5 кас 2007 г.

Літаратура - гэта святое



Псіхолагі лічаць, што практычна ўсе людзі надзеляны нейкімі здольнасцямі ці талентамі ў пэўнай сферы грамадскага жыцця. Толькі ў адных гэтыя “божыя іскры” запальваюцца ў раннім дзяцінстве, у другіх у сталым узросце.А бывае, што чалавек пражывае ўсё жыццё і не ведае – на што ён здольны.

- Вольга, скажы, а як у цябе праяўляліся літаратурныя здольнасці?
- Я спрабавала рыфмаваць словы яшчэ, напэўна, у пачатковых класах, а можа нават і ў дзіцячым садку. Вершы пісала ўжо ў пачатковых класах, але нікому не паказвала і не гаварыла пра гэта. Маёй першай слухачкай была бабуля, якой я прачытала свой верш упершыню. Потым бабуля расказала маме. Потым я крыху асмялела і ўжо пачала паказваць у школе. І толькі потым аднясла ў рэдакцыю газеты “Новае жыццё”.Дарэчы, у школе мне вельмі доўга не верылі, што я пішу сама. І часта нават зніжалі адзнакі за сачыненні, таму што ў мяне былі нейкія свее вобразы, свае незвычайныя меркаванні. Многія лічылі, што я спісвала ў класікаў.


- Скажы, а ты памятаеш свой першы верш? Аб чым ён быў?
- Так, я, канешне, памятаю… Якраз перад маім днём нараджэння ў мяне быў нейкі сваеасаблівы настрой. Я адразу сама не разумела, што са мной адбываецца. Тады яшчэ быў лістапад, але ўжо адчувалася дыханне зімы. І гэтае прадчуванне адлюстравалася ў вершы “Зіма”.
- А які прадмет у школе быў самым любімым?
- Безумоўна, літаратура! Літаратура для мяне - гэта святое. Я вельмі многа чытала. Хацелася атрымоўваць па гэтым прадмеце самыя высокія адзнакі.
- А хто твой самы любімы паэт?
- Я вельмі люблю Лермантава і Пушкіна. Проста зачытваюся іх творамі. Я магу перачытваць некалькі разоў. І, менавіта, Пушкін мне “дапамог” у тым, каб мне паверылі, што я ўсе сачыненні пішу сама. У дзесятым класе я напісала эсэ на тэму, як таццяна ўбачыла Анегіна і якія яе перапаўнялі пачуцці. Прачытала эсэ ў класе і ўсталявалася поўная цішыня. Праз некалькі хвілін настаўніца запытала: “Вольга, скажы праўду, гэта ты ўсё пісала сама?” Пачуўшы сцвярджальны адказ, яна мне паставіла “дзесятку” за сачыненне.

- Акрамя паэзіі, што ты чытаеш яшчэ?
- Я вельмі люблю кнігі па філасофіі і псіхалогіі. У прынцыпе, кнігі – маё хобі. Акрамя кніг трохі захапляюся ігрой на гітары.
- Паколькі ты закранула тэму музыкі, скажы, якой музыкай ты захапляешся?
- Найбольш мне падабаецца шансон і рок.
- А сама ты прымаеш удзел у канцэртнай дзейнасці?
- Канешне, у сельгаскаледжы, дзе я вучылася, я была актывісткай у гэтай справе. Даводзілася часта чытаць вершы, у тым ліку і свае. Дапамагала пісаць сцэнарыі, выконвала песні.
- Як адносяцца сябры да тваіх заняткаў літаратурнай творчасцю?
- Яны мяне проста паважаюць за гэта. Мне прыемна.
- Якія ў цябе планы на будучыню?
- Я зрабіла памылку, што паступіла ў сельгаскаледж – гэта не маё. І зараз я мару паступіць на журфак. Пастараюся прыкласці ўсе намаганні, каб гэтую мару ажыццявіць. Ну а яшчэ – хачу напісаць кнігу. Пакуль дакладна не ведаю аб чым. Ведаю толькі, што там будзе цікавы сюжэт. І пэўныя ідэі ўжо выкрэсліваюцца. Хацелася б стварыць і зборнік паэзіі.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: