4 сту 2008 г.

След, які пакінеш ты.

Напэўна, кожнага чалавека звязваюць асаблівыя пачуцці з "малой радзімай"—-зямлёй, дзе ен нарадзіўся і вырас. Тут заўсёды адчуваецца нешта чароўнае і непаўторнае.
Я таксама люблю свой горад. Люблю ўвечары прайсціся па яго вуліцах. Люблю паглядзець на велічныя руіны старога замка, які мужна процістаяў іншаземцам. Люблю сваё пачуццё гордасці ад таго, што некалі мой горад быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Ганаруся і тым, што мне пашчасціла жыць ў Навагрудку, дзе нарадзіўся і вырас вядомы ва ўсім свеце паэт—Адам Міцкевіч.



На працягу многіх гадоў і стагоддзяў людзі любілі свой горад, шанавалі яго гісторыю. Год ад году стараннямі і працай жыхароў горад мяняўся і прыгажэў. Многім сёння падабаецца адпачываць у гарадскім скверы, дзе некалі былі пасаджаны зусім маладзенькія дрэўцы, гуляць па плошчы, над добраўпарадкаваннем якой старанна папрацаваў не адзін дзесятак людзей.

"Усё пакінуць след павінна..."— адзначыў ў сваіх паэтычных радках П.Броўка. I цудоўна, калі пакінутыя людзьмі "сляды" прыносяць радасць і задавальненне.
На жаль, так бывае далёка не заўсёды. Мне напрыклад, непрыемна бачыць тыя "сляды", якмя нярэдка пакідаюць пасля сябе некаторыя маладыя жыхары горада. Напрыклад, на тую ж плошчу раніцай глядзець без болю немагчыма — усюды валяюцца бутэлькі, пакеты, шалупенне ад семачак. Добра было б арганізаваць сюды "экскурсіі" для старшакласнікаў на месцы іх тусовак. Можа, хоць некаму стала б сорамна? Згадзіцеся, што не так цяжка кінуць паперку ці бутэльку ў скрыню для смецця, а не сабе пад ногі. А тыя маладзенькія клёны з незвычайным лісцем, якія нехта знішчыў на вул.Міцкевіча? Чаму? Навошта? А новая агароджа на гэтай жа вуліцы? Каму яна перашкаджала? Чаму наогул патрэбна ўсё разбураць, нішчыць, ламаць? Няўжо нехта не хоча бачыць свой горад прыгожым, хадзіць па чыстых, зялёных вуліцах?


Думаю, што прычыны такіх паводзінаў закладваюцца ў сям'і. Часцей за ўсё менавіта бацькі з'яўляюцца прыкладам для сваіх дзяцей і даюць падставы для пераймання . Але трэба разумець, што не яны, а мы сваімі паводзінамі і адносінамі пішам напгу старонку ў гісторыі. Якой жа будзе гэта гісторыя пра нас у нашчадкаў? Якія сляды мы пакінем пасля сябе? Давайце задумаемся...
Па "слядах" хадзіла А.Літвінская, навучэнка гімназіі №1

No comments: