13 ліс 2007 г.

Якуб Колас і Навагрудчына


Якуб Колас у час сустрэчы з жыхарамі Навагрудка

Жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа доўгі час было звязана з навагрудскай зямлёй. У перыяд з 1946 па 1956 год ён не раз выбіраўся дэпутатам у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі. Сюды ён наведваўся для правядзення перадвыбарных сустрэч, а таксама ўжо як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Гэтую зямлю ён любіў і шанаваў як радзіму вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча.
Упершыню Якуб Колас пабываў у Навагрудку яшчэ ў канцы 1940 года, у складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенню мерапрыемстваў, звязаных з 85-годдзем са дня смерці Адама Міцкевіча. Разам з Я.Купалам, П.Броўкам, Я. Бранеўскай і іншымі дзеячамі беларускай культуры Якуб Колас наведаў Навагрудак, пабываў у Доме-музеі Адама Міцкевіча.


Ужо пасля вайны, у студзені 1946 года Якуб Колас упершыню быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе і ў суправаджэнні Пятра Глебкі накіраваўся ў перадвыбарную паездку па Навагрудчыне. Тут Якуб Колас сустрэўся з калектывам шклозавода “Нёман”. “Выбаршчыкі шчыра і цёпла віталі гасцей, задавалі шмат пытанняў, была жывая гутарка з прысутнымі. Потым вярнуліся ў Навагрудак, дзе правялі другую сустрэчу. На яе прыйшлі многія жыхары горада. Якуб Колас выступіў з прамовай, гаварыў пра адбудову краіны, пра надзённыя клопаты.” Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы Якуб Колас размаўляў з жыхарамі Навагрудка, раздаваў аўтографы. У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі ёсць кніга Якуба Коласа “Сымон Музыка”, якую ён падарыў пачынаючаму тады Навагрудскаму паэту Самсону Пярловічу падчас адной з такіх сустрэч у 1946 годзе. У гэты прыезд на Навагрудчыну Якуб Колас наведаў таксама мястэчка Любчу, пабываў у Карэлічах, Гарадзішчы, Баранавічах, на возеры Свіцязь. Пасля гэтай паездкі, у Літаратурнай газеце быў надрукаваны артыкул “В родных местах”, у якім Якуб Колас апісвае сустрэчу ў мястэчку Гарадзішча з партызанамі, атрад якіх насіў яго імя. Пасля гэтай перадвыбарнай паездкі Якуб Колас зрабіў запіс у дзённіку 29 студзеня: “Усюды, дзе ні былі, сустракалі нас шчыра, гасцінна, прыязна.”
Аб уражаннях Якуба Коласа ад возера Свіцязь успамінаў пісьменнік Яфім Садоўскі: “Дарогу Колас, па яго асабістаму прызнанню, любіў. Яна быццам акрыляла, надавала моцы. А ў апошнія гады паэт пры найменшай магчымасці ездзіў па любімых мясцінах, дзе ведаў кожную сцяжынку. Возера Свіцязь Колас называў самым прыгожым у Беларусі, і калі яно не ляжала на шляху, а знаходзілася ўбаку, то вадзіцель збочваў, каб наведаць гэты цуд беларускай прыроды. ... Пешшу па свежай сцяжынцы падышлі да зімовага возера. Канстанцін Міхайлавіч доўга моўчкі на беразе стаяў, потым прыгадаў 1940 год, калі яму патрабавалася першы раз прыехаць у Навагрудак на першае паседжанне рэспубліканскай камісіі па правядзенню 85-годдзя з дня смерці вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча”.
У лютым 1950 года Якуб Колас зноў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе. Газета “Звязда” ад 21 лютага 1550 года ў рубрыцы “Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты” паведамляла аб рэгістрацыі кандыдытам у дэпутаты Савета Саюза ад Навагрудскай выбарчай акругі Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча (Якуба Коласа), 1882 года нараджэння, пражываючага ў горадзе Мінску, члена ВКП(б), народнага паэта Беларусі, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. У камісію па выбарах у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР паступілі пратаколы перадвыбарчых агульных сходаў рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых шклозавода “Нёман”, выкладчыкаў і студэнтаў Навагрудскага педвучылішча аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Савета Саюза Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа), а таксама заява, у якой ён дае згоду балатыравацца па Навагрудскай выбарчай акрузе. У канцы лютага - пачатку сакавіка, Якуб Колас пачаў праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі Навагрудскай акругі. У гэтай паездцы Якуба Коласа суправаджаў, як давераная асоба, Максім Лужанін, які расказваў аб жыццёвым і творчым шляху кандыдата ў дэпутаты, аб яго грамадскай дзейнасці. Сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі на шклозаводзе “Нёман”, у Навагрудку. “З’яўленне на трыбуне класіка беларускай літаратуры было сустрэта бурнай авацыяй прысутных. Усе стоячы горача віталі любімага песняра. “Дарагія таварышы выбаршчыкі, – звярнуўся Якуб Колас, – дазвольце сказаць вам вялікі дзякуй за аказаны давер. Я рады бачыць вас, браты і сёстры, людзей, якія мужна змагаліся з гітлераўскімі акупантамі і сёння сваімі рукамі залечваюць раны, нанесеныя лютай вайной. Будзем жа ўсімі сіламі ўмацоўваць нашае жыццё, будзем змагацца за трывалы мір ва ўсім свеце”. Пасля выступлення адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, дзе гучалі песні на словы паэта.
2 сакавіка 1950 года Якуб Колас зноў абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе.
У лютым 1954 года Я.Колас у трэці раз вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Навагрудскай выбарчай акрузе №549. 3 сакавіка 1954 года пачалася чарговая перадвыбарная паездка Якуба Коласа па Навагрудчыне. Якуб Колас зноў сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі, пабываў на Нёмане, возеры Свіцязь. Былы настаўнік Валеўскай сярэдняй школы Уладзімір Урбановіч успамінаў: “Многія помняць гэтыя сустрэчы. Помню іх і я. Звычайна народны паэт, падняўшыся на трыбуну, адкладваў убок акуляры, адсоўваў лісткі напісанай прамовы і пачынаў проста і шчыра гутарыць з народам. У яго прамове не было адточаных, траскатлівых выразаў, прамоўніцкіх жэстаў. Ён проста гутарыў, раіўся са сваімі выбаршчыкамі так, як гэта робяць у дружнай і шчырай сям’і. Пасля афіцыйнага сходу кандыдат у дэпутаты звычайна яшчэ доўга заставаўся ў зале, гутарыў з тым, хто да яго звяртаўся. Я бачыў усё – гэта быў не проста давер, а выражэнне народнай любві да свайго духоўнага настаўніка”.
14 сакавіка 1954 года адбыліся выбары і Якуб Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
Навагрудская зямля заўсёды прыцягвала пісьменніка сваёй старажытнай гісторыяй і непаўторнай прыгажосцю. Якуб Колас высока цаніў творчасць вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Ён быў знаёмы з паэмамі і вершамі паэта яшчэ з дзяцінства. Леў Мірачыцкі ў артыкуле “Якуб Колас і польская культура” піша: “Патрыятычная творчасць Адама Міцкевіча рабіла ўплыў на ўсе краёвыя літаратурныя таленты. Невялікі графічны партрэт польскага паэта работы навагрудскага мастака Казіміра Мардасевіча распаўсюджваўся ў шматлікіх копіях мясцовых рысавальшчыкаў. Па сямейнаму паданню такі партрэт у рамцы з пазалочанай абводкай вісеў на сцяне і ў бацькоўскай хаце будучага беларускага паэта. Знамянальна таксама і тое, што яго падаравала Кастусю Міцкевічу хросная маці “пані Аксеня”, жонка работніка лясніцтва. Як дарагую рэліквію ў сям’і захоўвалі томік “Балад і рамансаў” польскага паэта”. Ужо будучы вядомым паэтам Якуб Колас не раз звяртаўся да творчасці Адама Міцкевіча. У артыкуле “Светлыя старонкі дружбы”, надрукаваным у ЛІМе ў лістападзе 1955 года да 100 годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча Якуб Колас разглядае творчы шлях паэта, яго месца ў польскай літаратуры, вызначае характэрныя рысы яго творчасці, вялікую ролю мастацкай спадчыны выдатнага польскага паэта для сучаснасці, сусветнае значэнне яго паэзіі.
29 лістапада 1955 года Якуб Колас уступнай прамоваю адкрывае вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня смерці А.Міцкевіча ў якой гаворыць аб тым, што імя Адама Міцкевіча з’яўляецца нацыянальным гонарам, што ў яго натхнёных творах знайшлі адлюстраванне перадавыя ідэі свайго часу.
У часопісе “Беларусь” №11 за 1955 год быў надрукаваны артыкул “Вялікі друг народа”, у якім Я.Колас гаворыць аб вялікай любові польскага паэта да сваёй радзімы, пра беларускую прыроду, якая натхняла музу польскага паэта, разглядае народнасць як вызначальную рысу творчасці Міцкевіча. “Народнасць паэзіі Міцкевіча, глыбіня пранікнення паэта ў душу народа, веданне яго дум і спадзяванняў, вуснай творчасці, побыту, прыроды – сапраўды здзіўляе” – піша Я.Колас ў сваім артыкуле.
Сёння, успамінаючы мінулыя гады, навагрудчане могуць ганарыцца, што з нашым горадам быў звязаны лёс вялікага паэта нашай Бацькаўшчыны. Яшчэ сёння у Навагрудку памятаюць аб сустрэчах з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, які па- сапраўднаму клапаціўся пра надзённыя праблемы сваіх выбаршчыкаў. У Навагрудку на перакрыжаванні вуліц Адама Міцкевіча і Віктара Валчэцкага, побач з аўтавакзалам стаіць бюст Якубу Коласу – народнаму паэту Беларусі. Гэты помнік быў пастаўлены ў знак асобай павагі навагрудчан да народнага песняра.

Літаратура:
1. Жыгоцкі М.Р. Сэрца пакідаю вам: Па Коласаўскіх мясцінах. – Мн.: Полымя, 1993.
2. Мірачыцкі Л.П. Якуб Колас і польская культура./ Каласавіны. Тэзісы дакладаў і паведамленняў навуковай канферэнцыі, прысвечанай 105-й гадавіне з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа
3. Мушынскі М.І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. – Мн.: Маст. літ., 1982.
4. Урбановіч У. Якуб Колас і Навагрудчына. Новае жыццё №№138- 140 / 1989.
5. Часопіс “Полымя” №12 / 1955
6. Часопіс “Беларусь” №11/ 1955

Галіна Кавальчук
навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.

No comments: