Showing posts with label гісторыя. Show all posts
Showing posts with label гісторыя. Show all posts

20 сак 2009 г.

Легенды нашай зямлі


Жыццё людзей з самых старажытных часоў суправаджалі паданні і легенды, якія складаліся, каб растлумачыць з’явы прыроды, паходжанне азёр, рэк, гор, крыніц, камянёў і г.д. Легенды, як жанр вуснай народнай творчасці, замацоўваліся ў свядомасці людзей, пераказваліся, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Навагрудчына, з яе багатай, амаль тысячагадовай гісторыяй мае шмат легендаў, якія расказваюць пра возера Свіцязь, возера Літоўку, раку Нёман, пра святы сянежыцкі камень, акамянелых валоў, пра дуб-волат, пра вядомыя ў гісторыі постаці Міндоўга і яго сына Войшалка, пра Елісея Лаўрышаўскага, пра падзеі з далёкай мінуўшчыны: набегі татараў, пра падзеі руска-польскай вайны сярэдзіны 17 ст., пра разбурэнне шведамі навагрудскага замка і інш.

Маладыя сябры гістарычна – краязнаўчага музея, якія цікавяцца мінулым нашага краю, запісалі некалькі легендаў. Мы прапануем вам паслухаць некаторыя з гэтых легенд.

Галіна Кавальчук – навуковы супрацоўнік НГКМ

Легенда пра Елісея Лаўрышаўскага
Легенда пра веску Лаўрышава
Легенда пра замак
Легенда пра валуны каля вескі Валковічы



Type rest of the post here

14 лют 2009 г.

Касцёл Святога Міхаіла ў Навагрудку. Пасляваенны лёс святыні.


Драўляны касцёл у цэнтры горада быў пабудаваны ў 1624 годзе на сродкі віленскага ваяводы Кшыштафа Хадкевіча і належаў дамініканскаму ордэну. Прыкладна праз сто гадоў касцёл перабудаваны дамініканамі на мураваны. Побач з касцёлам знаходзіліся кляштарныя пабудовы. Першапачаткова касцёл насіў назву св. Яцка, а ў 1805 годзе пасля рамонту? Быў пераіменаваны ў касцёл св.Міхаіла. Пры касцёле з 1797 года дзейнічала дамініканская школа, у якой вучыліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля. У 1853 годзе кляштар дамініканаў быў зачынены, а касцёл стаў парафіяльным.
На паштоўках і фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя касцёл св. Міхаіла выглядае вельмі прывабна. Яго будынак патанае ў густых кустах бэзу. Побач з касцёлам відаць двухярусная мураваная званіца.

Падчас другой сусветнай вайны касцельныя пабудовы былі пашкоджаны нямецкай бамбёжкай. Але сапраўдныя страты касцёл панёс ўжо ў пасляваенны перыяд.


Амаль адразу пасля вайны, у 1948 годзе, касцёл быў зачынены. У ім было вырашана размясціць зернесховішча. Жыхарка Навагрудка Марыя Дабжынская-Каравайская ўспамінае, як прыхажане доўга не аддавалі ключоў ад брамы, па чарзе несучы варту каля сцен касцёла. Тады ўначы грузавіком былі выбіты дзверы і збожжа высыпалі ў галоўны алтар. Цудам удалося выратаваць некалькі абразоў, у тым ліку абраз Св. Міхаіла, які затым доўгі час знаходзіўся ў Фарным касцёле, лёс астатняй маёмасці пакуль да канца невядомы. Старыя людзі расказваюць, што вартаўнік зерня бавіў час тым, што страляў па абразах і скульптурах, цэлячыся ім у вочы.


У 1950 годзе мясцовымі ўладамі прымаецца рашэнне аб перадачы касцёла пад кінатэатр. Для гэтага райвыканкам просіць выдзеліць з абласнога бюджэту 100 тысяч рублёў для правядзення рамонтных работ. Аднак грошы на гэтыя мэты напэўна выдзелены не былі, таму што яшчэ не раз пытанне аб пераабсталяванні касцёла пад кінатэатр разглядаецца на паседжаннях райвыканкама. У 1952 годзе раённымі ўладамі разглядаецца пытанне аб рэканструкцыі першага паверха касцёла пад кінатэатр, а другога паверха пад бібліятэку. Дзеля гэтага прадпісваецца ачысціць памяшканне касцёла ад рэшткаў зерня, а скляпенні касцёла ад солі.



У гэты ж перыяд райвыканкамам бярэцца на ўлік і ўся касцельная маёмасць, а затым яна перадаецца ў веданне райфінаддзела. Па акту вопісу і ацэнкі касцельнай маёмасці №40 ад 14.08.1951 г. было канфіскавана 378 прадметаў рэлігійнага культу, у тым ліку абразы, скульптуры, партрэты, перасоўныя алтары, кленчнікі для малення, распяцці, крыжы, падсвечнікі, званочкі, падносы настольныя і многае іншае. Канфіскаваная маёмасць касцёла часткова рэалізуецца праз сетку магазінаў райспажыўсаюза, часткова перадаецца розным арганізацыям і ўстановам на іх патрэбы. Так, у жніўні 1951 года Навагрудскаму райспажыўсаюзу для рэалізацыі праз райунівермаг было перададзена касцельнай маёмасці на агульную суму 2788 руб.50 кап. У актах вопісу і ацэнкі кошту канфіскаваных прадметіаў маецца пералік дываноў, сурвэтак, пакрывалаў, дарожак, мэблі, падсвечнікаў, свяцільнікаў і іншых прадметаў. У снежні 1951 года ў раённы выканаўчы камітэт звяртаецца Навагрудскі харчкамбінат з просьбай выдзеліць для вытворчасці карамельных вырабаў дзве мармуровыя дошкі з касцёла Св.Міхаіла. па акту вопісу і ацэнкі №69 ад 29.12.51 г. Навагрудскі райфінаддзел перадае райхарчкамбінату адну мармуровую дошку памерам 1,75х1х0,4м і тры мармуровыя дошкі памерам 95х92х4см і ацэньвае іх кошт па 100 рублёў за 1кв.м. агульная сума перададзенага склала 437 рублёў.


У 1968 годзе ў касцёле Св.Міхаіла размяшчаўся мэблевы склад. Вось як апісвае доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь свае ўраджанні ад наведвання ў 1968 годзе Навагрудка групай студэнтаў-мастакоў, архітэктараў і фізікаў пад кіраўніцтвам мастацтвазнаўцы Элеаноры Вецер: “У той час ў былым дамініканскім касцёле, парафіянамі якога была сям’я Адама Міцкевіча і ён сам, размяшчаўся мэблевы склад. Сярод хаоса і занядбання, пылу і бруду, у вялікай двухпавярховай сакрыстыі, размешчанай на паўднёва-заходнім вуглу храма, нашай групай былі знойдзены некалькі вельмі каштоўных готыка-рэнесансных разьбяных скульптур святых, перададзеных пасля ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ішоў час і святыня ўсё больш руйнавалася, з’явіліся аварыйныя расколіны і адпаведна жаданне чыноўнікаў пазбавіцца ад праблемы аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помніка”.

Пасля ліквідацыі ў 1976 годзе склада мэблі касцёл моцна пацярпеў ад пажару, які стаў прычынай абвалу касцельнага даху. Пасля пажару касцёл прастаяў ў руінах да 1986 года. За гэты перыяд касцёл канчаткова прыйшоў у заняпад, у выніку пранікнення ў памяканне атмасферных ападкаў і вільгаці амаль дашчэнту было знішчана ўнутранае ўбранства касцёла, амаль поўнасцю было страчана ўнутранае ўбранства храма, каля 90% разьбы.
Шмат людзей мелі дачыненне да выратавання каштоўнага помніка беларускага сакральнага дойлідства. Вялікія намаганні для аднаўлення касцёлу прыклаў ксёндз Фарнага касцёла Антоній Дзем’янка, якому ўдалося пераканаць чыноўнікаў з Міністэрства культуры распачаць рэстаўрацыю касцёла. У 1986 годзе Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама накіроўвае ў спецыялізаванае навукова-рэстаўрацыйнае аб’яднанне “Белрэстаўрацыя” ліст-заказ на правядзенне комплексных навуковых даследаванняў помніка ХУІІІ стагоддзя - касцёла св.Міхаіла і мужчынскага дамініканскага кляштара ў Навагрудку. Былі праведзены грунтоўныя даследаванні
У 1986-1987 гг. быў праведзены першапачатковы рамонт касцёла і ён быў перададзены вернікам. У 1992 годзе пачаўся далейшы рамонт храма.
І сёння мы можам любавацца прыгожым куточкам нашай плошчы, аздобу і настрой якога стварае касцёл св.Міхаіла.

Літаратура:

1. Габрусь Т., Дамініканская святыня ў Навагрудку // Гістарычная і культурная спадчына Навагрудчыны. Мінулае і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі 12.06.2004 г., Навагрудак – Мінск, 2004
2. Касцёл св. Міхаіла ў Навагрудку. “Аvе Маrіа” №9-10(11-12)1995 г.
3. Tatsiana Matys. Oltarz glowny z kosciola swientego Michala w Nowogrodku. Historia i proba rekonstrukcji stanu pierwotnego. Praca seminaryjna. Uniwersytet Kardynala Stefana Wyszynskiego. Instytut Historii Sztuki. Warszawa 2007

Г.Кавальчук – ст. навуковы супрацоўнік

Каляндар гістарычных і памятных дат Навагрудчыны на 2009 год

1044 – 965 гадоў з першага ўпамінання пра Навагрудак.
1249 – 760 гадоў назад Міндоўг пачаў княжыць у Навагрудку.
1314 – 695 гадоў з дня штурма крыжакамі Навагрудскага замка на чале з магістрам Генрыхам фон Плоцке.
1394 – 615 гадоў з дня штурма Навагрудскага замка крыжакамі на чале з магістрам Конрадам фон Юнінгемам.
1444 – 565 гадоў назад вялікі князь Аляксандр Ягелончык даў Навагрудку Грамату на няпоўнае самакіраванне.
1514 – 495 гадоў назад упершыню ў дакументах упамінаецца вёска Ваўковічы.
1519 – 490 гадоў назад на сродкі Канстанціна Астрожскага пабудавана Барысаглебская царква.
1524 – 485 гадоў назад упершыню ўпамінаецца вёска Кусціна.
1529 – 480 гадоў назад выдадзены першы Статут Вялікага княства Літоўскага.
1534 – 475 гадоў назад ваколіцы “Ноўгародка Літоўскага” былі спустошаны маскоўскімі войскамі.
1539 – 470 гадоў таму ў Навагрудку была адкрыта першая гімназія.
1554 – 455 гадоў назад у дакументах упершыню ўпамінаюцца вёскі Мондзіна, Ятра.
1559 – 440 гадоў назад прадстаўнікамі Навагрудскага ваяводства была падпісана Люблінская унія.
1559 – 440 гадоў з першага ўпамінання ў дакументах вёсак Негрымава, Радагошча, Рутка-І, Валеўка, Кашалева, Нязнанава, Пуцавічы, Байкі, Лоўчыцы.
1599 – 410 гадоў назад упершыню ў дакументах упамінаецца вёска Сялец.
1624 – 385 гадоў назад на сродкі віленскага ваяводы Кшыштафа Хадкевіча у Навагрудку быў заснаваны касцёл і кляштар Дамініканаў.
1624 – 385 гадоў назад пры Барысаглебскай царкве ў Навагрудку быў заснаваны Базыльянскі жаночы кляштар.
1629 – 380 гадоў з дня нараджэння Кміты Пятра Бластуса – друкара і кнігавыдаўца, заснавальніка Любчанскай друкарні.
1649 – 360 гадоў назад на сродкі падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Сапегі ў Навагрудку быў заснаваны кляштара Баніфратаў.
1714 – 295 гадоў назад пры Навагрудскім езуіцкім касцёле быў адкрыты калегіум.
1729 – 280 гадоў з дня нараджэння Іахіма Літавора Храптовіча – дзяржаўнага і грамадскага дзеяча ВКЛ, уладальніка маёнтка Шчорсы.
1794 – 215 гадоў з дня нараджэння Юзафа Кашыца – аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-31гг. на Навагрудчыне.
1799 – 210 гадоў назад у Фарным касцёле быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.
1799 – 210 гадоў з першага ўпамінання ў дакументах вёсак Каменка, Панямонь.
1799 – 210 гадоў назад быў праведзены перапіс “дымоў” Навагрудскага павета.
1839 – 170 гадоў назад адбылося скасаванне Брэсцкай царкоўнай унііі і закрыццё базыльянскага кляштара ў Навагрудку.
1879 – 130 гадоў з дня нараджэння Рагулі Васіля Цімафеевіча – беларускага грамадска-культурнага дзеяча, ураджэнца в. Ачукевічы.
1879 – 130 гадоў з дня нараджэння Платона Цясевіча – славутага опернага спевака, ураджэнца в. Нягневічы.
1884 – 125 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Абрантовіча – беларускага грамадскага і культурна-рэлігійнага дзеяча.
1889 – 120 гадоў назад у Навагрудку была адкрыта тытунёвая фабрыка.
1904 – 105 гадоў з дня нараджэння Афанасія Мартаса – рэлігійнага дзеяча, магістра багаслоўя, епіскапа Навагрудскага, ураджэнца Навагрудчыны.


1909 – 100 гадоў з дня нараджэння Лецка Рамана Сцяпанавіча – беларускага краязнаўца, калекцыянера, ураджэнца в. Вярбіцы.
1914 – 95 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая – беларускага паэта.
1919 – 90 гадоў назад адбыўся Першы з’езд Саветаў Навагрудскага павета.
1919 – 90 гадоў з дня нараджэння Барыса Рагулі – вядомага грамадска-палітычнага дзеяча.
1919 – 90 гадоў з дня нараджэння Кастуся Мерляка – беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, ураджэнца в. Дзетамля.
1924 – 85 гадоў назад пачаліся археалагічныя даследаванні Навагрудскага замка.
1924 – 85 гадоў назад у Навагрудку быў створаны Міцкевічаўскі камітэт.
1924 – 85 гадоў назад пачаліся будаўнічыя работы па насыпу кургана Міцкевіча ў Навагрудку.
1924 – 85 гадоў з дня нараджэння Гаўрыіла Шутэнкі – навагрудскага паэта.
1929 – 80 гадоў з дня нараджэння Джэка (Ідэля) Кагана, вязня Навагрудскага гета.
1929 – 80 гадоў з дня нараджэння Кошур Марты Уладзіміраўны – Героя Сацыялістычнай працы, ураджэнкі в.Ляхава.
1934 – 75 гадоў назад была зачынена Навагрудская беларуская гімназія.
1934 – 75 гадоў з дня нараджэння Конана Уладзіміра Міхайлавіча – беларускага філосафа, крытыка і літаратуразнаўцы, ураджэнца в.Вераскава.
1934 – 75 гадоў з дня нараджэння Віктара Гроса – беларускага скульптара, ураджэнца в. Дзяляцічы.
1934 – 75 гадоў з дня нараджэння Лазоўскага Уладзіміра Міхайлавіча – беларускага мовазнаўцы і педагога, ураджэнца в. Нянькава.
1939 – 70 гадоў з дня уваходу часцей Чырвонай Арміі ў Навагрудак.
1939 – 70 гадоў з дня нараджэння Каранеўскага Аляксандра Рыгоравіча – беларускага краязнаўца, музеяведа, журналіста, ураджэнца в. Мілушава.
1939 – 70 гадоў з дня нараджэння Новіка Яўгена Канстанцінавіча – беларускага гісторыка і педагога, ураджэнца в. Рахавец.
1944 – 65 гадоў назад, 8 ліпеня Навагрудак быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
1944 – 65 гадоў з дня нараджэння Лецкі Яўгена Рыгоравіча – беларускага пісьменніка, празаіка, крытыка і літаратуразнаўцы, ураджэнца в. Пабрэззе.
1949 – 60 гадоў з дня нараджэння Сіплевіч Раісы Паўлаўны – беларускай мастачкі, ураджэнкі в. Пабрэззе.
1949 – 60 гадоў з дня нараджэння Стома Вячаслава Іосіфавіча – беларускага пісьменніка, празаіка, паэта, ураджэнца в. Несутычы.
1949 – 60 гадоў з дня нараджэння Казыра Леаніда Аляксеевіча – беларускага перакладчыка і літаратуразнацы, ураджэнца в. Негрымава.

Галіна Кавальчук – ст.навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.