6 сту 2008 г.

Жыць у гармоніі


Ціхай і закінутай выглядала вёска Уселюб познім вячэрнім часам перад вачыма заезжага падарожніка ў перыяд Калядных і Навагодніх свят 2008 года. Нішто на вуліцах не нагадвала, што наступілі святочныя дні – нідзе не было ні ялінак, ні навагодніх упрыгожванняў. І толькі збоку, на ўзгорку вёскі, яшчэ здалёк прыцягвалі позірк мноства рознакаляровых агеньчыкаў на дрэвах каля старога касцёла і на двары ксяндза Романа. Пад начнымі зоркамі гэтае відовішча захоплівала і ўздымала настрой. І ў маёй душы засталося такое ўражанне , што гэтыя агеньчыкі свяцілі ўсяму Уселюбу - і яны былі не проста , як навагоднія ўпрыгожванні, а менавіта, як сімвал духоўнасці і добрых намераў ксяндза Романа.

Трыццацідвухгадовы ксёндз Роман нарадзіўшыся ў вёсцы Рэпля Ваўкавыскага раёна і скончыўшы духоўную семінарыю ў Гародні, прыехаў ва Уселюб тры гады назад. Ксёндз – цікавая і неардынарная асоба . І з першых хвілін сустрэчы я зразумела, што гэта чалавек не толькі адданы малітве. Яго стыль жыцця спалучае ў сабе і службу ў касцёле і вядзенне сваёй уласнай гаспадаркі. Ён таксама займаецца будоўляй і сам разводзіць авечак, кролікаў, у яго доме жывуць сімпатычныя папугайчыкі. Улетку ўвесь яго зямельны ўчастак каля дома патанае ў зеляніне і кветках – гэта своеасаблівы рай, створаны рукамі маладога чалавека. Ён вырошчвае розныя аднагадовыя і шматгадовыя расліны – флоксы, хрызантэмы, астры, ружы, барвінок і многія іншыя кветкі. У яго пакоях растуць юкі, апунцыі, цысусы, эхмеі - усё проста немагчыма пералічыць.
А яшчэ адзін з яго любімых заняткаў - гэта пчалаводства, вельмі цікавая, але крапатлівая справа. І гэта ведае ксёндз са свайго вопыту вельмі добра і лічыць, што каб падыйсці да пчол трэба падбіраць нават дзень, надвор’е і настрой сваёй душы.
Акрамя таго, Роман водзіць машыну і працуе з камп’ютэрам, любіць музыку розных жанраў.
Іерархія каштоўнасцей у разуменні Ксяндза Романа гэта - Бог, чалавек, прырода. І каб жыць у гармоніі з акружаючым асяроддзем трэба разумець і жывёльны, і раслінны свет, і незвычайны свет пчол. І, менавіта, па-гэтаму ён стварыў сабе такія ўмовы. Трэба таксама зазначыць, што дзякуючы намаганням , менавіта Романа, на каталіцкіх могілках гэтай вёскі быў наведзены сапраўдны парадак. А яшчэ ксёндз некалькі разоў у месяц наведвае лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе дапамагае пропаведзямі пераглядзець свае светапогляды тым, хто аказаўся ў палоне алкаголю. Трэба імкнуцца разумець тых, каму прыйшоў служыць – такой пазіцыі ён свядома прытрымліваўся заўсёды. І не толькі разумець, але і свяціць… Таму так прыгожа, як мне падалося, свяціліся на ўвесь Уселюб калядныя гірлянды, развешаныя ксяндзом Ялоўчыкам Романам.

No comments: