26 сту 2008 г.

Уладзімір Высоцкі ў Навагрудку

Знакаміты іспанскі мудрэц Бальтасар Грасіян у сваім “Кішэнным аракуле” пісаў: “ Нават людзі рэдкіх вартасцей залежаць ад свайго часу. Не ўсім суджаны быў той час, якога яны заслугоўвалі; многія, каму ён дастаўся не змаглі яго пакарыць”.

Уладзімір Высоцкі... Вось ужо больш чым два дзесяцігоддзі як ён пакінуў гэты свет, але яго імя і дагэтуль свеціцца непагаснай зоркай на музычна-тэатральным небасхіле. Час скарыўся перад ім. І пагэтаму ён жыве ў песнях, кінафільмах, людской памяці. У 70-х – 80-х гг.20 стагоддзя на прасторах былога Савецкага Саюза яго не ведалі хіба толькі малыя дзеці ды старыя бабулі ў глухіх аддаленых вёсачках. Высоцкі быў не проста паэт, спявак, акцёр – ён быў фенаменам, ці дакладней унікальнай З’явай. Бо не да яго, ні пасля яго, няма аналагаў такой асобы, у якой перапляліся б так гарманічна паэтычны, акцёрскі і музычны талент. Ім было напісана звыш шасцісот песень. Уражвае “геаграфія” песенных тэм – гэта і спорт, і культура, і медыцына, і навука, і космас, і палітыка, і рэлігія і г.д. Практычна няма той сферы жыцця, якую б паэт не закрануў у сваёй творчасці. Яго песні гучаць больш як у трыццаці кінафільмах. Як акцёр, ён зняўся больш чым у дваццаці фільмах, а яшчэ, акрамя таго, былі ролі ў спектаклях! Унутраны энергетычны патэнцыял Высоцкага быў настолькі аб’ёмны, што ён мог бы быць у жыцці напэўна і лётчыкам, і альпіністам, і мараком, а можа і яшчэ некім. Але паколькі жыццё немагчыма пражыць двойчы, ці тройчы, то кампенсацыяй за гэтую немагчымасць стала для яго “пражыванне” другога жыцця ў песнях і акцёрскіх ролях за сваіх герояў. Самым яскравым прыкладам такога факту з’яўляецца фільм “Месца сустрэчы змяніць нельга”, дзе Уладзімір Сямёнавіч бліскуча выконваючы ролю капітана Жэглова, яго жыццё зрабіў сваім.


У 1969 годзе, падчас здымкаў фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”, Высоцкі прыязджаў на Навагрудчыну. Яго задачай было агучыць сваімі песнямі гэты фільм. Якім застаўся спявак у памяці навагрудчан? Пра гэта ўспамінаюць жыхары горада Бака Георгій Яўстафавіч і Шахрай Анатоль Сямёнавіч. Прыблізна ў чатырох кіламетрах ад Навагрудка, сярод ялін і бяроз, раскінулася невялікае азярцо з прыгожай назвай “Літоўка”. Менавіта тут, паблізу возера, стаіць бацькоўская хата Георгія Яўстафавіча, у якой і спыняўся Уладзімір Высоцкі. “Помніцца, Высоцкі з’явіўся на нашым падворку неяк нечакана, і прывітаўшыся, сказаў: “Я – Высоцкі”, – распавядае Георгій Яўстафавіч – а пасля дастаў з кішэні пасведчанне і прадставіў яго. Для мяне гэта было нейкай нечаканасцю, бо само па сабе яго прозвішча асацыіравалася ў свядомасці са статным, высокім чалавекам. Тым больш, вядомы па песнях яго магутны, з хрыпатой голас, ствараў вобраз таксама шыракаплечага мужчыны. А тут стаяў хударлявага складу, невысокага росту, малады чалавек. На ім была кепка і чорная куртачка. Ён не патрабаваў для сябе ніякіх асабістых умоў, прывілегій. Быў вельмі просты ў размове. Нягледзечы на тое, што ў яго песнях сустракаецца своеасаблівы, нават блатны жаргон, – у рэальным жыцці ён ніколі не ўжываў непрыстойных слоў. Хаця той перыяд быў далёка не лепшым у жыцці спевака. Але калі да яго прыехала Марына Владзі, ён як бы пасвятлеў і ажыў. Марына прыехала ў той час па запрашэнню ў Маскву, але калі даведалася, што Уладзімір у Беларусі, села на цягнік і праміком накіравалася ў Ліду, а пасля ў Навагрудак. І вось з гэтай пары яны практычна ўсюды былі ўдваіх, шчаслівыя ад сваёй сустрэчы. Марына – высокая і стройная бландынка ў модных тады штанах “клёш”, зведаўшая плюсы, мінусы і спакусы Парыжа, спакойна дзяліла з Высоцкім усю прастату вясковага побыту. Добра гаварыла па-рускі. Капрызнай фанабэрыстасці ад яе ніхто не заўважаў. Нічым асаблівым ні Высоцкі, ні Владзі не выдзяляліся. Дарэчы, нават спалі на сене, як звычайныя вяскоўцы”.
А вось Анатолю Сямёнавічу Шахраю давялося сустракацца з Уладзімірам Высоцкім не толькі падчас здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой”, але і фільма “Вайна пад стрэхамі”. У той час Анатоль Сямёнавіч працаваў якраз на кінастудыі “Беларусьфільм” вадзіцелем здымачных ігравых машын – дубліраваў ролі акцёраў, якія самі не маглі кіраваць машынамі, ці выконваў складаныя віражы, напрыклад, на горных дарогах. “Упершыню я ўбачыў Высоцкага на “Беларусьфільме”. Ох, як даўно гэта было! – успамінае Анатоль Сямёнавіч. – Помню, як ён іграў на гітары і спяваў. Ды і наогул, з гітарай ён, можна сказаць, не развітваўся. Бледны, худы – але адкуль у яго браліся сілы – проста незразумела. Часта быў стрыманы, гаварыў не многа. У Браславе, калі здымалі фільм “Вайна пад стрэхамі”, Высоцкага некалькі разоў забіралі супрацоўнікі КДБ і здымкі перарываліся, а потым ён зноў з’яўляўся і работа працягвалася”. Я па-наіўнасці, запытала ў Анатоля Сямёнавіча: “За што? За сваркі, за бойкі?”. “Ды не, зусім не” – адказаў мой суразмоўца. – “Проста за песні. Запісы яго песень ануліравалі. Што датычыцца сварак, ці нейкіх канфліктаў, дык іх практычна не было. Па-першае, сам Віктар Тураў быў простым і дабрадушным чалавекам. У Высоцкага таксама не было празмернай ганарлівасці... Здымкі ішлі ў летні перыяд. Не ведаю, ці добра плаваў Высоцкі, але што ён падоўгу купаўся на Браслаўскіх азёрах – гэта чамусьці запомнілася. Пад час здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой” было больш спакойна. Такіх знікненняў спевака не было. Усе мы жылі адной сям’ёй – ніхто не лічыўся, што нехта тэхнічны работнік, а хтосьці – акцёр. Бо прыпамінаецца, калі ў Мінск прыязджаў на здымкі Алег Янкоўскі, то адразу паміж ім і іншымі ўсталёўвалася нейкая дыстанцыя. Канешне, Высоцкі быў, безумоўна, вельмі таленавітым. Яго часта можна было ўбачыць задуменным – здавалася, што ён увесь час нешта стварае ў сваёй галаве. Ніколі не было чуваць, каб ён на каго-небудзь павышаў голас, ці праяўляў парывы злосці, або над кім кпіў. Што датычыцца адносін паміж людзьмі, то тут, на Літоўцы, падчас здымкаў, ён часцей за ўсё кантактаваў з рэжысёрам Віктарам Туравым. Гэта былі і проста чалавечыя размовы, і размовы іх абодвух, менавіта як творцаў. У кожнага з іх быў свой падыход да жыцця, да спрадвечных каштоўнасцей, а сама творчасць была той атмасферай, якая іх аб’ядноўвала. Бо рабілі яны сумесна адну агульную справу. Прыезд жа сюды Марыны Владзі акрыліў Высоцкага, даў яму духоўнай моцы і, напэўна, натхнення. Якім ён запомніўся найбольш? Вельмі добра памятаю, як ён сядзеў каля возера на камні, у сарочцы з закасанымі рукавамі і спяваў. Дарэчы, так ён найчасцей апранаўся, але калі было холаднавата, хадзіў у пінжаку”.
Нарадзіўшыся ў халодны, зімовы дзень, 25 студзеня, Уладзімір Высоцкі саграваў сваімі песнямі душы тысяч людзей, спачуваючы, папярэджваючы, прадказваючы шлях наперад. І як тут яшчэ раз не ўспомніць таго ж мудраца Грасіяна, які казаў, што ёсць чалавечы розум, падобны на вочы рысі, які нібы выпраменьвае святло; і чым гусцей цемра, тым ярчэй святло. Гэтыя словы поўнасцю адпавядаюць асобе Уладзіміра Высоцкага.
Так, паэт заўсёды ведаў сабе цану. Недарэмна ён пісаў:
Не надо подходить к чужим столам
И откликаться, если подзывают.
На лёс Уладзіміра Высоцкага выпаў непросты час, але ён не скарыўся перад ім. А Марына зараз жыве ў прыгарадзе Парыжа і магчыма, успамінаючы Уладзіміра Высоцкага, з цеплынёй узгадвае Навагрудчыну. Бо вядома з успамінаў Алеся Адамовіча, што Марына прасіла Віктара Турава ўгаварыць Валодзю застацца тут яшчэ на некалькі дзён.

Святлана Абдулаева выкладчык Навагрудскай школы мастацтваў


No comments: