Showing posts with label кветкаводства. Show all posts
Showing posts with label кветкаводства. Show all posts

24 сту 2009 г.

У музеі музыка гучыць

 
Літаральна праз пару месяцаў адзін з самых сталых музычных калектываў нашага горада адзначыць сваё 20-ці годдзе. Менавіта вясной 1989 года быў заснаваны пры Доме культуры хор ветэранаў “Радасць”. За гэты час калектыў быў удзельнікам самых розных свят і конкурсаў не толькі ў сваім горадзе і раёне, але і ў іншых гарадах вобласці, а таксама за яе межамі. Ужо болей як пяць апошніх год кіраўніком калектыва з’яўляецца Святлана Уладзіміраўна Галушкова, якая хутка знайшла ўзаемаразуменне з удзельнікамі хора, нягледзячы на свой малады узрост. - “Пакуль мне удаецца добра ладзіць з людзмі і праблем у адносінах паміж намі няма”, - адказала яна.




А што датычыцца акампаніятара, якім з’яўляецца Алег Георгіевіч Рала, то тут ужо самі удзельнікі калектыву у адзін голас сцвярджаюць, што ім проста вельмі пашанцавала. І напэўна маюць рацыю, бо Алег сапраўды з’яўляецца адным з лепшых акампаніятараў-баяністаў у вобласці. Сам па сабе хор шматлюдны калектыў, аднак трэба дадаць, што апошнім часам унутры хора сфарміравалася і выдзялілася яшчэ і вакальная група. У склад яе ўваходзяць сем жанчын, пра кожную з якіх можна доўга гаварыць асобна – гэта Н.А.Прахарэвіч, А.С. Валенцік, І.С.Латышэвіч, В.Я. Апанюк, Г.А.Мікульчык, Н.Р. Нікалаеня і К.М. Бушарава. Усе яны выдатныя гаспадыні, некаторыя з іх цудоўныя рукадзельніцы, апантанныя кветкаводы, фатографы і канешне, усе добрыя спявачкі.




Нядаўна ў Навагрудскім гістарычна – краязнаўчым музеі адбыўся сольны канцэрт гэтай вакальнай групы. Выканальніцкі склад усіх нумароў праграмы вызначыўся шматварыянтнасцю – тут прагучалі і дуэты, і квартэты, і квінтэты, і канешне, пэўная частка канцэрта прагучала ў поўным складзе вакальнай групы – усіх сямі жанчын. Усё залежыла ў першую чаргу ад тэматыкі песень. У рэпертуар гэтага калектыву ўваходзяць і рускія народныя песні і песні з рэпертуара ансамбляў “Бяседа”, “Белы дзень”, “Золотое кольцо”, а таксама песні беларускіх аўтараў. Так, з асаблівай мілагучнасцю прагучаў, напрыклад, “Клён” – прынёманскага аўтара А. Шыдлоўскага. Якога дарэчы, мне падаецца можна было б назваць “Ясеніным” Гарадзеншчыны.
 





Акрамя таго, у канцэрце прагучалі чатыры песні, якія былі створаны непасрэдна у самым калектыве. Так, Валянціна Яўлампіеўна Апанюк напісала словы і мелодыі гэтых песень, а Святлана Уладзіміраўна Галушкова зрабіла вакальную аранжыроўку – мелодыі расклала на партыі. І ўсё гэта аздобіў сваім акампанементам баяніст Алег Георгіевіч Рала.



І напэўна, сімвалічна тое, што як раз напярэдадні Хрышчэння Хрыстова менавіта ў музеі адбылося і “канцэртнае хрышчэнне” касцюмаў гэтага вакальнага ансамбля, а значыць і хора “Радасць”. Справа ў тым, што ў мінулым годзе мясцовая улада нашага горада знайшла магчымасць выдзяліць сродкі на набыццё новага сцэнічнага убрання для хора. Напрыканцы мінулага года касцюмы былі прывезены з Мінску і зараз упершыню былі прадстаўлены перад слухачамі. Вышытыя сукенкі колеру сіняга неба нібыта ўвасаблялі паветраную прастору, прасякнутую таямніцай Вадохрышча.
Застаецца толькі пажадаць усім удзельнікам хору новых канцэртных выступленняў і шчырых апладысментаў ад слухачоў !

Святлана Абдулаева




16 кас 2007 г.

Фіялкі

Наталля Стэцка ужо больш як дваццаць пяць год працуе выкладчыкам па класу фартэпіяна ў Навагрудскай школе мастацтваў. Але акрамя музыкі яна захапляецца яшчэ і іншымі цікавымі справамі. Адно з яе хобі – гэта развядзенне сартавых фіялак. Іх у калекцыі Наталлі больш як 80 гатункаў. А займацца яна гэтай справай пачала 10 год назад. Хаця да гэтага ў яе ўжо была практыка вырошчвання розных галандскіх раслін. А “заразіла” яе менавіта сенаполіямі (фіялкамі) жанчына- кветкавод з Баранавічаў. Квітнеючыя фіялкі ў доме гэтай жанчыны пакарылі адчувальную душу піяніст кі. І яна да гэтага часу помніць, што тыя першыя прывезеныя фіялкі называліся “Пірат” і “Марс”. А потым ужо з’явіліся - “Зіма ўсміхаецца”, “Сіняя ўспышка”, “Блакітны туман”, “Багіня прыгажосці”, “Каралеўскі скарб”, “Сіняе зачараванне” , “Таццянін дзень” і г. д.





“Мне падабаюцца фіялкі за тое, што яны практычна ніколі не спяць – іх можна разводзіць, укараняць у любы час года. Акрамя таго, яны даюць не толькі форму лісця, але і колеравую прыгажосць. Кожны кветкавод чакае, калі кветка зацвіце. А чаканне цуда – гэта і ёсць шчасце. Калі зацвітае першая фіялка – а яна квітнее вельмі прыгожа, потым чакаеш, калі раскрыецца другая, трэцяя, чацвёртая кветка… І асабліва зімою, калі на вуліцы мяцеліца, а на тваім падаконніку фіялкі розных форм, і ўсіх колераў вясёлкі – гэта проста дзіва, на якое немагчыма налюбавацца.”



Трэба зазначыць, што захапленне раслінным светам у Наталлі пачалося яшчэ са школьных год. У тыя далёкія часы менавіта настаўніца біялогіі Ніна Пятроўна Шышло змагла прывіць сваёй вучаніцы любоў да раслін. За гады заняткаў гэтай справай Наталля наладзіла кантакты з фіялкаводамі з Ліды, Мінска, Баранавіч. Стараецца сама бываць на розных выставах сенаполій. І яна лічыць, што пошук самай прыгожай кветкі - гэта жаданне кожнага фіялкавода.


Любімыя яе колеры фіялак – гэта пяшчотна блакітныя і сінія. Хаця вялікая калекцыя проста стракаціць – белымі, жоўтымі, ружовымі, пунсовымі, бардовымі колерамі і мноствам самых розных колеравах камбінацый. Тут ёсць кветкі і ў кропачкі, і з рознымі штрыхамі і лініямі - ад якіх немагчыма застацца абыякавымі. Прыгажосць і разнастайнасць кветак стварае светлую атмасферу не толькі ў пакоі, але і ў душы, таго , хто сутыкаецца позіркам з гэтым цудам. І ў тым, што такая прыгажосць існуе на свеце, канешне, вялікая заслуга калекцыянераў, якія збіраюць, аберагаюць і падтрымліваюць гэтую прыгажосць . Доля гэтай заслугі па праву належыць і нашай зямлячцы - Наталлі Стэцка.



А яшчэ яна прызналася, што хацела б трапіць на выставу фіялак куды- небудзь у Амерыку, ці Францыю. І, канешне, зрабіць у нашым горадзе сваю выставу, каб паказаць навагрудскім аматарам пакаёвых кветак фіялкі, якія проста немагчыма ўбачыць у магазінах – бо іх там ніколі не бывае. А пакуль яна можа толькі прапанаваць пасадачны матэрыял ці даць нейкую параду тым, хто таксама захапляецца фіялкамі. Звязацца з ёй можна па тэлефоне : 8-(01597) 3 -05 – 13.


6 кас 2007 г.

Усё пачалося з цюльпанаў


Кветкі, пачынаючы з далёкіх часоў, ігралі заўсёды немалаважную ролю ў жыцці розных народаў – яўрэяў, персаў, егіпцян, грэкаў, рымлян, кітайцаў, арабаў і індусаў. Яны служылі ўпрыгожваннем алтароў і банкетаў, адыгрывалі пэўную ролю ў войнах, былі лекамі.


У жыцці Галіны Ізмаілаўны Шчансновіч кветкі прысутнічалі з самага маленства. А зараз яе дом проста “патанае” ў моры кветак. І цвітуць яны з самай ранняй вясны, калі толькі сыдзе снег і да самых маразоў, калі ў небе замільгаюць першыя сняжынкі. Нарцысы, цюльпаны, гіяцынты, прымулы, стылы, лілеі, хоста, асцільба, вяргіні, хрызантэмы, ружы – усё проста немагчыма пералічыць. На кветніках – сотні раслін.


Нарадзілася Галіна Ізмаілаўна ў сям’і ветурача, недалёка ад хутара Завоссе. Менавіта каля таго Завосся, дзе з’явіўся на свет і вялікі паэт Адам Міцкевіч.
“ Усё пачалося з цюльпанаў – успамінае Галіна Ізмаілаўна. - Мая бабуля была добрай агародніцай і гандлявала агароднінай, яблыкамі. У нас былі добрыя гатункі садавіны. І вось аднойчы яна прывезла з базара ў насавой хустачцы маленькія цыбулінкі цюльпанаў. Мы іх пасадзілі і, калі яны зацвілі - проста не маглі налюбавацца. І наогул, бабуля часта вязла на возе з горада дамоў то альвас, то фікус, то нешта яшчэ”.


Акрамя бабулі, значную ролю у тым, што Галіна звязала сваё жыццё з кветкамі, адыграла яшчэ адна жанчына з Ленінграда ( зараз Санкт-Пецярбург), якая прыехала ў сям’ю Шчансновічаў , каб закупіць сажанцы самых лепшых гатункаў яблынь. Гэтая жанчына вадзіла, тады яшчэ малую Галіну ўсюды за сабой – у лес, у поле, на луг і знаёміла з раслінамі. Вось так яшчэ ў дзяцінстве быў зроблены выбар на прыгожае. Пасля Гарадзішчанскай школы, скончыла Беларускі тэхнічны універсітэт – лесагаспадарчы факультатэт і стала інжынерам-азеляніцелем.


Працавала майстрам у Навагрудскім зеленгасе. Два гады адпрацавала таксама ў музеі Адама Міцкевіча навуковым супрацоўнікам – гэтаму паспрыяла добрае веданне польскай мовы. Але без кветак яна проста не ўяўляе сваё жыццё. Апошнім часам пачала займацца і хвойнымі кустарнікамі. Зараз Галіна Ізмаілаўна – індывідуальны прадпрымальнік. І ўсе жадаючыя мець у сваім агародзе прыгожыя кветкі могуць зрабіць у яе нават заказ па тэлефоне 8 -01597( 2-02-72).


СВЯТЛАНА АБДУЛАЕВА