Showing posts with label мастацтва. Show all posts
Showing posts with label мастацтва. Show all posts

3 ліс 2007 г.

Праз музыку да народных традыцый.

Музыка, паэзія, выяўленчае мастацтва, народныя традыцыі – гэта асабісты свет з законамі, умовамі і чароўнай сілай. Кожны від мастацтва зараз жыве сам па сабе. А ў антычнасці яны жылі разам, як дзеці ў вялікай сям’і. Але, як вядома, дзеці хутка растуць, становяцца самастойнымі і незалежнымі. Так адбылося і з “сям’ёю мастацтваў”.



Ініцыятыўная група, якая сладаецца з выкладчыкаў школы мастацтваў, супрацоўнікаў Навагрудскага гістарычна – краязнаўчага музея і раённай бібліятэкі, вырашыла зноў аб’яднаць музыку, паэзію, літаратуру, выяўленчае мастацтва і народныя традыцыі разам у “сям’ю”.

Для таго каб расказаць дзеткам аб народных традыцыях роднай краіны.
Ідэя ажыццявіць такі праект узнікла з прычыны вялікай цікавасці людзей да народнай творчасці, а менавіта да нацыянальных абрадаў. Чаму абрад ВЯСЕЛЛЯ? Бо кожны чалавек лічыць, што гэта адзін з самых галоўных яго крокаў ў жыцці.


Удзельнікамі сталі навучэнцы Навагрудскай школы мастацтваў, якіх зацікавіла тэма пра вяселле. Асноўнай ідэяй было расказаць пра этапы правядзення вяселля на тэрыторыі Беларусі і паслухаць музыку, якая ахарактарызавала б кожны з гэтых этапаў. А ў сваю чаргу праз музыку развіць пачуццё ўспрымання, выяўлення і адлюстравання.

Невялікія ўводзіны Лазаравай Ірыны (супрацоўніцы раённай бібліятэкі) дапамагла дзецям ўявіць, як паступова і паслядоўна праходзіла Вяселле ў даўнія часы. Сватанне, заручыны, зборная субота – першыя этапы. Затым – апрананне маладых, пасад і благаславенне. Самае галоўнае – абрад вянчання. І апошняе – само вяселле. А музыка беларускага кампазітара А.Абрамовіча пасадзейнічала ўяўленню усіх гэтых этапаў.

Для выканання работ быў выбраны гістарычна-краязнаўчы музей г.Навагрудка. Папярэднічала рабоце дзяцей экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі музея, якую правяла Галіна Кавальчук. Яна расказала дзецям, як маладая рыхтавалася да вяселля, як ткала паясы, якімі затым адорвала гасцей, як збірала прыданае.

За две гадзіны дзеці намалявалі тое, што змаглі ўявіць сабе пра абрад вяселля. Большасць работ пачанаючых мастакоў была прысвечана паказу абраду старажытнага вяселля, і менавіта на гэта была накіравана праца. Дапамагала дзецяям парадамі выкладчык школы мастацтваў Санюк Кацярына.

Вынікам праведзенай работы была арганізацыя выставы работ “Беларускае вяселле”, якая адбылася ў Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў. Усе ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты за ўдзел ў праекце. У розных намінацыях адзначаны амаль усе работы.
Працягам задуманага будуць новыя работы на тэму :“Мой горад маімі вачыма.”


Паглядзець малюнкі дзяцей можна тут
Кацярына Кузьміч

30 кас 2007 г.

Малюнкі дзяцей на тэму: "Беларускае вяселле"

12 кас 2007 г.

Застыўшая музыка

У пачатку лета 2007 года наш зямляк Аляксей Усіновіч прэзентаваў свае карціны, для тых, хто цікавіцца мастацтвам. Нарадзіўся Аляксей у горадзе Ліда, ў сям’і ваеннага. Але ўсё яго жыццё прайшло ў Навагрудку, тут скончыў і школу. Ён не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, але жаданне ствараць дало свае добрыя вынікі. Бо ўжо з першых хвілін знаёмства з работамі гэтага аўтара практычна ўсе наведвальнікі былі прыемна ўражаны незвычайнасцю карцін і ювелірнай тэхнікай іх выканання.

Займацца гэтай справай ён пачаў прыкладна дзесяць год назад. Спачатку эксперыментаваў – працаваў выключна алоўкам, потым захацелася зрабіць карціны каляровымі – пачаў выкарыстоўваць туш і акварэль. Менавіта папера, туш і акварэль аказаліся самымі прыгоднымі сродкамі для рэалізацыі розных задумак. Трэба зазначыць – тэхніка выканання карцін настолькі своеасаблівая, што на першы погляд здаецца, быццам некаторыя з іх проста не ручной работы – настолькі акуратна выкананы нейкія штрыхі, танюсенькія паралельныя лініі ў дзесятыя долі міліметра адна ад адной. Для напісання работ былі выкарыстаны не толькі вядомыя прыёмы, але і тыя, што Аляксей вынайшаў самастойна. І таму класіфікаваць гэтыя карціны складана, але хутчэй за ўсё іх можна аднесці да геаметрычнага абстракцыянізму. Так, абстракцыя – гэта тое, што выходзіць за рамкі свядомасці. Гэта проста нейкі духоўны момант. На карцінах няма канкрэтных вобразаў, сюжэтаў – гэта проста цікавыя выявы геаметрычных ліній, якія пераламляюцца, меняюць накірункі і колерныя спалучэнні. І гэта не дзіўна, бо як сказаў Аляксей, ён імкнуўся перадаць чалавечыя пачуцці. А пачуцці, як гэтыя лініі і колеры бесперапынна мяняюцца ў чалавечай душы – так радасць можа спалучацца з лёгкай тугой, надзея з трывогай, крыўда з жалем, упэўненасць з безнадзейнасцю. Не выпадкова на многіх карцінах прысутнічае жоўты колер, што стварае ў цэлым сонечную атмасферу нават у не вельмі светлым памяшканні. “У мяне, як і ў любога чалавека бываюць у душы і негатыўныя моманты. Але я імкнуся кожны раз настроіць сябе на барацьбу з імі. Заўсёды павінна перамагаць усё-такі добрае. А перавага жоўтага – гэта жаданне стварыць нешта чыстае, цёплае. А геаметрычныя формы ўносяць пэўную дакладнасць,”- вось так растлумачыў сваё колерабачанне малады мастак. Адзіны колер, які амаль не выкарыстаны ў работах – гэта зялёны – колер спакою. І гэта натуральна, бо аўтар імкнуўся адлюстраваць якраз яркія, глыбокія пачуцці, а не спакойны стан. У яркіх колерах і дакладных лініях з іх пераламленнямі, праявіўся ўвесь экспрэсіянізм выставы. Існуе такое выслоў’е, што архітэктура – гэта застыўшая музыка. Канешне, словы “застыўшая музыка” ужыты ўскосна. Але гэтае словазлучэнне вельмі добра характарызуе і работы Аляксея Усіновіча. І тут можна гаварыць у прамым сэнсе, што кожная з яго карцін – застыўшая музыка. Бо на фоне, ці на аснове пачуццяў, звязаных з музыкай, аўтар усё і стварае. Яго любімы стыль у эксперыментальнай музыцы – гэта “Noise Ambient”, што ў перакладзе азначае “шум” і “акружаючае асяроддзе”. Гэты стыль выкарыстоўваўся яшчэ ў мінулым стагоддзі ў кінематаграфіі. Калі эксперыментаваць з гукам, дакладней яго пераламляючы, можна ствараць з дапамогай тэхнікі з некалькі нот, напрыклад, шум падаючага дажджу, ці шум марскіх хваляў. “Вось так, ствараючы музычныя кампазіцыі – прызнаўся Аляксей, - узнікаюць пэўныя пачуцці, абстракцыі – і потым гэта ўсё перараджаецца ў карціны з такімі цікавымі назвамі, як “Празрыстасць вады”, “Мыс Надзеі”, “Паветра”, “ Адсутны элемент”, “Свет Галатэі”, “Праз пачатак” і іншыя”. Акрамя эксперыментальнай музыкі яго любімымі кампазітарамі з’ўляюцца, як не дзіўна, зусім супрацьлеглыя па стылю кампазітары-класікі І. С. Бах і Л.ван Бетховен. Бах быў адным з найвялікшых паліфаністаў. Лёгкі бахаўскі ўплыў адчуваецца і ў работах нашага земляка. Яго карціны – гэта гарманічнае перапляценне геаметрычных фігур і каляровых фарбаў, як у творах Баха музычных тэм. У цэлым жа, творчая імпрэза аказалася ўдалай, як і для самога Аляксея Усіновіча, які прэзентаваў не толькі свае карціны, але і адначасова тэхналогію мадэліравання эксперыментальнай музыкі, так і для гледачоў. Бо кожны з наведвальнікаў узяў штосьці каштоўнае для сябе – некаму спадабаліся незвычайныя спалучэнні колераў і геаметрыі, камусьці тэарэтычныя веды, нехта атрымаў найбольшую асалоду ад музычных кампазіцый, такіх, напрыклад, як “Космас”. І калі былі ўжо, здавалася, выказаны ўсе словы і прагучалі ўсе гукі, ніхто з прысутных не спяшаўся разыходзіцца.

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

4 кас 2007 г.

Хор "Радасць"

Каб быць шчаслівым, трэба, каб цябе разумелі. У гэтым сэнсе ўдзельнікам хору ветэранаў Навагрудка пашанцавала. Таму што кожны знайшоў тут, у калектыве сваіх аднадумцаў. Так ўжо павялося, што і святкуюць разам, і паход у музей, на выставу – таксама ўсім калектывам. І , канешне, канцэрты - за час свайго існавання хор выступаў не толькі ў Навагрудку і раёне.Спевакам былі ўдзячны слухачы шпіталя для інвалідаў ў Бараўлянах, іх з задавальненнм слухалі ў Іўі, Гродна і іншых мясцінах. Усе спевакі ў большасці сваёй - гэта ў мінулым выкладчыкі школ, тэхнікумаў, кіраўнікі дзяржаўных устаноў. Іх аптымізму могуць пазайздросціць нават маладыя.


Хор быў заснаваны вясной 1989 года. За гэты час у калектыве склаліся свае, як бы няпісаныя законы, традыцыі. Адзін з такіх прыемных момантаў – гэта ўрачыстае святкаванне юбілеяў, калі пішуцца сцэнарыі, выпякаюцца смачныя караваі, складваюцца букеты не толькі з кветак , але і з гародніны і садавіны. І ўсё гэта яны робяць сваімі рукамі. І невыпадкова хор мае назву “ Радасць”. А што азначае хор у жыцці кожнага з удзельнікаў?


На гэтае пытанне харысты адказалі так:
Запольская Ніна Самуілаўна (да пенсіі працавала ў каледжы выкладчыкам хіміі):
У хоры я ўжо дзесяць год. Мне ўсё тут падабаецца – і калектыў, і рэпертуар, і кіраўнік. Кіраўнікі былі розныя, але цяперашні падабаецца больш за ўсіх. У яе вельмі добрыя адносіны да нас, пенсіянераў.
Нікалаеня Ніна Рыгораўна (у мінулым выкладчык сацыяльна-эканамічных дысцыплін Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа):
- Я вельмі люблю спяваць. Хажу з задавальненнем на ўсе рэпетыцыі, нягледзечы на сваю занятасць, бо яшчэ працую выхавацелем ў інтэрнаце.
Гурэцкая Ганна Міхайлаўна (працавала дырэктарам райспажыў саюза, была упраўляючай Навагрудскага аддзялення ашчадбанка):
- Люблю спяваць, люблю гэты калектыў, не ўяўляю сябе без гэтага занятка. Песня мне падымае настрой і самаадчуванне.


Галанава Ганна Іванаўна (у мінулым камендант інтэрната):
- У хоры я даўно - больш дзесяці год. Усё мне тут падабаецца. Стараюся ніколі не прапускаць рэпетыцый – гэта ўжо стыль жыцця.
Кур’ян Алена Фёдараўна (працавала ў гандлі):
- Я жыву адна , дзеці раз’ехаліся. Але я не адчуваю сябе адзінокай, дзякуючы таму, што хаджу ў хор. Рэпетыцыі магу прапусціць толькі ў нейкіх крайніх выпадках. Люблю выступаць. Спявала заўсёды, часта ў канцэртах.
Латышэвіч Ірына Сямёнаўна (да пенсіі працавала ў камбінаце надомнай працы):
- У хоры я ўжо чатыры гады, падабаецца… Тут я атрымоўваю зарад бадзёрасці, задавальнення.
Оброжка Алена Іванаўна (працавала да пенсіі на заводзе, у гандлі):
- Я ў хоры ўжо дванаццаць год. Люблю жыць з песняй – гэта заўсёды падымае настрой.
Валчок Галіна Аляксееўна (працавала ў мінулым на швейнай фабрыцы):
- У хоры - тры гады. Падабаецца спяваць, падабаюцца людзі з якімі кантактую. Гэта частка майго жыцця - хор.


Рамановіч Ірына Мікалаеўна:
- Я некалі працавала ў аддзеле культуры. Мы разам з Сіняўскім Антонам Міхайлавічам гэты хор стваралі. Я, помню, зрабіла прапанову стварыць новы калектыў. І сама стала адразу ўдзельніцай. Праўда доўгі час пасля смерці дачкі не хадзіла, а пасля зноў вярнулася сюды. Так, хор, як было ўжо сказана, частка майго жыцця.
Бушарава Клаўдзія Мікалаеўна (працавала на металургічным заводзе на Урале апаратчыцай):
- Спяваць вельмі люблю, спявала яшчэ са школьнай парты. Хаджу на ўсе рэпетыцыі, нягледзячы ні на дрэннае надвор’е , ні на здароў’е. Падабаецца выступаць.
Прахарэвіч Надзея Аляксандраўна (да пенсіі працавала ў бібліятэчнай сістэме):
- Спяваць люблю, спявала са школьных гадоў – часта прымала ўдзел у канцэртах. Усё жыццё практычна жыву з песняй. Тут я знайшла калектыў , дзе адчуваю сябе вельмі ўтульна.


Апанюк Валянціна Яўлампіеўна (падчас асваення цаліны ў маладыя гады працавала трактарысткай, заўсёды была актывісткай самадзейнасці):
- Усё маё жыццё прайшло з песняй. А інакш проста не магло быць. Я нават марыла стаць артысткай, бо люблю не толькі спяваць, але з задавальненнем і танцую, і чытаю вершы. Люблю сцэну ўсёй душой. У гэтым калектыве магу хоць часткова рэалізаваць сваю мару.
Валенцік Ганна Сцяпанаўна (працавала выкладчыкам эканамічных дысцыплін у Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы):
- У хоры шэсць гадоў. Хор – гэта мая другая сям’я. Прыходжу сюды і ўсе мае непрыемнасці адыходзяць. Падымаецца настрой. Мне яго падымае ў першую чаргу баяніст сваімі заліхвацкімі пераборамі. Спяваю тут з задавальненнем.


Смірноў Вячаслаў Аляксандравіч (былы ваеннаслужачы):
- Я спяваю з1965 года, у гэтым хоры амаль дзесяць год. Быў ваенным, спяваў у арміі, цяпер хаджу ў хор ветэранаў і рады, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Усё падабаецца.
Запольскі Александр Сцяпанавіч (былы інжынерна-тэхнічны работнік аўтабазы):
- У хоры дзесяць год. Падабаецца калектыў. І мы тут не толькі спяваем, але і адзначаем дні нараджэння, юбілеі, нейкія святы, ездзім разам на экскурсіі. Акрамя таго, мы абменьваемся інфармацыяй. І пагэтаму хор у маім жыцці займае вялікае значэнне.


Недабольскі Казімір Міхайлавіч (да пенсіі працаваў аграномам):
- Хор – гэта маё жыццё. Я і жыву, напэўна, дзякуючы хору, хаця здароў’е падводзіць. Удзел у гэтым калектыве прыдае мне сіл і духоўнай моцы. Я ўдзячны сваім калегам за падтрымку, якую яны мне аказваюць, за іх увагу. І ўсё для мяне гэта многа значыць.
Шагідзевіч Барыс Адамавіч (працаваў кладаўшчыком на заводзе газавай апаратуры):
- У хоры я з 1995 года. Спяваю з задавальненнем. Песня дапамагае жыць, не дарэмна пра гэта нават песня складзена. Кідаю ўсе справы і іду на рэпетыцці абавязкова.
Вось так шчыра выказалі свае думкі ўдзельнікі самадзейнага калектыву, якому, дарэчы, у 1997 годзе было прысвоена званне “народны”. Трэба таксама адзначыць, што ўдзельнікі, не толькі таленавітыя людзі да песен, але сарод іх ёсць і спрытныя танцоры, і таленавітыя дэкламатары. Так ні хто не можа пераўзыйсці ў чытанні баек, гумарэсак Грыня Міхаіла Сяргеевіча – лаурэата Рэспубліканскага значэння самадзейных артыстаў, альбо Недабольскага Казіміра Міхайлавіча.


Застаецца яшчэ дадаць, што кіраўніком калектыву з’яўляецца малады харавік Галушкова Святлана Уладзіміраўна, якая хутка знайшла агульную мову з гэтымі цікавымі, ініцыятыўнымі людзьмі.
СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА

Мастак



Бачыць навокал прыгажосць, захапляцца ёю, здзіўляцца ёй – гэта Божы дар, які на жаль ёсць не ў кожнага. Неяк мой калега з добрай ўсмешкай сказаў:
“Вось узялі нядаўна на паляванне Грэка, так ніякага палявання не было – бо ён хадзіў і ўвесь час любаваўся кожнай палянай і кожнай бярозкай, а мы ўвесь час чакалі яго”.
Так, у Навагрудку мастака Уладзіміра Аляксандравіча Грэка ведаюць многія – усё жыццё ён працаваў з дзецьмі ў школе, у цэнтры пазашкольнай работы… Вучыў маляваць, а дакладней – вучыў бачыць прыгожае, вучыў думаць, вучыў ствараць цікавае. Працаваў ён таксама і ў гандлёвым тэхнікуме( зараз гэта ўжо каледж) – выкладаў эстэтыку студэнтам. Неаднойчы даводзілася яму перадаваць свой багаты вопыт на раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных курсах. Сакрэтамі менавіта сваіх распрацовак і методык ён шчыра дзяліўся з іншымі.



- Скажыце, любоў да мастацтва перадалася ад бацькоў?
Ой, у мяне прозвішча мастацкае… Першы жывапісец у Расіі быў Феафан Грэк. Яго запрасілі з Візантыі. Пасля былі і Дзіянісій, і Рублёў. А цяга да прыгожага перадалася ад маці. Маці была цудоўная жанчына. У тым сэнсе, што яна ўмела ўсё ператвараць у прыгожае. Не маючы адукацыі, у яе гэтае пацуццё было вельмі развітым. Яна магла ўзяць паперу, нажніцы і зрабіць цікавую рэч.
- А адкуль былі бацькі?
Маці з Магілёўскай вобласці, а бацька з Гомельскай. Хаця я нарадзіўся на Украіне. Проста тады ў гады першых пяцігодак жыццё кідала бацькоў па ўсяму былому саюзу.
- Калі пачалі маляваць ?
Маляваць я пачаў з пяці год, але ніхто мной спецыяльна не займаўся – бацькі былі заняты іншымі справамі. Што такое фарбы, ці крэйда я тады нават не ведаў. Браў тое, што пападалася пад руку. Быў вугаль – маляваў вуглём, цэгла – значыць цэглай.
- А хто быў першым настаўнікам малявання?
Не было ў мяне настаўніка, настаўніка з вялікай літары. Па вялікаму рахунку, не знайшоў я яго нават і ў інстытуце. Я ўсё жыццё шукаў настаўніка…пападаліся проста нейкія самадзейныя маляры. Адказы на ўсе пытанні шукаў сам. Але я хачу сказаць , як казаў Максім Горкі: “Усяму добраму ў сабе – я абавязаны кнігам”.
-Дзе праходзіла вучоба пасля заканчэння школы?
Я вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў Віцебску. Яно было тады адным з лепшых на Беларусі. Гэтая ўстанова дала свету многіх вядомых мастакоў, такіх наватараў, як Кандзінскі, Малевіч, Шагал. Гэта гонар віцяблян.
- Як аказаліся ў Навагрудку?
Мяне сюды накіравалі, можна лічыць, у ссылку і сказалі: “Едзь у Навагрудак і ты там нікому не будзеш патрэбны…” А паслалі з-за таго, што хацеў многа ведаць у галіне мастацтва, і асабліва з-за колера. Усюды ў праграме стаяла: колер, колерабачанне, а заняткі па гэтай дысцыпліне не праводзіліся. І прыйшлося мне самому ўсё жыццё вывучаць колер. І з дзецьмі я стаўлю вопыты. І ўсе мае вучні паступаюць вучыцца далей, а гэтыя веды мне ніхто не даў, я іх дабыў сам. У доказ таго я вёў курсы абласныя, рэспубліканскія, усесаюзныя.
- Колькі выйшла ад Вас вучняў, якія сталі прафісійнымі мастакамі?
Ой многа, вельмі многа архітэктараў. Я не лічыў, але кожны год паступае пяць-шэсць, а то і дзесяць чалавек. Асабліва, калі пачаў працаваць у цэнтры пазашкольнай работы. Мае вучні жывуць і ў ЗША, Даніі, Бельгіі і ў іншых краінах і вельмі многа ў Мінску.
-Што трэба для таго каб наладзіць з дзецьмі добры кантакт?
Самы лепшы кантак – гэта гульня. І калі твая праца ператвараецца ў гульню, то гэта незвычайная гульня і заўсёды захопліваючая. Напрыклад, гульня алоўкам: дзіця не павінна нават заўважаць, што яно працуе.
- Вы строгі настаўнік? Вы калі-небудзь павышаеце голас на дзяцей за свавольствы?
Дзяцей я люблю. Мне часта казалі, які ты педагог, што не можаш быць строгім, патрабавальным. Я ведаю адно – забаронены плод заўжды салодкі, да яго чалавек цягнецца насуперак усялякім забаронам. І я гэты плод ім даю адразу. Дзецям трэба давяраць, не трэба з імі трымаць вялікую дыстанцыю. З імі трэба быць побач, на адным узроўні – тады іх будзеш разумець.
- Калі б прыйшлося пражыць жыццё спачатку і выбіраць зноў прафесію – што выбралі б ?
Я зноў стаў бы мастаком. Можа яшчэ б музыкантам і ўсё… Быць мастаком – гэта проста здорава! Ты ствараеш свой унутраны свет і ў гэтым свеце жывеш. Такім чынам адрываешся ад рэальнага жыцця і ў цяжкія хвіліны гэта ратуе. Бо многім людзям, каб адарвацца ад праблем – трэба выпіць. Мастак жа можа проста пераходзіць з рэальнага жыцця ў свет фантазій.
- Вы згодны, што каб ствараць трэба ўмець здзіўляцца?
Гэта вельмі правільна. Бо калі чалавек здзіўляецца ўсяму – гэта цудоўны чалавек, гэта творчы чалавек. І дрэнна, калі дзяцей нішто не здзіўляе. Цікаўнасць – гэта дзіва! Я люблю дзяцей, якія ўсяму здзіўляюцца, якія ўсім цікавяцца. Паглядзіце на ўсход, ці захад сонца – яно кожны раз рознае! Ці адно і тое ж дрэва , а цвіце кожны раз па-рознаму
- Каго любіце слухаць з кампазітараў?
Мне падабаецца Бетховен, Бах…А па праўдзе, я люблю ўсю класічную музыку…і Чайкоўскага, і Мусаргскага і многіх іншых .
- Якую літаратуру чытаеце?
Перавагу аддаю ў першую чаргу гістарычнай, бо ў ёй вопыт чалавецтва.
- А ці падабаецца паэзія?
Паэзію таксама вельмі люблю – бо паэзія заўсёды поўная ідэй. Калі неабходна стварыць нейкую кампазіцыю – трэба толькі звярнуцца да паэзіі і там знойдуцца ідэі. Паглядзіце, Врубель любіў Лермантава – і на яго карцінах лермантаўскія героі. А так я вельмі люблю Пушкіна, захапляюся Ясеніным.
- Якія Вашы любімыя колеры?
Цёплыя колеры. Цёплыя колеры – гэта самыя смачныя, гэта самыя апетытныя колеры – плады спеласці. Рускі іканапіс трымаецца менавіта на цёплых танах.
- Скажыце, якое месца займае ў Вашым жыцці фізкультура?
Фізкультура – гэта радасць, гэта сіла, гэта жыццё. У дзяцінстве займаўся футболам, плаваннем, лыжамі, канькамі. У студэнцкія гады – цяжкай атлетыкай.
- Любімая пара…восень?
Так , канешне, восень. Восенню много жоўтага, а гэта колер свету, колер жыцця.
- Што цэніце найбольш ў людзях?
Дабрыню, уменне ўсё дараваць. Дзецям у школе дараваў усё і таму я сплю спакойна. Дзеці не заўсёды яшчэ могуць усё ацаніць. Зменіцца свядомасць, сутыкнуцца з жыццём і тады яны ацэняць рэальныя рэчы. Я зараз іду па вуліцы і мне ўсміхаюцца, вітаюцца са мной менавіта тыя дзеці, якія не давалі на ўроках спакою. Актыўнасць, як правіла, потым адлюстроўваецца ў рабоце.
-Як Вы лічыце, талентам трэба дапамагаць?
Безумоўна, каб талент раскрыўся, патрэбны поўныя ўмовы. Я, напрыклад, у дзяцінстве вельмі любіў музыку, але раскрыцця таленту не атрымалася, памяшаля беднасць. Канешне, яшчэ патрэбны Божы дар. Талентам трэба дапамагаць абавязкова. Уявіце сабе, колькі было ў Расіі мастакоў, але каб не мецэнаты, такія як Шчукін, Трацякоў, каб не багатыя купцы, не было б і мастацтва, а так, колькі карцін удалося захаваць дзякуючы толькі аднаму Трацякову. Талентам трэба абавязкова дапамагаць!

СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА