Showing posts with label Міхаіл Зізюк. Show all posts
Showing posts with label Міхаіл Зізюк. Show all posts

4 сне 2007 г.

Прэзентацыя першай кнігі

У апошні дзень лістапада ў культурным жыцці Навагрудка адбылася добрая падзея – у зале аграрнага каледжа прэзентаваў сваю першую кнігу “Згінуўшае вяселле” наш зямляк Міхаіл Зізюк – гэта была першая частка сустрэчы . Другая палова імпрэзы прадстаўляла канцэрт – тут ужо гучалі песні на словы Міхаіла ў выкананні самога аўтара, а таксама вядомых у горадзе музыкантаў - Яўгена Пяцельчыца, Аляксандра Яраша і Валянціна Ушакевіча. Дарэчы, трэба зазначыць, што вечарына была дабрачынная - на пачатку сустрэчы былі сабраны ахвяраванні на будаўніцтва храма па вуліцы Ф. Скарыны.





Што ж датычыцца самога аўтара, то ён нарадзіўся ў вёсцы Лычыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння школы марыў стаць лётчыкам-касманаўтам. Але жыццёвы шлях прывёў яго ў Навасібірскае ваеннае вучылішча. Скончыўшы з чырвоным дыпломам гэтую ўстанову – службу выбраў на Далёкім Усходзе.

Праз пяць год пераехаў з Хабараўска ў Навагрудак. Тут сустрэў сваю будучую жонку і стварыў сям’ю. Працаваў у міліцыі. Скончыў акадэмію МУС. Зараз ён – індывідуальны прадпрымальнік.

Першым “літаратурным вопытам” аўтара - былі напісаныя яшчэ ў школьныя гады казкі пра мясцовых жыхароў. У 2005 годзе газета “Звязда”, калі праводзіўся конкурс апавяданняў, надрукавала яго расказ “Цяпло яе сэрца”.

У 2006 годзе ў гэтай жа газеце было надрукавана яго апавяданне “ Вось такое жыццё”. Зараз Міхаіл Зізюк працуе яшчэ над раманам “Выстрел отшельника” і іншымі творамі.

Калі ж гаварыць пра выдадзеную кнігу – то, яна напісана ў стылі фэнтазі. Малады студэнт, прыехаўшы да бабулі ў вёску, сутыкнуўся з незвычайнай з’явай - ён убачыў , як пранёсся дзіўны вясельны картэдж і знік… За тлумачэннямі пра легенду давялося звяртацца да бабулі. У кнізе многа прыгод, праз увесь сюжэт праходзіць лінія кахання.



Святлана Абдулаева

12 кас 2007 г.

Вось такое яно жыццё...

Перад ім ляжала амаль цэлая гара прысмакаў: каўбасныя абрэзкі, сакавітыя курыныя костачкі, тлустыя і духмяныя кумпячкі, здробнены халадзец. I ўсё гэта было яго, трэба толькі дацягнуцца. I ён пацягнуўся носам да той смакаты, усёй сваёй істотай прадчуваючы асалоду, зараз, зараз...
— Фараон!
Гучны воклік гаспадара вывеў яго з салодкага забыцця. Ён расплюшчыў вочы: каб жа ты спрахла, такое жыццё, гэта быў сон. Ён павярнуў галаву да Юзіка: што табе, маўляў, патрэбна.
— Фараон, узяць яе, узяць Рыжуху, узяць!
Фараон павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў гаспадар: так і ёсць, зноў суседава Рыжуха лезе ў шкоду. I што за стварэнне, цалюткі дзень ганяй ды ганяй яе. Другія каровы як каровы, а гэта толькі цікуе, каб куды ўлезці. Ён неяк добра-такі хапіў яе за хвост, аж да крыві. Ды тады Юзік адлупцаваў яго. Фараону было балюча і крыўдна, ён жа стараўся, каб тая паскуда знала сваё месца, а атрымаў...
Ён доўга скавытаў у кустах і паўдня не падыходзіў да гаспадара. Але ж нічога не зробіш, трэба выконваць свае абавязкі, бо Юзік тады і карміць не будзе.


Фараон з гучным брэхам кінуўся адганяць карову. Тая незадаволена паглядзела ў яго бок і, хапянуўшы напаследак зялёнай і сакавітай кукурузы, павольна, быццам ведаючы, што Фараон яе не зачэпіць, пацягнулася да статка. Голас Юзіка мусіў Фараона вярнуць назад.
Мянушку гэту дадумаў сам Юзік. Калі ён прынёс малога шчанюка, то па тэлевізары якраз ішла перадача пра жыццё нейкага фараона Рамзеса. І Юзіку спадабалася нязвыклае слова.
— А што, — заявіў ён нападпітку, — гучнае імя, ні ў аднаго сабакі ў акрузе няма такой мянушкі, гучыць горда. Усё, будзеш у мяне Фараон.
Хай сабе і Фараон, яму тады было ўсё роўна, ды і цяпер таксама. А што, жыццё неблагое, цэлымі днямі на волі, а не на ланцугу. Кормяць у цэлым спраўна. Асабліва калі Юзік падап'е, тады ён сама дабрыня: пацалуе Фараона ў пысу, абдыме яго, дасць нечага смачнага і размаўляе з ім.
— Што ты, браце, разумееш у жыцці, сядзіш толькі і чакаеш, калі паесці дадуць. Ну ўжо еш, еш. А тут круцішся цэлымі днямі, усё адно і тое ж, ніякага прасвету. I дома спраў мора, гаспадарка гэтая. А людзі вось жывуць, палацы сабе ў Амерыцы купляюць, адпачываюць у цёплых краінах.
Вось там жыццё, браток. А, ні халеры ты не разумееш.
Канешне, нічога ён не разумее... Ды, можа, болей за гэтага Юзіка. Людзі нейкія дзіўныя істоты: маюць столькі ежы рознай, добрыя і вялікія буды. Што ім яшчэ трэба? Дык не, шукаюць яшчэ нечага. Эх, каб мне такое жыццё. А калі вечарам Юзік нападпітку вяртаецца дахаты, то Ніна, Юзікава жонка, лямантуе: зноў недзе набраўся, і калі яно скончыцца, яна цэлымі днямі круціцца, як вавёрка ў коле, а яму толькі піць. Находзіць каса на камень, і яны цалюТкі вечар сварацца. Чаго сварацца, Юзік нічога кепскага не робіць, наадварот, такі спагадлівы. Не, не разумее ён жанчыну. Вось хай паглядзяць, якое жыццё ў суседскага сабакі Эндзі: той пародзісты, паляўнічы сабака. Таму яго трымаюць у невялікім закуточку, што называюць вальерам, раз у дзень, а то і радзей, выгуляюць і ўсё. Сядзіць той бедны Эндзі і скуголіць за сеткай, паглядае, як другія вольна бегаюць. Пару разоў у год гаспадар з ім з'ездзіць на паляванне і пасля гэтага зноў у закуток. Ці ж гэта жыццё?
Сонца павярнула на другую палову дня. Каровы, палёгшы, зжавалі сваю жуйку, было ціха і цёпла. Юзік, папалуднаваўшы, прылёг каля дуба. Фараон, з'еўшы тое, што даў гаспадар, таксама ляжаў, падлажыўшы лапы пад галаву і ткучы свае думкі. Калі-нікалі ён расплюшчваў вочы, каб ведаць, ці ўсё ў парадку, ці на месцы статак. Трэба пільнаваць, пакуль Юзік давярае яму. Не так даўно пастух з суседняй вёскі, паглядзеўшы, як Фараон спрытна пасе, нават прапаноўваў Юзіку грошы за яго. Але ж Юзік адмовіў. А Фараон сам ад яго збег бы, не спадабаўся той пастух яму. Тым часам ён заўважыў, што да іх наблізіўся чалавек. Фараон нядобра аскаліўся і забрахаў: ён пазнаў Сцяпана Карпіна з іхняй вёскі. Некалі, калі Фараону было каля года, ён, гуляючыся, падбег да Сцяпана і пачаў скакаць каля яго. А той два разы вельмі ж балюча даў яму пад рэбры. Ні за што. 3 таго часу ён ніколі не прапусціць свайго крыўдзіцеля, заўсёды аблае, калі той ідзе па вуліцы. Вось і зараз ён кінуўся на яго, але ж Юзік-такі запыніў.
Мужчыны павіталіся, загаманілі аб нечым сваім. Фараон не любіць людзей, што крыўдзяць сабак. Ёсць такія і ў іхняй вёсцы. Дзеля праўды трэба сказаць, што ў гэтай сям'і яго не крыўдзяць. Колька, Юзікаў сын, часта падсілкоўвае яго, калі ўкрадзе што са стала і бацькі не бачаць. Заўсёды з ім гуляе. Фараон яго таксама любіць, і калі той прыйдзе да яго, заўсёды падскочыць і аблізвае твар Колі. А той адпіхвае, уцякае. Не, тут яму пашанцавала, у цэлым неблагая сям'я.
Карпін пайшоў сабе. Неўзабаве і каровы сталі падымацца з належаных месцаў і зноў брацца за сваю вечную справу — набіваць страўнікі травой. Хочаш не хочаш, а за імі трэба рушыць. Юзік свіснуў яму, і яны пакіравалі ўздоўж поля. Дзень паціху коціцца сабе, хутка і дахаты. Так вось ён і жыве, у турботах і бегатні. Ды ён не бядуе, яму падабаецца жыццё. Няма калі асабліва ўглядацца і думаць, патрэбна ісці наперад, бо Рыжуха ўжо рвецца дахаты раней. Калі яе не запыніць, то ўзрушыцца і ўвесь статак. Ну вось, ужо Юзік загадаў кіраваць кароў у вёску. Фараон, весела падбрэхваючы і задаволена круцячы хвастом, стаў заганяць статак. Каровы ўвайшлі ў вёску, гонячы за сабой воблачка шэрага пылу, затым сталі расходзіцца па дварах. Некаторыя гучна мыкалі, быццам дакараючы сваіх гаспадынь за тое, што іх не сустракаюць. Фараон са стомленым выглядам прылёг каЛя буды, чакаючы вячэры. Ён любіць такія ціхія летнія вечары. У вёсцы ціха, толькі там-сям даносяцца нечыя галасы, крыкі дзетвары і далёкі сабачы брэх. Хораша, прывычна і ўтульна. Коля прынёс яму ежу, прылашчыў. Фараон завіляў хвастом і лізнуў яму руку. А сонца садзілася ўсё ніжэй і ніжэй, барвовы шар паступова хаваўся за борам. А назаўтра яно зноў узыдзе, і наступіць новы дзень, нечым падобны на сённяшні, нечым будзе адрознівацца. Вось такое яно, жыццё.
Ноччу Фараону зноў сніліся каўбасныя абрэзкі, сакавітыя курыныя костачкі, духмяныя і тлустыя кумпячкі, здробнены халадзец. Усё гэта багацце ляжала перад ім, быццам запрашаючы: бяры, еш, бач, як смачна. I Фараон з усіх сваіх сабачых сіл цягнуўся да гэтай смакаты і ніяк не мог дацягнуцца.

МІХАІЛ ЗІЗЮК
г. Навагрудак.

10 кас 2007 г.

Цяпло яе сэрца

Сяргей гнаў аўтамабіль, па дарозе, не заўважаючы нічога. Фары сустрэчных машын сляпілі вочы, але ён нават не звяртаў на гэта ўвагі. Ён думаў толькі аб тым, што не давала спакою ўжо не адзін месяц: чаму жыццё не складваецца, чаму так атрымалася ў яго, як яму жыць далей на гэтым свеце.
З Наташай яны пазнаёміліся яшчэ ў інстытуце. Яна вучылася курсам пазней. Сустракаліся пару гадоў, затым пажаніліся. Пару гадоў жылі ў абласным цэнтры, але там нічога не свяціла з жыллём, таму пераехалі ў яго родны райцэнтр. Там, з дапамогай яе бацькоў, прыдбалі кватэру. Ён нават умудрыўся сабраць на «Жыгулі». Клопату прыбавілі дзве дачушкі-пагодкі, якія з радасным віскам сустракалі яго з працы. Адным словам, жыццё ішло. Але ж з цягам часу яны з Наташай сталі страчваць пачуццё адзінства, якое было ў іх на першых гадах сумеснага жыцця. Можа, і ён у гэтым вінаваты? Сталі часцей сварыцца, нават па дробязях, з-за чаго ён стаў пазней прыходзіць з працы і, бывала, «пад мухай». Спакою ў доме гэта не прыбаўляла.


У адно з такіх позніх вяртанняў ён пазнаёміўся ў аўтобусе з Верай. Вера развялася з мужам год таму і выхоўвала дачку. Выпадковае знаёмства перарасло ва ўзаемную сімпатыю ці прывязанасць. Яны сталі сустракацца. У хуткім часе Наташа пачала аб гэтым здагадвацца, але выгляду не падавала. I вось сёння, калі ён ішоў з Верай пад ручку, адбылося тое, што павінна было некалі адбыцца: Наташа іх заўважыла. Сяргей даўно разумеў, што рана ці позна гэта адбудзецца, ды не мог адмовіцца ад Веры. А сям'ю кінуць таксама не мог.
Адным словам, думай сабе, браце. I калі ён сёння прыехаў з працы дахаты, яго чакаў сюрпрыз: каля парога ў прыхожай стаялі два чамаданы з рэчамі. «Такі бацька дзецям не патрэбен», — сказала Наташа і выйшла з пакоя, узяўшы за рукі Віку і Олю. Сяргей у запале грымнуў дзвярамі так, што са столі пасыпалася пабелка, і выскачыў на вуліцу. Ён сеў у «Жыгулі» і паімчаў у невядомым накірунку. Нёсся некуды ці то ад жыццёвых праблем, ці то ад сябе — і сам не ведаў. Рукі прывычна круцілі баранку, ён недзе зварочваў, але ўсё гэта было на ўзроўні «аўтапілота». На нейкім невялічкім узгорачку машына адчайна завыла і заглухла. Ён крутануў некалькі разоў стартэрам, ды нічога не атрымалася: рухавік не хацеў працаваць, быццам ён стаміўся сёння ад свайго гаспадара. Сяргей выйшаў на позні вераснёўскі вечар, падняў капот, пастаяў хвіліну і закрыў яго — усё роўна нічога не відаць.
Сяргей азірнуўся па баках і аж здранцвеў: дык ён жа амаль трапіў у сваю родную вёску! Яшчэ з кіламетр — і за наступным узгоркам яго вёска, Навасёлкі. А каля машыны, метраў за трыста, вясковыя могікі, на якіх пахаваныя бацькі. Чатыры гады таму ад хваробы раптоўна памёр бацька, а за ім, не счакаўшы і года, пайшла і маці. Яны з братам забілі дошкамі вокны ў бацькоўскай хаце, зладзілі помнік на магіле — і болей Сяргей у вёску не паказваўся...
Ісці ў вёску не хацелася: старых знаёмых засталося мала, ды і ад тых пачнуцца пытанні. А размаўляць сёння ні з кім не хацелася. Надзеі, што хто-небудзь будзе ехаць, было мала — у такую пару па гэтай дарозе машыны амаль не ходзяць. Надзеўшы лёгкую куртачку, ён рашыў перачакаць да раніцы і там ужо па-віднаму глядзець, што рабіць далей. Тым больш што сёння пятніца, і заўтра не трэба на працу. Ён забраўся на задняе сядзенне, скурчыўся і падрыхтаваўся драмаць да раніцы. Сон да яго не ішоў — вельмі свежыя былі «раны». Узгадаліся бацькі, родная хата, дзяцінства. Раптам яму зрабілася страшна ад блізкасці могілак: здавалася, зараз пачнецца нешта жахлівае. Сяргей падхапіўся і хуценька пазашчоўкваў усе дзверцы ў машыне, каб ніхто не дабраўся да яго. Яму падалося, што ўсе мерцвякі паўсталі з магіл і шэрымі зданямі абступілі машыну. Там, у цемры, яны цягнуць да яго свае ссохлыя рукі з голымі касцямі, разлапістыя, як голле дрэў. Яны хочуць схапіць яго і павалачы з сабой у тую халодную пустэчу. Але нічога не рабілася, стаяла тая ж цемра і цішыня. Толькі па-ранейшаму самотна шумелі сосны на могілках у сваіх адвечных думках. Памалу стаў супакойвацца, галава міжволі стала хіліцца ўніз...
Ён сядзіць каля стала, на якім невялічкай горкай ляжаць свежаспечаныя румяныя бліны. Маці раз-пораз дастае іх з печы і кладзе ў гэтую горку. Сяргей есць іх, макаючы ў смятану, і не можа наесціся. Маці прысела каля стала, падперла далонню галаву і з задавальненыем узіраецца, як Сяргей уплятае бліны. Сполахі агню з печы падаюць ёй на твар і надаюць яму нейкі асаблівы іканапісны выгляд. «Ну, ці падабаецца табе, сынок, матчына страва?» - пытаецца яна. «Угу», — толькі і можа прамовіць з набітым ротам Сяргей. Маці памаўчала, затым уздыхнула і мовіла: «Дрэнна, сыне, што забыў нас з бацькам, ужо каторы год не быў на нашай магіле». Сяргей спыніўся, выцер далонню вусы і ціха схіліў галаву: «Даруй, мама». Маці яшчэ крыху памаўчала і зноў загаварыла: «Сям'ю ты таксама забыў, сынок. Нядобра гэта. Азірніся, сыне, назад, нешта ты не так робіш». Сяргей толькі і змог зноў прамовіць ледзь чутна: «Даруй, мама». Ён прытуліўся да матчыных грудзей, як некалі ў дзяцінстве, калі яму было крыўдна і балюча, калі трэба было пажаліцца ёй. Маці ў такіх выпадках, гладзячы яго па галаве, казала: «Нічога, сынок, усё будзе добра». I ад яе зыходзіла такое цяпло, такая дабрыня, што Сяргею стала няёмка і крыўдна за тое, што ён не ведае, як жыць далей. I ён не стрываў і заплакаў. Слёзы, буйныя як боб, ліліся з яго вачэй, і не было ім канца. Маці пагладжвала яго па галаве і прыгаворвала: «Не плач, сынок, усё будзе добра, усё наладзіцца». А ён плакаў, уткнуўшыся ў матчын фартух. Ад маці ішлі і ахутвалі яго хвалі цяпла, ад якога яму станавілася ўсё лягчэй і лягчэй. Боль паціху стаў прападаць, адыходзіць. Пачаў супакойвацца і ён. Слёз амаль ужо не было, толькі ён яшчэ ўздрыгваў плячамі, нібы падлетак. А матчына цяпло накрывала яго, не раўнуючы, як коўдрай, пад якой яму станавілася так пяшчотна і ўтульна, што вочы сталі зліпацца самі па сабе. І было так прыемна засынаць пад гэтай коўдрай...
Сяргей прачнуўся ад таго , што сонечны прамень трапіў яму прама ў вочы . Ён падхапіўся і сеў. Правёўшы рукою па твары, ён адчуў, што той мокры ад слёз . За шклом аўтамабіля ў поўную сілу ўступаў вераснёўскі ранак – яшчэ не халодны, але ўжо і не цёплы. Сяргей выйшаў з машыны, агледзеўся і рашуча накіраваўся у бок могілак . Ён падышоў да магілы бацькоў, схіліўся і згроб з магілы сухую ігліцу і лісце, нанесенае ветрам. Было ціха і спакойна. Раніца паступова набірала моцы, абуджаючы ўсіх, хто яшчэ не азваўся на ласкавае святло сонейка. Нават стромыя сосны не хацелі парушаць цішыню светлай раніцы. Сяргей прысеў, выцер з фотаздымкаў на помніку пыл і на хвіліну прытуліўся да яго, быццам штосьці сваё хацеў аддаць тым, хто тут ляжаў. Пасядзеўшы, ён устаў і накіраваўся да машыны. Машына завялася амаль адразу, толькі фыркнула, як наравісты конь. Сяргей развярнуў яе і скіраваў на горад.
Каля могілак стала зусім ціха. Сівы дым ад аўтамабіля хутка развеела лёгкім ранішнім ветрыкам, і нішто не нагадвала, што нехта тут правёў ноч. І толькі сонца, падымаючыся ўсё вышэй, спрабавала адарыць сваім апошнім асеннім цяплом гэты куток, гэты край, гэту зямлю.

МІХАІЛ ЗІЗЮК