8 кас 2007 г.

Любімыя мае сабачкі


У маленькай вёсцы з дзіўнай назай Рэцемля жыве цудоўная жанчына, якая майструе прыгожыя мехавыя цацкі.
Нарадзілася Ганна Уладзіміраўна Лішко ў канцы 1945 года ў суседняй вёсцы Басіна. У Рэцемлі скончыла сем класаў школы і адразу пайшла працаваць на ферму. Бо калі ёй было толькі трынаццаць – год памёр бацька. На вайне, будучы партызанам, ён быў паранены. І з асколкам у лёгкіх доўга не пражыў. І Нюра ( так завуць яе знаёмыя і аднавяскоўцы), вымушана была ісці дапамагаць маці зарабляць грошы, каб утрымаць сям’ю. Акрамя працы на ферме яна яшчэ даглядала сваіх малодшых сясцёр і братоў. Таму вучыцца далей не атрымалася, хаця ў школе вельмі любіла матэматыку.


Першымі яе пашытымі цацкамі былі лялькі. У школьныя гады майстравала і цацкі на ёлку. Пасля паступова навучылася шыць і забаўных пеўнікаў, і сімпатычных сабак, і прыгожых львоў, і безалаберных малпаў. Усе выкрайкі рабіла сама, нешта знаходзіла ў часопісах. Дарэчы, Ганна Уладзіміраўна робіць не толькі мягкія цацкі – яна яшчэ і прыгожа вышывае. І яе вышыўкі на сценах прыдаюць пакоям утульнасць.


А творчыя здольнасці, як яна лічыць сама, ёй перадаліся ад бацькі. Ён быў шаўцом – таксама кроіў і шыў – толькі больш практычныя рэчы. Усе цацкі, зробленыя рукамі гэтай жанчыны, маюць вельмі лагодны і добразычлівы выгляд. Размясціўшыся на шафе, крэслах, дзіване – яны, як бы выпраменьваюць дабрыню і цяпло. І фарбы ў іх пераважна светлыя.


“Я вельмі люблю лета. Люблю цяпло. Калі цяпло – тады заўсёды добра” – прызналася Ганна Уладзіміраўна. І недарэмна ў яе нават дом пафарбаваны ў ружовы колер – колер цёплы і светлы. А свае цацкі гэтая умельца дарыць і сваім блізкім, і унукам, і аднавяскоўцам. З цацкамі яна аддае і цяпло сваёй душы.


На пытанне – якія персанажы ёй самой найболей падабаецца шыць, адказала, што болей за ўсё любіць майстраваць сабачак. Бо сабачак яна любіць і жывых. І на яе падворку жывуць два дарослыя сабакі і яна марыць набыць яшчэ аднаго. А каб дварняжкам было весялей, Ганна Уладзіміраўна пашыла і прымасціла на вуліцы каля брамачкі вялікага прыгожага льва, які нібы вартуе яе гаспадарку. Вось такая яна – гэтая сціплая вясковая жанчына з душой, поўнай фантазіі.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

No comments: