5 ліс 2007 г.

Мова – духоўны скарб


Нацыянальная мова – неацэнны духоўны скарб, які яднае розныя пакаленні. Страта нацыянальнай мовы народа ідзе поруч з заняпадам нацыянальнай культуры і вядзе за сабою паступовае знікненне народа, як этнаса.
Галіна Кавальчук – адна з тых асоб, якая ніколі не была абыякавай да лёсу беларускай мовы. Яна - навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея і адначасова старшыня суполкі “Узвышша” Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны


Галіна, скажы, калі ласка, калі суполка была створана ў Навагрудку?
Я ўзначаліла гэтую суполку ў канцы 2001 годзе. А само “Узвышша” было зарэгістравана ў райвыканкаме ў 1998 годзе. Вялікая заслуга ў рэгістрацыі нашай суполкі належыць Гнебка Фаіне Канстанцінаўне. Спачатку ў ТБМ уваходзілі ў асноўным пенсіянеры, а потым у суполку пачалі ўваходзіць і асобы маладзейшага ўзросту. І вось літаральна нядаўна да нас далучылася некалькі вельмі актыўных маладых людзей са сваімі цікавымі ідэямі.
Якая мэта дзейнасці вашай суполкі?
Мэтай з’яўляецца аднаўленне ў грамадстве стаўлення да беларускай мовы, як да нацыянальнай святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця, усебаковае захаванне яе чысціні і самабытнасці праз культурна-асветніцкую дзейнасць.
А якія мерапрыемствы праводзіць ваша арганізацыя, што зроблена за апошні час?


Нашай суполкай былі наладжаны шматлікія сустрэчы з вядомымі пісменнікамі, паэтамі – з У. Арловым, К. Тарасавым, А.Трусавым і іншымі. Напрыклад, да нас перыядычна прыяджае наш зямляк, які зараз жыве ў Мінску, журналіст і паэт Зміцер Арцюх. Мы стараемся падтрымаць і нашых маладых творцаў. Сёлета ў пачатку лета наша суполка арганізавала сустрэчу з маладым навагрудскім мастаком Аляксеем Усіновічам. Імпрэза па-сапраўднаму была цікавай. У канцы жніўня 2007 г. была наладжана сутрэча з нашым пачынаючым літаратарам Міхаілам Зізюком. Сустрэча была карыснай, як і для Міхаіла, так і для прысутных аматараў літаратуры. І, наогул, мы шануем творчасць і імкнемся заўсёды падтрымліваць творцаў. У такіх маленькіх гарадках, як наш Навагрудак, людзям не хапае яркіх новых ураджанняў. Душа патрабуе сустрэч з прыгожым. І мы ладзім такія сустрэчы
Ці ёсць у сяброў суполкі абавязкі?
Нашы сябры павінны добра валодаць беларускай мовай альбо імкнуцца дасканала ёю авалодаць, карыстацца ёю ў штодзённым ужытку – у сям’і, на працы і тым самым спрыяць выхаванню паважлівага стаўлення да сваёй мовы.
Якія планы на будучае ў “Узвышша”?
У планах на будучае – таксама сустрэчы з вядомымі ў Беларусі дзеячамі культуры – мастакамі, пісьменнікамі, паэтамі. У бліжэйшыя ж месяцы запланаваны творчыя імпрэзы з маладымі людзьмі нашага горада, якія хочуць праявіць сябе ў розных сферах – у музыцы, паэзіі, літаратуры.

Святлана Абдулаева

No comments: