8 кас 2007 г.

Самы галоўны турнір

Рэдка якая маладая дзяўчына не марыць аб сустрэчы аб з высакародным рыцарам на сваім жыццёвым шляху, каб стаць шчаслівай. Так, у рыцарскім асяродку былі выпрацаваны ідэалізуючыя рыцарства паняцці аб высакароднасці, гонары, абавязку. Адсюль паходзіць пераноснае значэнне: рыцар самаахвярны, высакародны, шляхетны чалавек. Першыя звесткі пра рыцарства адносяцца да канца дзесятага стагоддзя. У тыя часы пад рыцарамі мелі на ўвазе катэгорыю ваенных слуг (пераважна конных), якія з’яўляліся васаламі.
Само слова “ рыцар” паходзіць ад нямецкага Ritter і першапачатковае яго значэнне было “коннік”. Галоўную ролю ў сацыяльнай дзейнасці рыцарства займалі войны, забяспечваючыя захоп новых уладанняў і ваеннай здабычы. Для рыцара лічылася абавязковым адвага і смеласць, вернасць свайму сеньёру, абарона нямоглых нашчадкаў рыцарскага роду.
І тое, што ў старажытным Навагрудку, якому не аднойчы даводзілася абараняцца ад іншаземных захопнікаў, 25 снежня 2000 года быў створаны ваенна-гістарычны клуб “ Мэта” не выпадкова. Гэта было наканавана самім жыццём. Бо Навагрудак – былая сталіца Вялікага княства Літоўскага, як і іншыя старажытныя гарады, мае багатую гісторыю, якая звязазана непасрэдна з побытам сярэдневечнага рыцарства.


Пра стварэнне і дзейнасць рыцарскага клуба расказвае яго стваральнік і князь Андрэй Емельянчык:
- Андрэй, раскажы крыху пра сябе і як узнікла думка аб стварэнні клуба?
Я нарадзіўся ў Полацку, але амаль усё маё жыццё звязана з Навагрудкам. Калісці бацька прыехаў сюды працаваць у гаркам і вось такім чынам я аказаўся тут . Падчас службы ў арміі на Поўначы бачыў казацкі клуб. І тады ўжо хацелася стварыць нешта падобнае. Тым больш, што з дзяцінства падабалася рабіць мячы, шпагі. І вось пасля першага фэсту сярэдневечнай культуры ў 2000 годзе ідэя стварэння клуба акрэслілася канчаткова. Знайшліся сябры, якія мяне падтрымалі.
- З таго часу склад удзельнікаў змяніўся?
- Так, частка людзей адсеялася, але ў нас заўсёды ёсць касцяк, тых на кім усё трымаецца. У нас ёсць статут клуба; апошні дзень кожнага месяца мы збіраемся на Вечавы сход, дзе абмяркоўваем свае планы, вырашаем нейкія арганізацыйныя пытанні.
- Ці многа часу патрабуе выраб аднаго даспеха?
- Калі ёсць грошы на матэрыял і многа вольнага часу – прыкладна паўгода. Усё ж робіцца ўручную! Уявіце сабе, на адной толькі пальчатцы можа быць 50 заклёпак, а то і 70. У многіх не хапае цярпення, і людзі адыхадзяць ад гэтай справы. Таму для кожнага нашага рыцара самай першай перамогай з’яўляецца перамога над сабой – гэта самы галоўны турнір.
- Каб зрабіць даспехі патрэбны пэўныя веды, нейкія навыкі. Адкуль вы атрымоўваеце інфармацыю?
- Купляем кніжкі пра рыцарства. На першых парах помог з літаратурай Ігар Міхно. Што ж датычыцца раскрою абутку, які называецца салярэты, гэта рабіў па памяці. Проста падчас правядзення фэсту, я звяртаў увагу, як абуты рыцары, на пакрой, і стараўся запомніць. Такім жа чынам вырабляўся і металічны сабатон, які накладваецца паверх салярэт.
- А ў чым адрозненне даспехаў усходніх і заходніх воінаў сярэдневечча?
- Па ступені абароненасці і важкасці – яны прыкладна аднолькавыя. Іншая справа, што амуніцыя выбіраецца з улікам пэўных мэт. Скажам, даспехі разлічаныя толькі на абарону. Але тут можа ўлічвацца і неабходнасць у рухавасці, альбо ўлічвацца фізічны стан воіна.
- Пэўная і асаблівая сістэма рыцарскага выхавання забяспечвала некалі неабходную фізічную закалку будучых рыцараў. А ці не цяжка сучаснаму маладому чалавеку апранаць на сябе такі жалезны касцюм?
- Так, вага аднаго такога жалезнага”касцюма” каля 50 кг. І, канешне, адразу гэта крыху зрабіць складана. Я “прымяраўся” першы раз да такой вопраткі прыкладна тыдзень. Спачатку сядзеў па паўгадзіны нерухома, потым вучыўся рухацца.
- За час існавання клуба, дзе даводзілася выступаць?
- Неаднаразова даводзілася прымаць удзел у святах у Нясвіжы, Міры, Гродна, Баранавічах. Так у 2001 годзе мы прынялі удзел у першым нацыянальным рыцарскім турніры “меч Гедыміна” г. Мядзелі. У маі 2002 года была выстава даспехаў, зброі і ўбораў сярэдневечча ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі. У 2003 годзе клуб “Мэта” быў задзейнічаны ў фэсце культуры”Нясвіжскі замак”у Нясвіжы. У 2004 годзе прынялі ўдзел у фэсце славянскіх адзінаборстваў у Гродна. У чэрвені 2004 года падчас святкавання 960-годдзя старажытнага Навагрудка наш клуб паказваў праграму “Рыцарства жыве і сёння”. І камісія ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама прысвоіла калектыву званне “народны”.
- Які ўзрос рыцараў клуба?
- Узрост самы розны – ад 18 да 35 гадоў.
- А якое было апошняе мерапрыемства, ў якім вы прынялі ўдзел?
- Нядаўна мы ездзілі ў Баранавічы, у мястэчку “Жамчужны” адбыўся ІІ фестываль “Жамчужны -2007” Дарэчы, іх першы фестываль праходзіў пад маім патранажам.
- Так ужо павялося ў нашым грамадстве, што звычайна слова “рыцар” асацыіруецца са словам “высакародны”. Скажы, Андрэй, а вось у тваім уяўленні, якія асноўныя рысы павінны быць у дамы рыцара?
- Я лічу, што такая жанчына павінна ўмець дараваць. Бо ідэалізаваны, рамантычны рыцар - гэта адно. А ў рэальнасці – рыцар, гэта ў першую чаргу – воін, які прымае ўдзел у баявых дзеяннях. А гэта і кроў, і,магчыма нейкія другія грахі. Таму жанчына павінна ўмець дараваць многае – а гэта можа не кожная жанчына.
- А якія турбуць найболей праблемы?
- Праблемы ў нас , канешне, ёсць. Але самыя галоўныя – гэта фінансавыя праблемы і дэфіцыт матэрыялаў. Нам патрэбны ў асноўным матэрыялы натуральныя, а выбара амаль няма. Ёсць,напрыклад, сукно, але толькі двух колераў, што зусім недастаткова. Не здабыць натуральнай шкуры - цэлая праблема.
- А што ў планах на бліжэйшы час?
- Рыхтуем збор рыцарскіх клубаў у Любчы. Магчыма, назавём гэтае свята “Любчанскі замак”. Хочам запрасіць рыцарскія клубы з Пінска, Маладзечна, Мінска, можа яшчэ аднекуль. І хто ведае,можа гэтае свята стане традыцыйным. Я яшчэ ёсць у мяне запаветная даўняя мара - змайстраваць лодку, а яшчэ лепей - тры лодкі. Паставіць іх караванам , спусціцца да Балтыкі і па Дзвіне паднацца да Полацка. І я веру, што ў хуткім часе гэтая мара здзейсніцца.
СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: