6 кас 2007 г.

Творчыя сустрэчы

Звычайна ў людзей са словам “музей” асацыіруюцца такія паняцці, як дакладныя дакументы, маўклівыя экспанаты і, можа, экскурсавод. І таму асабліва прыемна, што Навагрудскі гісторыка - краязнаўчы музей, акрамя свайго першаснага прызначэння – знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй, набывае статус своеасаблівай творчай лабараторыі. Тут апошнім часам перыядычна праводзяцца творчыя сустрэчы з літаратарамі, мастакамі і г. д. Прыкметна тое, што не толькі прыезжыя госці, але і менавіта маладыя таленты нашага горада маюць магчымасць заявіць пра сябе. Для любога творцы вельмі важна, каб у яго былі слухачы ці гледачы – гэта заўсёды натхняе і стымулюе.


Так у нядзелю, 30 верасня тут адбылася творчая сустрэча з маладым (у сэнсе літаратурнага вопыту) літаратарам Міхаілам Зізюком.

Нарадзіўся Міхаіл у Петрыкаўскім раёне Гомельскаў вобласці. Скончыўшы ваеннае вучылішча ў Навасібірску і адслужыўшы пяць год у Хабараўску, пераехаў у Навагрудак. Зараз ён індывідуальны прадпрымальнік.


Першымі пробамі пяра, як прагучала ў яго прызнанні, былі казкі пра сваіх аднавяскоўцаў, якія пісаў яшчэ ў школьныя гады. Піша на беларускай і рускай мовах. У 2005 годзе газета “Звязда”, калі праводзіўся конкурс апавяданняў, надрукавала яго першае апавяданне “Цяпло яе сэрца”. У 2006 годзе ў гэтай жа газеце было надрукавана яго апавяданне “Вось такое жыццё”. На конкурс у 2007 годзе ім адпраўлены новы твор “ Горад быў поўны бэзам”. Акрамя апавяданняў, зараз Міхаіл дапрацоўвае свой раман “Выстрел отшельника”.

Працуе ён паралельна таксама і над сюжэтам дэтэктыва, які плануецца быць у трох частках. А адно з выдавецтваў павінна выпусціць напрыканцы восені яго першую кніжку. Тэмы ж літаратурных проб – гэта сучасная рэчаіснасць і фантастычныя падзеі. Усе сюжэты выдуманы - а вось многія героі - гэта узятыя з рэальнага жыцця асобы – самыя каларытныя фігуры. Некаторыя з іх – былыя супрацоўнікі Міхаіла.

Вось менавіта пра гэта ўсё і распавёў аўтар сваім слухачам.
Важна і тое, што на падобныя сустрэчы прыходзіць і моладзь, хаця яе звычайна больш вабяць дыскатэкі ці кафэ. І тое, што музей становіцца месцам, якое прыцягвае не толькі сталых, але і маладых людзей - гэта радуе.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА


No comments: