадзіўся Анатоль Сямёнавіч на Міншчыне, ў вёсцы Юзафова, што каля Заслаўля. З дзяцінства захапляўся спевамі, літаратурай. У школьныя гады сам пісаў вершы, якія друкавалі розныя рэспубліканскія выданні. Шчыра радаваўся сваім поспехам, але раптам Фартуна адвярнулася ад маладога паэта. Другі сакратар ЦК КПБ абвінаваціў маладога аўтара ў плагіяце. Навісала нават пагроза турэмнага зняволення, але выратавала тое, што быў непаўналетнім. Той страшны паклёп моцна раніў незагартаваную душу і з таго часу вершы больш ўжо не пісаліся.
Пасля заканчэння школы малады юнак паступіў на аддзяленне спеваў, што было пры тэатры оперы і балета. “Я добра спяваў і мяне туды адразу залічылі, – узгадвае Шахрай. Але не паступіў мой сябар. І я дзеля сяброўства ахвяраваў сваім талентам – забраў дакументы. А вось у профтэхвучылішча будаўнікоў нас прынялі абодвух. Але хутка зразумеў, што гэта не маё”. Вярнуўся у калгас. Потым скончыў вучылішча механізацыі ў Уздзе. Працаваў трактарыстам, камбайнёрам – быў усюды перадавіком сельскай гаспадаркі. Пасля скончыў аўташколу, а затым яшчэ і курсы механікаў кіслародна-зарадных здабываючых установак. Але займацца такой складанай справай, як дабыццё кіслароду з паветра для самалётаў не давялося – засталіся толькі тэарытычныя веды.
Потым былі гады службы ў Арміі. І ўсюды , дзе б ні вучыўся, ці дзе б не працаваў гэты сціплы чалавек – яму давяралі аднакласнікі, калегі, падначаленыя. Бо яшчэ ў школе ён быў выбраны піянерважатым, старастай класа, старастай групы ў вучылішчы, брыгадзірам у калгасе, сяржантам у Арміі. Ён усюды карыстаўся непахісным аўтарытэтам. Пасля Арміі працаваў некалькі месяцаў на машыне хуткай дапамогі ў Мінску.
Але не пакідала мара аб працы ў кіно – менавіта дзейнасць у гэтай сферы прываблівала больш за ўсё. Акрамя таго, хацелася пабачыць свет, хацелася падарожжаў. А работа на кінастудыі звязана заўсёды з экспедыцыямі пад час здымкаў. Вось так Анатоль Сямёнавіч аказаўся на кінастудыі “ Беларусьфільм”, дзе быў прыняты на працу, як асвятляльнік, а пасля, як вадзіцель здымачных ігравых машын. Дубліраваў ролі тых акцёраў, якія не ўмелі, ці не маглі выконваць складаныя віражы. Першая экспедыцыя была на Украіну, калі здымаўся фільм “Сколько лет, сколько зим”. А вось у Сочы, дзе здымаўся фільм “Чорнае сонца “ нашаму земляку давялося зняцца нават, як акцёру. У кінакарціне ён іграў ролю белага наёмніка. Ліха ездзіў на прыгожым “ Джыпе”. “Я ж нічога акцёрскага не скончыў, пагэтаму мне было крыху складана іграць гэтую ролю, – прызнаецца Анатоль Сямёнавіч. Але зрабілі з дзесятак дубляў і ўсё атрымалася. На жаль, фільм тады не выпусцілі на экран па палітычных матывах. А самы дарагі і любімы фільм – гэта, безумоўна, “Альпійская балада” па кнізе Васіля Быкава. Здымкі праходзілі ў Калінінградзе, Беларусі, на Каўказе. Я проста ўлюбёны з таго часу ў горы. А прыгажосць Каўказа немагчыма перадаць словамі – там такая чысціня паветра, прыгожыя альпійскія лугі. І як спяваў Уладзімір Высоцкі: “Лучше гор могут быть только горы…”. Дарэчы, Шахраю давялося працаваць разам і з Высоцкім, які агучваў сваімі песнямі фільмы Віктара Турава “ Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”.
І менавіта тут, на Навагрудчыне, на возеры Літоўка, падчас здымкаў кінастужкі “Сыны ідуць у бой” у 1969 г Анатоль Сямёнавіч і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Стаўшы сямейным чалавекам, пераехаў у Навагрудак, дзе і працаваў да пенсіі таксістам. Ну а тыя мінулыя гады ўспамінаюцца зараз з цеплынёй. А ўспомніць ёсць аб чым – бо даводзілася сустракацца з рознымі рэжысёрамі, акцёрамі, пісьменнікамі, спевакамі. Вялікай пяшчотай навеяны яго ўспаміны пра Васіля Быкава. “Гэта быў вельмі добры і сціплы чалавек. Ён неяк не быў падобны на пісьменніка. Многія нават не ведалі, хто ён. І Быкаў ніколі сам пра гэта не нагадваў. Быў інтэлегентны і дабразычлівы. Але, калі рэжысёры нешта рабілі не так, як павінна было быць па сюжэце ягоных кніг, то, канешне, ён патрабаваў вярнуцца да аўтарскага варыянту. І часта казаў: “Мне не патрэбны эфекты, мне патрэбна праўда”. Не выдзяляўся нічым асаблівым і УладзімірВысоцкі – вёў сябе заўсёды проста. Прыехаўшая да яго сюды ў Навагрудак Марына Владзі, таксама не паказвала ніякай фанабэрыі. Высоцкі, безумоўна, быў вельмі таленавітым, не развітваўся з гітарай і многа спяваў. Але часта можна было бачыць яго і задуменным – здавалася, што ён ўвесь час нешта стварае ў сваёй галаве…
Ад Алега Янкоўскага, з якім таксама прыходзілася працаваць, засталіся непрыемныя ўражанні. Тады ён быў запрошаны на галоўную ролю ў фільм “Я, Георгій Скарына”. Але нягледзячы на тое, што быў ён толькі пачынаючым акцёрам – да ўсіх адносіўся з пагардай, ні з кім нават не вітаўся і не лічыўся. І супрацоўнікі кінастудыі не любілі яго. А вось першага ў Беларусі рэжысёра Корж-Сабліна немагчыма ніколі забыць. Гэта быў чалавек з вялікай літары – яго любілі, паважалі, у яго вучыліся і слухалі ўсе, у тым ліку і я” – распавёў былы кіношнік.
На маё пытанне, ці лёгка было працаваць пасля кіно таксістам, Анатоль Сямёнавіч адказаў, што для гэтага таксама патрэбен своеасаблівы талент.
“Прыходзілася вазіць і жулікаў, і свяшэннаслужыцеляў, і прафесароў і рабочых, і да кожнага патрэбен быў свой падыход, ды і не толькі падыход… бо выпадкі бывалі розныя. Помніцца, дацэнт запрасіў да сябе ў госці; свяшчэннік хацеў пасватаць сваю дачку; а было, што бандыты накінулі пятлю на шыю, але дзякуючы спартыўным навыкам здолеў выратавацца…Што ж датычыцца пытання, ці не шкадую, што пераехаў у Навагрудак? – адкажу адназначна – не! Я быў аматарам палявання і рыбалкі, я столькі тут абхадзіў і аб’ездзіў мясцін! Люблю прыроду, бо гэта таямніца, якую людзі не змогуць разгадаць да канца. Я пражыў цікавае жыццё і не аб чым не шкадую!”

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: