11 ліс 2007 г.

Час збіраць камяні?

Уздоўж дарог, на ўзлесках і палетках утульна ўладкаваўшыся на зямлі ляжаць замшэлыя камяні. Трапілі яны ў нашую мясцовасць з апошнім ледавіком і з тых далёкіх часоў маўкліва ўглядаюцца ў зямное жыццё. Сёння на тэрыторыі Навагрудчыны сустракаецца не толькі шмат цікавых валуноў, але і крэмянёў, з якімі чалавек таксама пазнаёміўся ў першыя часы свайго існавання.


Вывучаючы глебы нашага рэгіёна вучоныя-прыродазнаўцы ў розныя часы знаходзілі ў ваколіцах Навагрудка розныя напаўкаштоўныя камяні, якія карысталіся раней вялікім попытам. Напрыклад, французскі вучоны Жылібер, даследуючы тэрыторыю панямоння ў пясчаных пластах натыкаўся на паўкаштоўныя агаты і сердалікі, змешаныя са скамянеласцямі, а таксама ўбачыў тут мноства невядомых раней крэмянёў, якія звонку былі пакрытыя белай карой, а унутры былі чорнымі, бліскучымі і цвёрдымі. А паміж камянямі траплялася шмат скамянелых дагістарычных малюскаў – эхінітаў, белямнітаў, тэктанітаў.

Крэмень – вельмі цікавы мінерал, які па хімічнаму складу – гэта аморфная структура, забруджаная дамешкамі вокісу крэмнязёму. Крэмень часцей за ўсё шэрага ці амаль чорнага колеру. Але ёсць і жоўта-карычневыя, бурыя, блакітна-шэрыя. Крэмень можна збіраць па самых розных прыкметах – па колеру і малюнку, па памерах і форме, па падабенству крэменя да жывых істот ці якіх-небудзь прадметаў, па колькасці дзірак.


На тэрыторыі Навагрудчыны сустракаецца таксама шмат цікавых валуноў, якія маюць прыгожую форму і ўнутраную структуру. Людзі даўно заўважылі прыгажосць камянёў і пачалі іх выкарыстоўваць спачатку як будаўнічы матэрыял, а затым і ў афармленні ўнутраных і знешніх інтэр’ераў.


На першы погляд здаецца, што камяні падобныя адзін да аднаго, амаль аднолькавыя. Але на самой справе ў прыродзе не зноўдзеш і двух падобных адзін да аднаго экзэмпляраў. Яны адрозніваюцца паміж сабой колерам, унутранай будовай і незвычайнымі формамі. І таму камяні так прывабліваюць народных умельцаў, якія ствараюць з іх непаўторныя скульптурныя вобразы.


У Навагрудку маецца некалькі валуноў, якія выкарыстаны для ланшафтнага аздаблення горада. Прыгожыя валуны ляжаць каля Замкавай гары, Кургана Міцкевіча, Гары Міндоўга і ў іншых месцах горада.


Але камяні прываблівалі здаўна людзей не толькі як каштоўны будаўнічы матэрыял. Да камянёў адносіліся як да жывых істот, іх выкарыстоўвалі ў правядзенні розных рэлігійных абрадаў, пра іх складалі легенды і паданні, іх ушаноўвалі як святых, давалі ім назвы. Многім камяням і сёння пакланяюцца, ім моляцца, да іх прыносяць кветкі. Дажджавая вада з выемак гэтых камянёў лічыцца святой.

Ёсць шмат культавых камянёў і на Навагрудчыне. У вёсцы Сянежыцы, на могілках, ляжыць камень са слядамі Багародзіцы і чорта. След Багародзіцы цалуюць, а ў след чорта плююць. Па аднаму з паданняў, слядкі – гэта пальцы Багародзіцы і пятка чорта. Чорт гнаўся за Багародзіцай, але не змог дагнаць. Яна схавалася ў манастыры і стала тварыць цуды. Раней ад следавіка жанчыны на каленях з малітвамі ішлі да “Капліцы ў рове”.


Каля вёскі Ваўковічы былі валуны, якія нагадвалі акамянелых валоў. Вядома паданне, у якім гаворыцца, што ў першы дзень Вялікадня, калі працаваць было вялікім грахом, адзін гаспадар выйшаў у поле з двума валамі, і не паспеў ён яшчэ ўзараць першую баразну, як валы ператварыліся ў камяні, а іх гаспадар у сасну.



Яшчэ і сёння абапал дарог можна сустрэць валуны, на якіх выбіты літары альбо крыжы. Сустракаюцца на Навагрудчынеі каменныя крыжы. Калісьці такія крыжы ставіліся на скрыжаванні дарог, па краях вёсак і гарадоў для заступніцтва падчас войнаў ці эпідэмій, а таксама на могілках. Усе такія помнікі вартыя ўвагі і патрабуюць аховы.


Непрыемна ўражлівае такая сучасная з’ява, калі абапал шасейных дарог можна ўбачыць прыгожыя валуны, на якіх намаляваны фарбамі розныя жывёлы, ці на іх робяцца надпісы, напрыклад такія як “Беражыце прыроду” і г.д. Такі валун, на мой погляд, страчвае сваю першапачатковую прыродную прыгажосць. Падобная неразумная дзейнасць чалавека можа ў будучым прывесці да памяншэння колькасці валуноў, а можа нават і да поўнага іх знішчэння.

Г.Кавальчук –навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.
Фотаздымкі Руслана Дробыша

No comments: