Showing posts with label музыка. Show all posts
Showing posts with label музыка. Show all posts

8 сак 2009 г.

Дывертысмент



У канцы лютага ў наш горад завітаў з канцэртнай праграмай музычны ансамбль “Дывертысмент” з горада Шчучына. Цікавы інструментальны склад ансамбля: цымбалы – Алена Русак, акардыен – Алена Арашкевіч, кантрабас – Яўген Кармільчык, скрыпка – Наталля Палуян, фартэпіяна – Зоя Аскальдовіч і Данута Бышук, ударныя інструменты – Мікалай Аскальдовіч, бубен, лыжкі – Вольга Жук (яна ж аранжыроўшчык і вядучая праграмы ансамбля).




Кіраўнік гэтага музычнага калектыву – Н.Палуян. У праграме прагучалі творы Ю.Слонава, Н.Пархаладзе, І.Кальмана, А.П’яцолы, Е.Зелянецкага, Р.Бажыліна. трэба адзначыць, што ў ансамбля есць свой акрэслены стыль і таму ўсе канцэртныя нумары прагучалі з каларытнай свежасцю. Адной з адметнасцей ансамбля можна таксама назваць “мяккую” манеру выканання. Бо нават пры вялікай гучнасці і тэмпах Allegro I Presto асобных твораў адчуваецца легкасць і вальсавая гнуткасць. А дысанансавыя рысы, амаль адсутнічаюць – усе гэта стварае пачуцце паветранай прасторы і палету душы. Таму снег за акном кружыўся ў той дзень у поўнай гармоніі з музыкай у зале
Cвятлана Абдулаева

Музыка беларускага слова


У канцы лютага ў Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў прайшла музычна-паэтычная кампазіцыя “Музыка беларускага слова”, якую праводзіла фартэпіяннае аддзяленне. На працягу вечара гучала беларускае паэтычнае слова і музыка П.Чайкоўскага, Э.Грыга, М.Шмітца, Ф.Шапэна, З.Яўтуховіча, С.Рахманінава, Я.Глебава, І.Лучанка. Сцэнарый для гэтай імпрэзы напісала выкладчык школы А.Коршун. Акрамя таго, яна сама выступала як канцартмайстар і вядучая сумесна з А.Цімко. На пачатку праграмы прагучалі вытрымкі з вершаў беларускіх паэтаў – Р.Барадуліна, В.Шніпа, Э.Акуліна, Н.Гальпяровіча. Але большая частка паэтычных радкоў была прадстаўлена вершамі навагрудскай паэткі Святланы Абдулаевай.


Беларуская паэзія ўдала перапляталася з музычнымі творамі, якія выконвалі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, выкладчыкі Т.Грынь, В.Татарчык, а таксама вакальная група “Рэчанька”. Тэмы прыроды, кахання, узаемаадносін паміж людзьмі, філасафічныя развагі пра мінулае і будучае гучалі на працягу ўсяго вечара.




24 сту 2009 г.

У музеі музыка гучыць

 
Літаральна праз пару месяцаў адзін з самых сталых музычных калектываў нашага горада адзначыць сваё 20-ці годдзе. Менавіта вясной 1989 года быў заснаваны пры Доме культуры хор ветэранаў “Радасць”. За гэты час калектыў быў удзельнікам самых розных свят і конкурсаў не толькі ў сваім горадзе і раёне, але і ў іншых гарадах вобласці, а таксама за яе межамі. Ужо болей як пяць апошніх год кіраўніком калектыва з’яўляецца Святлана Уладзіміраўна Галушкова, якая хутка знайшла ўзаемаразуменне з удзельнікамі хора, нягледзячы на свой малады узрост. - “Пакуль мне удаецца добра ладзіць з людзмі і праблем у адносінах паміж намі няма”, - адказала яна.




А што датычыцца акампаніятара, якім з’яўляецца Алег Георгіевіч Рала, то тут ужо самі удзельнікі калектыву у адзін голас сцвярджаюць, што ім проста вельмі пашанцавала. І напэўна маюць рацыю, бо Алег сапраўды з’яўляецца адным з лепшых акампаніятараў-баяністаў у вобласці. Сам па сабе хор шматлюдны калектыў, аднак трэба дадаць, што апошнім часам унутры хора сфарміравалася і выдзялілася яшчэ і вакальная група. У склад яе ўваходзяць сем жанчын, пра кожную з якіх можна доўга гаварыць асобна – гэта Н.А.Прахарэвіч, А.С. Валенцік, І.С.Латышэвіч, В.Я. Апанюк, Г.А.Мікульчык, Н.Р. Нікалаеня і К.М. Бушарава. Усе яны выдатныя гаспадыні, некаторыя з іх цудоўныя рукадзельніцы, апантанныя кветкаводы, фатографы і канешне, усе добрыя спявачкі.




Нядаўна ў Навагрудскім гістарычна – краязнаўчым музеі адбыўся сольны канцэрт гэтай вакальнай групы. Выканальніцкі склад усіх нумароў праграмы вызначыўся шматварыянтнасцю – тут прагучалі і дуэты, і квартэты, і квінтэты, і канешне, пэўная частка канцэрта прагучала ў поўным складзе вакальнай групы – усіх сямі жанчын. Усё залежыла ў першую чаргу ад тэматыкі песень. У рэпертуар гэтага калектыву ўваходзяць і рускія народныя песні і песні з рэпертуара ансамбляў “Бяседа”, “Белы дзень”, “Золотое кольцо”, а таксама песні беларускіх аўтараў. Так, з асаблівай мілагучнасцю прагучаў, напрыклад, “Клён” – прынёманскага аўтара А. Шыдлоўскага. Якога дарэчы, мне падаецца можна было б назваць “Ясеніным” Гарадзеншчыны.
 





Акрамя таго, у канцэрце прагучалі чатыры песні, якія былі створаны непасрэдна у самым калектыве. Так, Валянціна Яўлампіеўна Апанюк напісала словы і мелодыі гэтых песень, а Святлана Уладзіміраўна Галушкова зрабіла вакальную аранжыроўку – мелодыі расклала на партыі. І ўсё гэта аздобіў сваім акампанементам баяніст Алег Георгіевіч Рала.



І напэўна, сімвалічна тое, што як раз напярэдадні Хрышчэння Хрыстова менавіта ў музеі адбылося і “канцэртнае хрышчэнне” касцюмаў гэтага вакальнага ансамбля, а значыць і хора “Радасць”. Справа ў тым, што ў мінулым годзе мясцовая улада нашага горада знайшла магчымасць выдзяліць сродкі на набыццё новага сцэнічнага убрання для хора. Напрыканцы мінулага года касцюмы былі прывезены з Мінску і зараз упершыню былі прадстаўлены перад слухачамі. Вышытыя сукенкі колеру сіняга неба нібыта ўвасаблялі паветраную прастору, прасякнутую таямніцай Вадохрышча.
Застаецца толькі пажадаць усім удзельнікам хору новых канцэртных выступленняў і шчырых апладысментаў ад слухачоў !

Святлана Абдулаева




13 лют 2008 г.

Гучала флейта днём зімовым


Лаурэат міжнароднага конкурса Ірына Сахоцкая 6 лютага 2008 года ў Навагрудку дала сольны канцэрт флейтавай музыкі. Выступленне адбылося ў зале школы мастацтваў. Ладзіць канцэрт ёй дапамагала таксама лаурэат рэспубліканскіх конкурсаў Анастасія Хан, якая выконвала партыю фартэпіяна.

Ірына Сахоцкая нарадзілася ў горадзе Маладзечна. Там жа скончыла пры музычным вучылішчы музычную школу і потым музычнае вучылішча. А пайшла яна “па шляху музыкі” пад уплывам старэйшага брата - прафесійнага валтарніста. Потым паступіла ў кансерваторыю, дзе вучылася ў класе дацэнта Ніны Васільеўны Аўраменка. Зараз працуе выкладчыкам Лідскага музычнага вучылішча па класе флейты. У 2005 годзе на Украіне ў горадзе Канев, стала лаурэатам міжнароднага конкурса. Свой першы сольны канцэрт дала ў Лідзе ў канцы снежня 2007 года. У яе рэпертуар уваходзяць творы самых розных накірункаў і жанраў. І аматары музыкі з задавальненнем змаглі паслухаць мелодыі І. С. Баха, С. Рэйнеке, Г. Энеско, А. П’яцолы, С. Болінга.
Святлана Абдулаева

2 лют 2008 г.

“…пад уражаннем Пола Гілберта”

У нядзелю 27 студзеня 2008 года ў памяшканні гістарычна-краязнаўчага музея праходзіла сустрэча з гітарыстам Русланам Дробышам. Паслухаць гітарную музыку прыйшлі аматары самага рознага ўзросту - тут былі і школьнікі, і людзі пенсіённага ўзросту. Цікава, што Руслан - музыкант-самавучка, які здолеў авалодаць не толькі ігрой на гітары, але і самастойна вывучыў нотную грамату. Так здарылася, што ў дзіцячыя гады ён паступаў у музычную школу, але камісія не змагла разглядзець у яго музычныя здольнасці і яму адмовілі ў навучанні. Аднак жаданне навучыцца іграць на гітары не пакідала яго. І з 14 гадоў ён пачаў авалодваць інструментам самастойна.

Спачатку сябар намаляваў яму некалькі акордаў схематычна . Пасля Руслан купіў некалькі кніжак па гітарнай ігры і пачаў вывучаць нотную грамату, гукарад на інструменце, строй гітары, віды акампанемента і г. д. Праз чатыры гады ён ўжо іграў у групе сяброў –гітарыстаў. Потым, калі паступіў у Навагрудскае СПТВ – іграў там таксама і за удзел у канцэрце быў узнагароджаны нават граматай. Пасля іграў у гурце ”ORION “ пры Доме культуры. Калі група распалася – вырашыў удасканальваць сваё майстэрства самастойна. Тым больш, што можна выкарыстоўваць магчымасці камп’ютэра, які ў пэўных сітуацыях можа замяніць людзей.




Пад час канцэрта Руслан выканаў на электрагітары шэсць музычных кампазіцый, у тым ліку і адну сваю. Якую , як ён прызнаўся, напісаў пад уражаннем Пола Гілберта. Стыль , у якім ён найбольш любіць працаваць – гэта ў асноўным – блюз. У Руслана няма абмежавання ў стылях выканання, як ён сказаў “ад блюза да хэві метала ”.

Цікава прагучаў ў яго выкананні знакаміты паланез Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Тэмбр электрагітары прыдаў гэтаму твору своеасаблівую афарбоўку. Наогул мелодыі на электра гітары ў першыню прагучалі ў краязнаўчым музеі . Гэта было так нязвыкла і загадкава... І як бы на розны густ сыграў ён і “Менуэт” Баха – першы раз на электрагітары, а другі раз – на акустычнай гітары. На акустычнай гітары быў выкананы і яшчэ адзін твор - гэта “Сляза” Ф.Тарэга. Акрамя ігры Руслан расказаў і пра тое, як ствараюцца кампазіцыі і паказаў наглядна на камп’ютэры “творчую кухню”. А ў яго бліжэйшых планах – удасканаліць свае старыя запісы і перазапісаць іх. А яшчэ яго любімыя заняткі – гэта фатаграфія і тэхніка. і на гэтым кола захаплянняў Руслана не заканчваецца…



Абдулаева Святлана

1 лют 2008 г.

З конкурса з перамогай


Аліна Раманюк

Удалым стаў пачатак новага 2008 года для вучаніцы дзевятага класа СШ № 7 Аліны Раманюк. Прыняўшы ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе патрыятычна-ваеннай песні “Звязда”, прысвечаным 90-годдзю Узброеных Сіл, Аліна вярнулася ў Навагрудак з перамогай. Ёй было прысуджана ІІ-ое ганаровае месца за яркае выкананне песні “Мой край”. Трэба дадаць, што журы было вельмі сур’ёзным і патрабавальным. І ў яго склад уваходзілі і прадстаўнікі Белтэлерадыё кампаніі, і музыканты з ансамбля “Песняры” і іншыя прафесіяналы. Старшынёй камісіі быў, вядомы ў нашай краіне кампазітар, Ігар Лучанок.


Удзельнікі канцэрта



Выступленне Аліны Раманюк

Аліна і ранней часта выступала на сцэнах нашага горада, калі яшчэ вучылася ў музычнай школе.
Такое выступленне ў сталіцы для яе было ўпершыню. Сам жа конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку на ўзроўні горада і раёна яе адабралі, як спявачку, якая абараняла гонар ваеннай часці. Дарэчы, пра гэта паклапаціўся бацька Аліны, Ігар Аркадз’евіч, старэйшы прапаршчык і намеснік камандзіра. Другі этап – гэта адборачны тур у г. Гродна, дзе яна дастойна вытрымала сваеасаблівы іспыт. Завяршальны этап праходзіў у Мінску ў Доме афіцэраў таксама ў дзве стадыі.
“ Спачатку быў адбор удзельнікаў для фінала, бо прыехала з усёй Беларусі 120 чалавек, - расказала Аліна. – Мяне праслухалі і адразу сказалі, што я прайшла ў фінал. У фінале выступала 16 удзельнікаў. Маё выступленне было ў намінацыі “Аўтарская песня”. Песню напісала наша зямлячка Святлана Шэлегейка, а фанаграму зрабіў таксама навагрудскі музыкант Нагулевіч Сяргей. І калі мне прысудзілі ІІ-ое месца, я канешне, была вельмі рада. Хаця, калі ехала ў Мінск - асабліва нічога не чакала. Мне прста хацелася - каб мяне заўважылі. А ў будучым буду спяваць і спрабаваць свае сілы ўсюды, дзе гэта будзе магчыма. А пасля заканчэння школы мару паступіць ў каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне.”


Пасля канцэрта

Абдулаева Святлана

26 сту 2008 г.

Уладзімір Высоцкі ў Навагрудку

Знакаміты іспанскі мудрэц Бальтасар Грасіян у сваім “Кішэнным аракуле” пісаў: “ Нават людзі рэдкіх вартасцей залежаць ад свайго часу. Не ўсім суджаны быў той час, якога яны заслугоўвалі; многія, каму ён дастаўся не змаглі яго пакарыць”.

Уладзімір Высоцкі... Вось ужо больш чым два дзесяцігоддзі як ён пакінуў гэты свет, але яго імя і дагэтуль свеціцца непагаснай зоркай на музычна-тэатральным небасхіле. Час скарыўся перад ім. І пагэтаму ён жыве ў песнях, кінафільмах, людской памяці. У 70-х – 80-х гг.20 стагоддзя на прасторах былога Савецкага Саюза яго не ведалі хіба толькі малыя дзеці ды старыя бабулі ў глухіх аддаленых вёсачках. Высоцкі быў не проста паэт, спявак, акцёр – ён быў фенаменам, ці дакладней унікальнай З’явай. Бо не да яго, ні пасля яго, няма аналагаў такой асобы, у якой перапляліся б так гарманічна паэтычны, акцёрскі і музычны талент. Ім было напісана звыш шасцісот песень. Уражвае “геаграфія” песенных тэм – гэта і спорт, і культура, і медыцына, і навука, і космас, і палітыка, і рэлігія і г.д. Практычна няма той сферы жыцця, якую б паэт не закрануў у сваёй творчасці. Яго песні гучаць больш як у трыццаці кінафільмах. Як акцёр, ён зняўся больш чым у дваццаці фільмах, а яшчэ, акрамя таго, былі ролі ў спектаклях! Унутраны энергетычны патэнцыял Высоцкага быў настолькі аб’ёмны, што ён мог бы быць у жыцці напэўна і лётчыкам, і альпіністам, і мараком, а можа і яшчэ некім. Але паколькі жыццё немагчыма пражыць двойчы, ці тройчы, то кампенсацыяй за гэтую немагчымасць стала для яго “пражыванне” другога жыцця ў песнях і акцёрскіх ролях за сваіх герояў. Самым яскравым прыкладам такога факту з’яўляецца фільм “Месца сустрэчы змяніць нельга”, дзе Уладзімір Сямёнавіч бліскуча выконваючы ролю капітана Жэглова, яго жыццё зрабіў сваім.


У 1969 годзе, падчас здымкаў фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”, Высоцкі прыязджаў на Навагрудчыну. Яго задачай было агучыць сваімі песнямі гэты фільм. Якім застаўся спявак у памяці навагрудчан? Пра гэта ўспамінаюць жыхары горада Бака Георгій Яўстафавіч і Шахрай Анатоль Сямёнавіч. Прыблізна ў чатырох кіламетрах ад Навагрудка, сярод ялін і бяроз, раскінулася невялікае азярцо з прыгожай назвай “Літоўка”. Менавіта тут, паблізу возера, стаіць бацькоўская хата Георгія Яўстафавіча, у якой і спыняўся Уладзімір Высоцкі. “Помніцца, Высоцкі з’явіўся на нашым падворку неяк нечакана, і прывітаўшыся, сказаў: “Я – Высоцкі”, – распавядае Георгій Яўстафавіч – а пасля дастаў з кішэні пасведчанне і прадставіў яго. Для мяне гэта было нейкай нечаканасцю, бо само па сабе яго прозвішча асацыіравалася ў свядомасці са статным, высокім чалавекам. Тым больш, вядомы па песнях яго магутны, з хрыпатой голас, ствараў вобраз таксама шыракаплечага мужчыны. А тут стаяў хударлявага складу, невысокага росту, малады чалавек. На ім была кепка і чорная куртачка. Ён не патрабаваў для сябе ніякіх асабістых умоў, прывілегій. Быў вельмі просты ў размове. Нягледзечы на тое, што ў яго песнях сустракаецца своеасаблівы, нават блатны жаргон, – у рэальным жыцці ён ніколі не ўжываў непрыстойных слоў. Хаця той перыяд быў далёка не лепшым у жыцці спевака. Але калі да яго прыехала Марына Владзі, ён як бы пасвятлеў і ажыў. Марына прыехала ў той час па запрашэнню ў Маскву, але калі даведалася, што Уладзімір у Беларусі, села на цягнік і праміком накіравалася ў Ліду, а пасля ў Навагрудак. І вось з гэтай пары яны практычна ўсюды былі ўдваіх, шчаслівыя ад сваёй сустрэчы. Марына – высокая і стройная бландынка ў модных тады штанах “клёш”, зведаўшая плюсы, мінусы і спакусы Парыжа, спакойна дзяліла з Высоцкім усю прастату вясковага побыту. Добра гаварыла па-рускі. Капрызнай фанабэрыстасці ад яе ніхто не заўважаў. Нічым асаблівым ні Высоцкі, ні Владзі не выдзяляліся. Дарэчы, нават спалі на сене, як звычайныя вяскоўцы”.
А вось Анатолю Сямёнавічу Шахраю давялося сустракацца з Уладзімірам Высоцкім не толькі падчас здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой”, але і фільма “Вайна пад стрэхамі”. У той час Анатоль Сямёнавіч працаваў якраз на кінастудыі “Беларусьфільм” вадзіцелем здымачных ігравых машын – дубліраваў ролі акцёраў, якія самі не маглі кіраваць машынамі, ці выконваў складаныя віражы, напрыклад, на горных дарогах. “Упершыню я ўбачыў Высоцкага на “Беларусьфільме”. Ох, як даўно гэта было! – успамінае Анатоль Сямёнавіч. – Помню, як ён іграў на гітары і спяваў. Ды і наогул, з гітарай ён, можна сказаць, не развітваўся. Бледны, худы – але адкуль у яго браліся сілы – проста незразумела. Часта быў стрыманы, гаварыў не многа. У Браславе, калі здымалі фільм “Вайна пад стрэхамі”, Высоцкага некалькі разоў забіралі супрацоўнікі КДБ і здымкі перарываліся, а потым ён зноў з’яўляўся і работа працягвалася”. Я па-наіўнасці, запытала ў Анатоля Сямёнавіча: “За што? За сваркі, за бойкі?”. “Ды не, зусім не” – адказаў мой суразмоўца. – “Проста за песні. Запісы яго песень ануліравалі. Што датычыцца сварак, ці нейкіх канфліктаў, дык іх практычна не было. Па-першае, сам Віктар Тураў быў простым і дабрадушным чалавекам. У Высоцкага таксама не было празмернай ганарлівасці... Здымкі ішлі ў летні перыяд. Не ведаю, ці добра плаваў Высоцкі, але што ён падоўгу купаўся на Браслаўскіх азёрах – гэта чамусьці запомнілася. Пад час здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой” было больш спакойна. Такіх знікненняў спевака не было. Усе мы жылі адной сям’ёй – ніхто не лічыўся, што нехта тэхнічны работнік, а хтосьці – акцёр. Бо прыпамінаецца, калі ў Мінск прыязджаў на здымкі Алег Янкоўскі, то адразу паміж ім і іншымі ўсталёўвалася нейкая дыстанцыя. Канешне, Высоцкі быў, безумоўна, вельмі таленавітым. Яго часта можна было ўбачыць задуменным – здавалася, што ён увесь час нешта стварае ў сваёй галаве. Ніколі не было чуваць, каб ён на каго-небудзь павышаў голас, ці праяўляў парывы злосці, або над кім кпіў. Што датычыцца адносін паміж людзьмі, то тут, на Літоўцы, падчас здымкаў, ён часцей за ўсё кантактаваў з рэжысёрам Віктарам Туравым. Гэта былі і проста чалавечыя размовы, і размовы іх абодвух, менавіта як творцаў. У кожнага з іх быў свой падыход да жыцця, да спрадвечных каштоўнасцей, а сама творчасць была той атмасферай, якая іх аб’ядноўвала. Бо рабілі яны сумесна адну агульную справу. Прыезд жа сюды Марыны Владзі акрыліў Высоцкага, даў яму духоўнай моцы і, напэўна, натхнення. Якім ён запомніўся найбольш? Вельмі добра памятаю, як ён сядзеў каля возера на камні, у сарочцы з закасанымі рукавамі і спяваў. Дарэчы, так ён найчасцей апранаўся, але калі было холаднавата, хадзіў у пінжаку”.
Нарадзіўшыся ў халодны, зімовы дзень, 25 студзеня, Уладзімір Высоцкі саграваў сваімі песнямі душы тысяч людзей, спачуваючы, папярэджваючы, прадказваючы шлях наперад. І як тут яшчэ раз не ўспомніць таго ж мудраца Грасіяна, які казаў, што ёсць чалавечы розум, падобны на вочы рысі, які нібы выпраменьвае святло; і чым гусцей цемра, тым ярчэй святло. Гэтыя словы поўнасцю адпавядаюць асобе Уладзіміра Высоцкага.
Так, паэт заўсёды ведаў сабе цану. Недарэмна ён пісаў:
Не надо подходить к чужим столам
И откликаться, если подзывают.
На лёс Уладзіміра Высоцкага выпаў непросты час, але ён не скарыўся перад ім. А Марына зараз жыве ў прыгарадзе Парыжа і магчыма, успамінаючы Уладзіміра Высоцкага, з цеплынёй узгадвае Навагрудчыну. Бо вядома з успамінаў Алеся Адамовіча, што Марына прасіла Віктара Турава ўгаварыць Валодзю застацца тут яшчэ на некалькі дзён.

Святлана Абдулаева выкладчык Навагрудскай школы мастацтваў


14 сне 2007 г.

Гучаць старажытныя дуды


У лістападзе 2007 года сябры Навагрудскай суполкі ТБМ імя Ф.Скарыны сустракаліся з супрацоўнікамі гісторыка-культурнай установы “Палоніка-Літуаніка” Алесем Стральцовым-Карвацкім, Тодарам Кашкурэвічам і супрацоўнікам Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксеем Дзермантам. Госці расказалі прысутным аб дзейнасці “Палонікі-Літуанікі”, якая займаецца наладжваннем культурных і грамадскіх сувязяў паміж Беларуссю і яе бліжэйшымі суседзямі - Польшчай і Літвой.



Адзін з удзельнікаў сустрэчы, Тодар Кашкурэвіч, прадэманстраваў самаробны музычны інструмент, які называецца дуда.

Гэты інструмент здаўна выкарыстоўваўся не толькі ў краінах Еўропы: ва Украіне, Венгрыі, Шатландыі, але і на Беларусі. Вельмі папулярным ён быў сярод простага люду, як гарадскога так і сельскага. На дудзе ігралі музыкі на святах, на вяселлях і розных вечарынках.
Тодар сам займаецца вырабам гэтага старажытнага музычнага інструмента, вывучае яго асаблівасці, гісторыю стварэння і бытавання.

Акрамя гэтага, Тодар збірае фальклорны матэрыял, у час экпедыцый па вёсках запісвае песні і мелодыі, а затым апрацоўвае гэты матэрыял і выконвае на дудзе старажытныя і сучасныя мелодыі.

У час сустрэчы Тодор іграў мазуркі, паланэзы, вальсы, кракавякі, полечкі, кадрылі, і нават … вельмі незвычайна гучала дзіцячая песенька “Саўка ды Грышка”.


Усе прысутныя былі вельмі задаволены знаёмствам і ўдзячныя гасцям за прыёмную сустрэчу.



Галіна Кавальчук

5 сне 2007 г.

Гучыць камерная музыка


22 лістапада ў дзіцячай школе мастацтваў адбылося канцэртнае выступленне Дзяржаўнага Камернага хора Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай.

На пачатку канцэрта прагучала духоўная музыка - творы П. Чайкоўскага, П. Часнакова, а таксама беларускія кантаты “ Хрыстос нарадзіўся “і “Бог нарадзіўся”.

Далей беларуская тэматыка была прадстаўлена творамі напісанымі на словы Янкі Купалы.” “Спадчына “ Ігара Лучанка на сл. Я.купалы – гэта візітная музычная картка Беларусі” – падкрэсліла Н. Міхайлава.


Хор пазнаёміў слухачоў таксама як бы з новым прачытаннем вершаваных купалаўскіх радкоў “Гэй, гусляр” . Твор прагучаў , як гімн музыканту – толькі ў сучасным ракурсе, музычны варыянт якога напісала вядомы кампазітар у жанры эстраднай музыкі – Алена Атрашкевіч. З цікавасцю паслухалі прысутныя і народныя апрацоўкі Л. Захлеўнага і І. Сацуры.


У выкананні харавога калектыву прагучалі таксама і танцавальныя мелодыі С. Рахманінава, А. Атрашкевіч, Ю. Барыкава. А завершаны быў канцэрт у джазавым стылі. Аматары музыкі з задавальненнем паслухалі мелодыі Джоржа Гершвіна.

Святлана Абдулаева

3 ліс 2007 г.

Праз музыку да народных традыцый.

Музыка, паэзія, выяўленчае мастацтва, народныя традыцыі – гэта асабісты свет з законамі, умовамі і чароўнай сілай. Кожны від мастацтва зараз жыве сам па сабе. А ў антычнасці яны жылі разам, як дзеці ў вялікай сям’і. Але, як вядома, дзеці хутка растуць, становяцца самастойнымі і незалежнымі. Так адбылося і з “сям’ёю мастацтваў”.



Ініцыятыўная група, якая сладаецца з выкладчыкаў школы мастацтваў, супрацоўнікаў Навагрудскага гістарычна – краязнаўчага музея і раённай бібліятэкі, вырашыла зноў аб’яднаць музыку, паэзію, літаратуру, выяўленчае мастацтва і народныя традыцыі разам у “сям’ю”.

Для таго каб расказаць дзеткам аб народных традыцыях роднай краіны.
Ідэя ажыццявіць такі праект узнікла з прычыны вялікай цікавасці людзей да народнай творчасці, а менавіта да нацыянальных абрадаў. Чаму абрад ВЯСЕЛЛЯ? Бо кожны чалавек лічыць, што гэта адзін з самых галоўных яго крокаў ў жыцці.


Удзельнікамі сталі навучэнцы Навагрудскай школы мастацтваў, якіх зацікавіла тэма пра вяселле. Асноўнай ідэяй было расказаць пра этапы правядзення вяселля на тэрыторыі Беларусі і паслухаць музыку, якая ахарактарызавала б кожны з гэтых этапаў. А ў сваю чаргу праз музыку развіць пачуццё ўспрымання, выяўлення і адлюстравання.

Невялікія ўводзіны Лазаравай Ірыны (супрацоўніцы раённай бібліятэкі) дапамагла дзецям ўявіць, як паступова і паслядоўна праходзіла Вяселле ў даўнія часы. Сватанне, заручыны, зборная субота – першыя этапы. Затым – апрананне маладых, пасад і благаславенне. Самае галоўнае – абрад вянчання. І апошняе – само вяселле. А музыка беларускага кампазітара А.Абрамовіча пасадзейнічала ўяўленню усіх гэтых этапаў.

Для выканання работ быў выбраны гістарычна-краязнаўчы музей г.Навагрудка. Папярэднічала рабоце дзяцей экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі музея, якую правяла Галіна Кавальчук. Яна расказала дзецям, як маладая рыхтавалася да вяселля, як ткала паясы, якімі затым адорвала гасцей, як збірала прыданае.

За две гадзіны дзеці намалявалі тое, што змаглі ўявіць сабе пра абрад вяселля. Большасць работ пачанаючых мастакоў была прысвечана паказу абраду старажытнага вяселля, і менавіта на гэта была накіравана праца. Дапамагала дзецяям парадамі выкладчык школы мастацтваў Санюк Кацярына.

Вынікам праведзенай работы была арганізацыя выставы работ “Беларускае вяселле”, якая адбылася ў Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў. Усе ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты за ўдзел ў праекце. У розных намінацыях адзначаны амаль усе работы.
Працягам задуманага будуць новыя работы на тэму :“Мой горад маімі вачыма.”


Паглядзець малюнкі дзяцей можна тут
Кацярына Кузьміч

12 кас 2007 г.

Музыка ветра


Мінуў толькі першы месяц навучальнага года, а самадзейны музычны ансамбль “ Музыка ветра” пад кіраўніцтвам Святланы Абдулаевай даў шэраг канцэртаў для школы - інтэрната з парушэннем мовы і агульнаадукацыйных школ горада.

- Скажыце, калі ласка, калі і як быў створаны ансамбль?
Пра гэта я марыла даўно, але ансамбль быў створаны толькі ў 2006 годзе. Проста раней у музычнай школе не было класа гітары. Калі ж клас адкрыўся, я падрыхтавала гітарыстку Вязнікаву Ксенію, якая ўжо мае неабходныя навыкі ігры на гэтым інструменце. Акрамя таго, падабраліся якраз і аднаго узросту балалаечнікі Пілюцік Дзіма, Мазалеўскі Уладзіслаў і іншыя. Асамбль не уваходзіць у маю педагагічную нагрузку – праца з гэтым калектывам – мая пазашкольная работа. Займаемся ў вольны час, а яго, на жаль, заўсёды не хапае.


- А чаму менавіта такая назва “Музыка ветра”?
Вецер – гэта сімвал. Вецер можа быць лёгкім, халодным, парывістым, лагодным і г. д. А музыка таксама можа быць розная па характару, па стылю. Акрамя таго, для музыкі, як і для ветра, не існуюць межы, мытні. Гэта самы дэмакратычны від мастацтва. І мы плануем уключаць у свой рэпертуар творы кампазітараў розных краін. Хаця асновай будуць усё ж такі народныя апрацоўкі.


- А якія былі мэты пры стварэнні ансамбля?
Я не ставіла мэтай іграць складаны ў плане выканання і ўспрымання рэпертуар. Я лічу сваёй задачай даць магчымасць маладым музыкантам рэалізаваць свае творчыя, артыстычныя здольнасці, прывіць ім добры густ. Акрамя таго, хацелася б праз ансамбль пазнаёміць падлеткаў, моладзь горада і раёна з добрай беларускай музыкай і музыкай іншых краін свету.


- Раскажыце , калі ласка, яшчэ пра свае планы...
Планы, канешне, ёсць, але для іх рэалізацыі патрэбны пэўныя ўмовы. Па-першае, як я ўжо сказала, на гэта трэба мець многа часу. Але акрамя музыкі існуе многа іншых сфер жыцця, якія мяне цікавяць. А ў сутках, на жаль, толькі дваццаць чатыры гадзіны. Па- другое, каб стварыць добры ансамбль патрэбны грошы – на нотную літаратуру, на транспартныя расходы, на касцюмы і ў рэшце рэшт на інструменты. А зараз, напрыклад, добрая балалайка ручной работы каштуе прыкладна тысячу даляраў. А так хацелася б зрабіць некалькі тэматычных праграм. У першую чаргу – праграму заснаваную на творах беларускіх кампазітараў і беларускім фальклоры; у тым ліку і фальклоры Навагрудчыны. Але ж гэты фальклор, па-першае, трэба яшчэ сабраць. А пасля яшчэ трэба знайсці добрага аранжыроўшчка. І на гэта патрэбны грошы, бо ўсё гэта поўнасцю зрабіць сама я не ў стане.


Вельмі хацелася б зрабіць яшчэ праграму з цыганскіх мелодый. Цыгане – у мінулым выгнаннікі з Індыі. Рассяляючыся па ўсім свеце яны ўбіралі у сябе культуру розных народаў. І мяне заўсёды цікавіў іх максімалізм. У іх як бы нічога няма напалову – калі яны весяляцца, то з размахам; калі кахаюць, то палымяна. Максімалізм гэты праяўляўся у іх заўсёды і ў празе да самога жыцця. І ў халады, і ў туманы, і ў галечу – у табары не знікалі песні.
Дык вось, каб стварыць такую праграму – не дастаткова знайсці нотную літаратуру, што дарэчы, таксама не проста; зрабіць аранжыроўкі; урэшце рэшт пагаварыць з цыганкай Азай ці сустрэцца з цыганскім баронам. Трэба яшчэ добра ведаць гісторыю гэтага народа, яго традыцыі, звычкі і псіхалогію цыганскай душы.


Яўген Лапцеў

6 кас 2007 г.

Трубач з Навагрудка



Поспехі біятланістаў з Навагрудка ўжо добра вядомыя нават ў Еўропе. Тым больш прыемна ўсведамляць, што апошнім часам і нашы маладыя музыканты пачалі ўпэўнена заяўляць пра сябе на міжнародным ўзроўні. Адзін з іх - трубач Чабатар Саша.
Быць прафесійным музыкантам Саша хацеў яшчэ з дзяцінства. Але, каб дасягнуць запаветнай мары, аднаго жадання не дастаткова – патрэбны дзеянні. І ён дзейнічаў упэўненна і мэтанакіравана.


– “Сын – шчасце і сэнс майго жыцця, кажа Сашына мама Галіна Іванаўна. – Займацца музыкай ён пачаў яшчэ ў пачатковых класах. Але першы раз я не дазволіла пайсці яму ў музычную школу: ведала, што будзе вельмі складана. На другі год Саша пайшоў паступаць адзін. Пасля таго, як паступіў, патэлефанаваў і сказаў, што трэба напісаць толькі заяву”.


Скончыўшы школу мастацтваў па класе трубы ў выкладчыка В.Н.Слабодчыкава, юны музыкант стаў студэнтам Лідскага музычнага вучылішча. І тут Сашына працавітасць і стараннасць далі добрыя вынікі. У мінулым годзе летам у Кішынёве на міжнародным конкурсе Юджэна Кока выканаўцаў на духавых інструментах ён быў унагароджаны дыпломам лаўрэата ІІІ прэміі. У тым жа годзе восенню малады музыкант атрымаў другую перамогу – на гэты раз у Кіеве ўжо на міжнародным конкурсе “Мастацтва ХХІ стагоддзя”. Удзельнікамі яго былі выканаўцы з Украіны, Літвы, Малдовы, Расіі, Кітая і Беларусі. Наш малады выканаўца выступаў у дзвюх намінацыях з рознымі праграмамі – сола і ансамблевая ігра. Сольнае выступленне журы адзначыла дыпломам за ІІІ месца. За ігру ў складзе “Трампэт”, – менавіта так называецца трыо трубачоў – Саша атрымаў грамату дыпламанта ІV ступені.


Сумяшчаць вучобу, падрыхтоўку да конкурсаў і канцэртаў, безумоўна, складана. Вось і ў гэтым годзе, акрамя канцэртаў у Лідзе і другіх гарадах Гродзенскай вобласці, давялося выступаць у Барысаве і ў Мінску ў філармоніі. Да таго ж, на ўсіх святах, што праходзілі ў Навагрудку з удзелам духавога аркестра пры РДК, якім кіруе В.Н. Слабодчыкаў, Саша іграў і ў гэтым аркестры. Ён лічыць сваім абавязкам дапамагчы аркестру, свайму настаўніку і гораду.
Аб чым марыць, да чаго рыхтуецца зараз малады трубач? –“ У будучым мару паступіць у Акадэмію музыкі ў Мінску. Падабаецца выступаць на сцэне. Хацелася б іграць у якім-небудзь аркестры. У будучым хацелася выступіць на чарговым міжнародным конкурсе ў Кішынёве”.
Дарэчы, у пачатку лета, Саша стаў стыпендыятам Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Трэба яшчэ сказаць, што ў Сашы ёсць малодшы брат Жэня, які таксама займаецца на трубе ў школе мастатцваў. Пасля заканчэння школы, ён як і яго старэйшы брат, марыць пра далейшую вучобу ў музычным вучылішчы. І таму сабраўшыся дома, хлопцы часта музыцыруюць удвух, атрымоўваючы ад ігры ў ансамблі прыемную асалоду. І хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе на культурным небасхіле нашай краіны, засвецяцца дзве музычныя зоркі выканаўцаў-трубачоў – старэйшага і малодшага Чабатароў.
СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА