26 сту 2008 г.

Уладзімір Высоцкі ў Навагрудку

Знакаміты іспанскі мудрэц Бальтасар Грасіян у сваім “Кішэнным аракуле” пісаў: “ Нават людзі рэдкіх вартасцей залежаць ад свайго часу. Не ўсім суджаны быў той час, якога яны заслугоўвалі; многія, каму ён дастаўся не змаглі яго пакарыць”.

Уладзімір Высоцкі... Вось ужо больш чым два дзесяцігоддзі як ён пакінуў гэты свет, але яго імя і дагэтуль свеціцца непагаснай зоркай на музычна-тэатральным небасхіле. Час скарыўся перад ім. І пагэтаму ён жыве ў песнях, кінафільмах, людской памяці. У 70-х – 80-х гг.20 стагоддзя на прасторах былога Савецкага Саюза яго не ведалі хіба толькі малыя дзеці ды старыя бабулі ў глухіх аддаленых вёсачках. Высоцкі быў не проста паэт, спявак, акцёр – ён быў фенаменам, ці дакладней унікальнай З’явай. Бо не да яго, ні пасля яго, няма аналагаў такой асобы, у якой перапляліся б так гарманічна паэтычны, акцёрскі і музычны талент. Ім было напісана звыш шасцісот песень. Уражвае “геаграфія” песенных тэм – гэта і спорт, і культура, і медыцына, і навука, і космас, і палітыка, і рэлігія і г.д. Практычна няма той сферы жыцця, якую б паэт не закрануў у сваёй творчасці. Яго песні гучаць больш як у трыццаці кінафільмах. Як акцёр, ён зняўся больш чым у дваццаці фільмах, а яшчэ, акрамя таго, былі ролі ў спектаклях! Унутраны энергетычны патэнцыял Высоцкага быў настолькі аб’ёмны, што ён мог бы быць у жыцці напэўна і лётчыкам, і альпіністам, і мараком, а можа і яшчэ некім. Але паколькі жыццё немагчыма пражыць двойчы, ці тройчы, то кампенсацыяй за гэтую немагчымасць стала для яго “пражыванне” другога жыцця ў песнях і акцёрскіх ролях за сваіх герояў. Самым яскравым прыкладам такога факту з’яўляецца фільм “Месца сустрэчы змяніць нельга”, дзе Уладзімір Сямёнавіч бліскуча выконваючы ролю капітана Жэглова, яго жыццё зрабіў сваім.


У 1969 годзе, падчас здымкаў фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”, Высоцкі прыязджаў на Навагрудчыну. Яго задачай было агучыць сваімі песнямі гэты фільм. Якім застаўся спявак у памяці навагрудчан? Пра гэта ўспамінаюць жыхары горада Бака Георгій Яўстафавіч і Шахрай Анатоль Сямёнавіч. Прыблізна ў чатырох кіламетрах ад Навагрудка, сярод ялін і бяроз, раскінулася невялікае азярцо з прыгожай назвай “Літоўка”. Менавіта тут, паблізу возера, стаіць бацькоўская хата Георгія Яўстафавіча, у якой і спыняўся Уладзімір Высоцкі. “Помніцца, Высоцкі з’явіўся на нашым падворку неяк нечакана, і прывітаўшыся, сказаў: “Я – Высоцкі”, – распавядае Георгій Яўстафавіч – а пасля дастаў з кішэні пасведчанне і прадставіў яго. Для мяне гэта было нейкай нечаканасцю, бо само па сабе яго прозвішча асацыіравалася ў свядомасці са статным, высокім чалавекам. Тым больш, вядомы па песнях яго магутны, з хрыпатой голас, ствараў вобраз таксама шыракаплечага мужчыны. А тут стаяў хударлявага складу, невысокага росту, малады чалавек. На ім была кепка і чорная куртачка. Ён не патрабаваў для сябе ніякіх асабістых умоў, прывілегій. Быў вельмі просты ў размове. Нягледзечы на тое, што ў яго песнях сустракаецца своеасаблівы, нават блатны жаргон, – у рэальным жыцці ён ніколі не ўжываў непрыстойных слоў. Хаця той перыяд быў далёка не лепшым у жыцці спевака. Але калі да яго прыехала Марына Владзі, ён як бы пасвятлеў і ажыў. Марына прыехала ў той час па запрашэнню ў Маскву, але калі даведалася, што Уладзімір у Беларусі, села на цягнік і праміком накіравалася ў Ліду, а пасля ў Навагрудак. І вось з гэтай пары яны практычна ўсюды былі ўдваіх, шчаслівыя ад сваёй сустрэчы. Марына – высокая і стройная бландынка ў модных тады штанах “клёш”, зведаўшая плюсы, мінусы і спакусы Парыжа, спакойна дзяліла з Высоцкім усю прастату вясковага побыту. Добра гаварыла па-рускі. Капрызнай фанабэрыстасці ад яе ніхто не заўважаў. Нічым асаблівым ні Высоцкі, ні Владзі не выдзяляліся. Дарэчы, нават спалі на сене, як звычайныя вяскоўцы”.
А вось Анатолю Сямёнавічу Шахраю давялося сустракацца з Уладзімірам Высоцкім не толькі падчас здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой”, але і фільма “Вайна пад стрэхамі”. У той час Анатоль Сямёнавіч працаваў якраз на кінастудыі “Беларусьфільм” вадзіцелем здымачных ігравых машын – дубліраваў ролі акцёраў, якія самі не маглі кіраваць машынамі, ці выконваў складаныя віражы, напрыклад, на горных дарогах. “Упершыню я ўбачыў Высоцкага на “Беларусьфільме”. Ох, як даўно гэта было! – успамінае Анатоль Сямёнавіч. – Помню, як ён іграў на гітары і спяваў. Ды і наогул, з гітарай ён, можна сказаць, не развітваўся. Бледны, худы – але адкуль у яго браліся сілы – проста незразумела. Часта быў стрыманы, гаварыў не многа. У Браславе, калі здымалі фільм “Вайна пад стрэхамі”, Высоцкага некалькі разоў забіралі супрацоўнікі КДБ і здымкі перарываліся, а потым ён зноў з’яўляўся і работа працягвалася”. Я па-наіўнасці, запытала ў Анатоля Сямёнавіча: “За што? За сваркі, за бойкі?”. “Ды не, зусім не” – адказаў мой суразмоўца. – “Проста за песні. Запісы яго песень ануліравалі. Што датычыцца сварак, ці нейкіх канфліктаў, дык іх практычна не было. Па-першае, сам Віктар Тураў быў простым і дабрадушным чалавекам. У Высоцкага таксама не было празмернай ганарлівасці... Здымкі ішлі ў летні перыяд. Не ведаю, ці добра плаваў Высоцкі, але што ён падоўгу купаўся на Браслаўскіх азёрах – гэта чамусьці запомнілася. Пад час здымкаў фільма “Сыны ідуць у бой” было больш спакойна. Такіх знікненняў спевака не было. Усе мы жылі адной сям’ёй – ніхто не лічыўся, што нехта тэхнічны работнік, а хтосьці – акцёр. Бо прыпамінаецца, калі ў Мінск прыязджаў на здымкі Алег Янкоўскі, то адразу паміж ім і іншымі ўсталёўвалася нейкая дыстанцыя. Канешне, Высоцкі быў, безумоўна, вельмі таленавітым. Яго часта можна было ўбачыць задуменным – здавалася, што ён увесь час нешта стварае ў сваёй галаве. Ніколі не было чуваць, каб ён на каго-небудзь павышаў голас, ці праяўляў парывы злосці, або над кім кпіў. Што датычыцца адносін паміж людзьмі, то тут, на Літоўцы, падчас здымкаў, ён часцей за ўсё кантактаваў з рэжысёрам Віктарам Туравым. Гэта былі і проста чалавечыя размовы, і размовы іх абодвух, менавіта як творцаў. У кожнага з іх быў свой падыход да жыцця, да спрадвечных каштоўнасцей, а сама творчасць была той атмасферай, якая іх аб’ядноўвала. Бо рабілі яны сумесна адну агульную справу. Прыезд жа сюды Марыны Владзі акрыліў Высоцкага, даў яму духоўнай моцы і, напэўна, натхнення. Якім ён запомніўся найбольш? Вельмі добра памятаю, як ён сядзеў каля возера на камні, у сарочцы з закасанымі рукавамі і спяваў. Дарэчы, так ён найчасцей апранаўся, але калі было холаднавата, хадзіў у пінжаку”.
Нарадзіўшыся ў халодны, зімовы дзень, 25 студзеня, Уладзімір Высоцкі саграваў сваімі песнямі душы тысяч людзей, спачуваючы, папярэджваючы, прадказваючы шлях наперад. І як тут яшчэ раз не ўспомніць таго ж мудраца Грасіяна, які казаў, што ёсць чалавечы розум, падобны на вочы рысі, які нібы выпраменьвае святло; і чым гусцей цемра, тым ярчэй святло. Гэтыя словы поўнасцю адпавядаюць асобе Уладзіміра Высоцкага.
Так, паэт заўсёды ведаў сабе цану. Недарэмна ён пісаў:
Не надо подходить к чужим столам
И откликаться, если подзывают.
На лёс Уладзіміра Высоцкага выпаў непросты час, але ён не скарыўся перад ім. А Марына зараз жыве ў прыгарадзе Парыжа і магчыма, успамінаючы Уладзіміра Высоцкага, з цеплынёй узгадвае Навагрудчыну. Бо вядома з успамінаў Алеся Адамовіча, што Марына прасіла Віктара Турава ўгаварыць Валодзю застацца тут яшчэ на некалькі дзён.

Святлана Абдулаева выкладчык Навагрудскай школы мастацтваў


21 сту 2008 г.

Гістарычны каляндар Навагрудчыны на 2008 год


785 гадоў з дня нараджэння Войшалка – князя Навагародскага, заснавальніка Лаўрышаўскага манастыра.
660 гадоў з дня нараджэння Ягайлы – вялікага князя ВКЛ, караля Польшчы.
600 гадоў назад вялікі князь Вітаўт і кароль Польшчы Ягайла тайна сустрэліся ў Навагрудку каб абмеркаваць падрыхтоўку рашаючай бітвы з крыжакамі.
580 гадоў назад вялікі князь Вітаўт выдаў Грамату аб перадачы Навагрудка ў пажыццёвае валоданне жонцы Юльяне.
500 гадоў назад у Навагрудку адбыўся сейм Вялікага княства Літоўскага.
500 гадоў назад, у 1508 годзе, эпідэмія ў Навагрудку знішчыла амаль палову жыхароў горада.


475 гадоў з дня нараджэння Стэфана Баторыя – вялікага князя ВКЛ і караля польскага.
435 гадоў з дня нараджэння Вельяміна Руцкога – царкоўна-палітычнага дзеяча, уніяцкага мітрапаліта, нарадзіўся ў в.Рутка.
420 гадоў назад Жыгімонт Ваза сваім прывілеем зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года.
290 гадоў з дня нараджэння Галоўка Казіміра – педагога і выдаўца, палітычнага і грамадскага дзеяча ВКЛ.
290 гадоў з дня нараджэння Саламеі Русецкай – лекаркі, мемуарысткі, асветніцы, падарожніцы, нарадзілася на Навагрудчыне.
280 гадоў з дня нараджэння Казіміра Рагоўскага – тэолага, філосафа, педагога, выкладчыка Навагрудскага езуіцкага калегіума.
240 гадоў з дня нараджэння Адама Храптовіча – асветніка, мецэната мастацтваў і навукі, дзяржаўнага дзеяча.
210 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча – польскага паэта.
200 гадоў з дня нараджэння Антона Мухлінскага – вучонага-арыенталіста, прафесара цюркалогіі.
185 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі – беларускага і польскага паэта, закончыў Навагрудскую Дамініканскую школу.
180 гадоў з дня нараджэння Малышэўскага Івана Ігнатавіча – рускага гісторыка, педагога, доктара багаслоўя, прафесара, ураджэнца в.Нягневічы.
175 гадоў з дня нараджэння Бенедзікта Дыбоўскага – заолага, натураліста, лекара, публіцыста, прафесара заалогіі Дэрпскага ўніверсітэта.
170 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага – рэвалюцыянера-дэмакрата, кіраўніка паўстання 1863-1964гг. у Літве і Беларусі.
170 гадоў з дня нараджэння Уладыслава Дыбоўскага – заолага, батаніка, натураліста.
165 гадоў назад, у 1843 годзе Навагрудак ўключаны ў склад Мінскай губерніі.
145 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Гаркавага, ураджэнца Навагрудка, яўрэйскага мовазнаўцы, пісьменніка і перакладчыка.
140 гадоў з дня нараджэння Барыса Тураева – даследчыка старажытнага Усходу, ураджэнца Навагрудка.
125 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Чатыркі – былога выкладчыка Навагрудскай беларускай гімназіі.
120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча – жывапісца, графіка, фалькларыста і этнографа, выкладчыка малявання Навагрудскай беларускай гімназіі.
120 гадоў з дня нараджэння Яна Цеханоўскага – дырэктара Навагрудскай Беларускай гімназіі.
100 гадоў назад, у 1908 годзе, вялікі пажар у горадзе знішчыў больш за 100 будынкаў.
100 гадоў з дня нараджэння Мальца Івана Ваільевіча - беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, педагога, ураджэнца в.Мольнічы.
95 гадоў з дня нараджэння Петрыкевіча Міхаіла Фёдаравіча – краязнаўца, музеезнаўца, педагога, ураджэнца в.Падкасоўе.
95 гадоў з дня нараджэння Рапапорта Паўла Аляксандравіча – гісторыка архітэктуры і археолага, даследчыка архітэктурных помнікаў Навагрудка.
95 гадоў з дня нараджэння Цыгер Гелены Францаўны – самадзейнай навагрудскай мастачкі.
85 гадоў з дня нараджэння Казбярука Уладзіміра Міхайлавіча – беларускага літаратуразнаўцы і крытыка, настаўнічаў ў Любчанскай і Нягневічскай школах.
85 гадоў з дня нараджэння Каўцэвіча Пятра Пракопавіча – навагрудскага мастака, ураджэнца вёскі Любча.
85 гадоў з дня нараджэння Кузняцова Афанасія Васільевіча – навагрудскага мастака.
85 гадоў з дня нараджэння Самсона Пярловіча – навагрудскага паэта.
85 гадоў з дня нараджэння Шагідзевіча Алія Амуратавіча – імама Навагрудскай мячэці.
80 гадоў назад, у 1928 годзе, у Навагрудку прайшоў акруговы з’езд ТБШ.
75 гадоў з дня нараджэння Віктара Сташчанюка – мастака, аўтара мастацкай рэканструкцыі Навагрудскага замка.
50 гадоў з дня нараджэння Бурлыка Івана Рыгоравіча – беларускага мовазнаўца, педагога, дэкана філалагічнага факультэта Гродзенскага універсітэта.
45 гадоў з дня нараджэння Міколы Гайбы – гісторыка, краязнаўца, дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Падрыхтавала Г. Кавальчук – навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.

15 сту 2008 г.

Прыйшлі Каляды - усе людзі рады!


Традыцыя Каляды на беларускай зямлі існуе з даўніх часоў. З гэтым святам заўсёды асяцыіруюцца жарты, гульні. У калядную ноч дзяўчаты варажылі на свайго суджанага. З гэтым святам гаспадары звычайна звязвалі і свае надзеі на будучы ўраджай. Бо, менавіта, калядоўшчыкі сыпалі ў хату зярняты збажыны з пажаданнямі добрага ўраджаю. Але з равіццём навукі і тэхнікі змяніліся ўмовы нашага жыцця і гэтая традыцыя паступова пачала саступаць свае пазіцыя. Апошнія гады ў нашым горадзе ў асноўным калдавалі падросткі.







І вельмі добра, што ў гэтым годзе па ініяцыятыве загадчыцы аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Буцкевіч І. М. удзельнікі хору “Радасць” выдатную традыцыю вырашылі падтрымаць. Бушарава К. Н.,Мікульчык Г. А., Апанюк В. Я., Гурына І. А., Кур’ян А. Ф., Валенцік Г. С. – гэтыя жанчыны не толькі вывучылі калядныя песні і прымаўкі, але паклапаціліся і пра касцюмы і грым.

Так, ва ўбранні цыганкі Апанюк В.Я. праявіла сябе, як сапраўдная самадзейная артыстка. Не саступіла ёй у спрыце і Валенцік Г. С., якой быў вельмі даспадобы вобраз цыгана.


А вось Мікульчык Г. А. выбрала сабе для ролі персанаж козчкі. Святочныя хусткі накінулі на сябе і астатнія ўдзельніцы.


Так за некалькі гадзін гэтая вясёлая кампанія завітала не ў адзін дзесятак кватэр і ўняла настрой не толькі сабе, але самае галоўнае і тым, хто адчыніў дзверы.


І вельмі прыемна, што гаспадары і гаспадыні дамоў былі, хоць і здзіўлены, але і шчыра рады гэтаму візіту. І нават незнаёмыя прахожыя радаваліся за ініцыятыўных калядоўшчыц і жадалі поспеху ў цікавай справе.


6 сту 2008 г.

Жыць у гармоніі


Ціхай і закінутай выглядала вёска Уселюб познім вячэрнім часам перад вачыма заезжага падарожніка ў перыяд Калядных і Навагодніх свят 2008 года. Нішто на вуліцах не нагадвала, што наступілі святочныя дні – нідзе не было ні ялінак, ні навагодніх упрыгожванняў. І толькі збоку, на ўзгорку вёскі, яшчэ здалёк прыцягвалі позірк мноства рознакаляровых агеньчыкаў на дрэвах каля старога касцёла і на двары ксяндза Романа. Пад начнымі зоркамі гэтае відовішча захоплівала і ўздымала настрой. І ў маёй душы засталося такое ўражанне , што гэтыя агеньчыкі свяцілі ўсяму Уселюбу - і яны былі не проста , як навагоднія ўпрыгожванні, а менавіта, як сімвал духоўнасці і добрых намераў ксяндза Романа.

Трыццацідвухгадовы ксёндз Роман нарадзіўшыся ў вёсцы Рэпля Ваўкавыскага раёна і скончыўшы духоўную семінарыю ў Гародні, прыехаў ва Уселюб тры гады назад. Ксёндз – цікавая і неардынарная асоба . І з першых хвілін сустрэчы я зразумела, што гэта чалавек не толькі адданы малітве. Яго стыль жыцця спалучае ў сабе і службу ў касцёле і вядзенне сваёй уласнай гаспадаркі. Ён таксама займаецца будоўляй і сам разводзіць авечак, кролікаў, у яго доме жывуць сімпатычныя папугайчыкі. Улетку ўвесь яго зямельны ўчастак каля дома патанае ў зеляніне і кветках – гэта своеасаблівы рай, створаны рукамі маладога чалавека. Ён вырошчвае розныя аднагадовыя і шматгадовыя расліны – флоксы, хрызантэмы, астры, ружы, барвінок і многія іншыя кветкі. У яго пакоях растуць юкі, апунцыі, цысусы, эхмеі - усё проста немагчыма пералічыць.
А яшчэ адзін з яго любімых заняткаў - гэта пчалаводства, вельмі цікавая, але крапатлівая справа. І гэта ведае ксёндз са свайго вопыту вельмі добра і лічыць, што каб падыйсці да пчол трэба падбіраць нават дзень, надвор’е і настрой сваёй душы.
Акрамя таго, Роман водзіць машыну і працуе з камп’ютэрам, любіць музыку розных жанраў.
Іерархія каштоўнасцей у разуменні Ксяндза Романа гэта - Бог, чалавек, прырода. І каб жыць у гармоніі з акружаючым асяроддзем трэба разумець і жывёльны, і раслінны свет, і незвычайны свет пчол. І, менавіта, па-гэтаму ён стварыў сабе такія ўмовы. Трэба таксама зазначыць, што дзякуючы намаганням , менавіта Романа, на каталіцкіх могілках гэтай вёскі быў наведзены сапраўдны парадак. А яшчэ ксёндз некалькі разоў у месяц наведвае лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе дапамагае пропаведзямі пераглядзець свае светапогляды тым, хто аказаўся ў палоне алкаголю. Трэба імкнуцца разумець тых, каму прыйшоў служыць – такой пазіцыі ён свядома прытрымліваўся заўсёды. І не толькі разумець, але і свяціць… Таму так прыгожа, як мне падалося, свяціліся на ўвесь Уселюб калядныя гірлянды, развешаныя ксяндзом Ялоўчыкам Романам.

4 сту 2008 г.

След, які пакінеш ты.

Напэўна, кожнага чалавека звязваюць асаблівыя пачуцці з "малой радзімай"—-зямлёй, дзе ен нарадзіўся і вырас. Тут заўсёды адчуваецца нешта чароўнае і непаўторнае.
Я таксама люблю свой горад. Люблю ўвечары прайсціся па яго вуліцах. Люблю паглядзець на велічныя руіны старога замка, які мужна процістаяў іншаземцам. Люблю сваё пачуццё гордасці ад таго, што некалі мой горад быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Ганаруся і тым, што мне пашчасціла жыць ў Навагрудку, дзе нарадзіўся і вырас вядомы ва ўсім свеце паэт—Адам Міцкевіч.



На працягу многіх гадоў і стагоддзяў людзі любілі свой горад, шанавалі яго гісторыю. Год ад году стараннямі і працай жыхароў горад мяняўся і прыгажэў. Многім сёння падабаецца адпачываць у гарадскім скверы, дзе некалі былі пасаджаны зусім маладзенькія дрэўцы, гуляць па плошчы, над добраўпарадкаваннем якой старанна папрацаваў не адзін дзесятак людзей.

"Усё пакінуць след павінна..."— адзначыў ў сваіх паэтычных радках П.Броўка. I цудоўна, калі пакінутыя людзьмі "сляды" прыносяць радасць і задавальненне.
На жаль, так бывае далёка не заўсёды. Мне напрыклад, непрыемна бачыць тыя "сляды", якмя нярэдка пакідаюць пасля сябе некаторыя маладыя жыхары горада. Напрыклад, на тую ж плошчу раніцай глядзець без болю немагчыма — усюды валяюцца бутэлькі, пакеты, шалупенне ад семачак. Добра было б арганізаваць сюды "экскурсіі" для старшакласнікаў на месцы іх тусовак. Можа, хоць некаму стала б сорамна? Згадзіцеся, што не так цяжка кінуць паперку ці бутэльку ў скрыню для смецця, а не сабе пад ногі. А тыя маладзенькія клёны з незвычайным лісцем, якія нехта знішчыў на вул.Міцкевіча? Чаму? Навошта? А новая агароджа на гэтай жа вуліцы? Каму яна перашкаджала? Чаму наогул патрэбна ўсё разбураць, нішчыць, ламаць? Няўжо нехта не хоча бачыць свой горад прыгожым, хадзіць па чыстых, зялёных вуліцах?


Думаю, што прычыны такіх паводзінаў закладваюцца ў сям'і. Часцей за ўсё менавіта бацькі з'яўляюцца прыкладам для сваіх дзяцей і даюць падставы для пераймання . Але трэба разумець, што не яны, а мы сваімі паводзінамі і адносінамі пішам напгу старонку ў гісторыі. Якой жа будзе гэта гісторыя пра нас у нашчадкаў? Якія сляды мы пакінем пасля сябе? Давайце задумаемся...
Па "слядах" хадзіла А.Літвінская, навучэнка гімназіі №1

3 сту 2008 г.

Як не памыліцца з выбарам?

Так ці інакш, а выбіраць нам даводзіцца штодзённа: пайсці на дыскатэку ці вывучыць урокі? перш зрабіць матэматыку ці напісаць сачыненне? пагглядзець тэлевізар ці паслухаць музыку?.. Але ёсць выбар лёсавызначальны, ад якога залежыць далешае жыццё. Менавіта такім з'яўляецца выбар прафесіі. Асабліва важны ен для юнакоў і дзяўчат, якія неўзабаве пакінуць сцены школы і зробяць свой першы крок у дарослае жыццё. Аднак, не ўсе ўсведамляюць гэта і сур'ёзна ставяцца да свайго выбару.

У такім выпадку дарэмна спадзявацца на добры вынік. 3 цягам часу
расчараваны ў выбранай прафеcіі чалавек абавязкова адчуе, што работа не
прыносіць радасці і што ён займаецца не сваёй справай.
Некаторыя лічаць за лепшае саступіць ініцыятыву бацькам, якія і вырашаюць
за сына ці дачку, куды пайсці вучыцца. Зразумела, што бацькоўскі жыццёвы
вопыт можа быць вельмі карысным, таму выслухаць іх меркаванне і парады
патрэбна. Але вырашаць усё ж неабходна самім. Гэта ваш выбар, і зрабіць яго
павінны вы самі.
Канечне, узяць на сябе адказнасць няпроста. У перпгую чаргу тут трэба, на
мой погляд, падумаць, кім вы бачыце сябе ў будучыні, якія ў вас здольнасці,
захапленні, да чаго, так бы мовіць, ляжыць душа. Толькі тады можна
вырашаць, у якую навучальную ўстанову ёсць сэнс паступаць. Прафесій
шмат. А вам патрэбна адна—тая, якая падабаецца менавіта вам.
Многія пры вырашэнні пытання, кім быць, зыходзяць з памеру заработнай
платы, за якую можна разлічваць ў далейшым. Безумоўна, грошы ў жыцці
маюць далёка не апошняе значэнне. Але, згадзіцеся, не самае галоўнае. На
маю думку, шчаслівы той чалавек, які на работу ідзе з радасцю, а з работы — з пачуццём задавальнення ад зробленага.
Кожны з нас мае магчымасць пагутарыць з бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі,
якія могуць шмат расказаць пра людзей розных прафесій. Больш грунтоўныя
веды ў такім пытанні таксама дапамогуць вызначыцца з выбарам. Акрамя
таго, можна звярнуцца да адпаведнай літаратура, да інфармацыйных стэндаў,
якія ёсць, напэўна, у кожнай школе. I не выключана, што пасля з'явіцца
пытанне: "Ці хачу я быць юрыстам, урачом, настаўнікам, ваенным?". Толькі
тады ваш выбар будзе сапраўдным і не давядзецца пасля шкадаваць пра тое,
што работа вас не задавальняе.
Я ж хачу пажадаць усім будучым выпускнікам поспехаў у вучобе, болып
цвёрдасці, упэўненасці і настойлівасці. I няхай ваш прафесійны выбар будзе
првільным!
3 выбарам нрафесіі "вызначалася" Анастасія Літвінская, навучэнка
пмназіі №1

Інтэрнэт у Наваградку і Наваградак у інтэрнэце



Гэты артыкул прысвечаны гісторыі развіцця інтэрнэту ў Навагрудку, а таксама людзям, якія прымалі ўдзел у стварэнні інтэрнэт-сайтаў пра наш горад. Дзякуючы ім наш горад стаў вядомым ў інтэрнэт - прасторы.
Пачнем з таго, што ў нашым горадзе, жыў і працаваў чалавек, якога завуць Артур Гапановіч.


Нарадзіўся і вырас ён у Навагрудку. У 1984 г. скончыў сярэднюю школу № 5 і пайшоў вучыцца ў СПТУ № 193, на наступны год яго скончыў. У 1985 г. паступіў у БПІ (Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інтытут). Затым з 1985 па 1987 служыў у войску ў горадзе Рызе. Таму БДПІ скончыў толькі ў 1992г.


У студэнцкія гады захапляўся музыкай, і нават быў адным з заснавальнікаў гурта з цікавай назвай “Ы-Ы-Ы”. Пісаў вершы і музыку. Зараз песні гэтага гурта знаходзяцца на беларускім музычным сайце http://music.fromby.net
З 1992 па 2005 г.г. Артур працаваў майстрам, а потым начальнікам ПТО ў ДРСУ-189 Навагрудка.
Сёння Артур жыве і працуе ў Мінску, ён жанаты, і ў яго расце сын.
… Пра ўсё астатняе вы даведаецеся з маей і яго размовы.



Ірына: Артур, я ведаю, што ты быў адным з першых, хто зрабіў сайт пра наш горад. Я хацела бы ведаць, што цябе да гэтага прывяло, або паўплывала на твае дзеянні?

Артур: Справа была так... Як толькі ў нашым горадзе з'явіўся доступ у інтэрнэт па нумары 600-100, я пайшоў да шэфа (кіраўніка ДРСУ), і сказаў: «Трэба да сеткі далучацца!» (...нагадаю, гэта быў 1999-2000 год)

Ірына: Нічога сабе, так даўно!!!

Артур: Што даўно, то праўда! Неяк сама сабою прыйшла думка: трэба наш горад у сетцы прадставіць, і з самага лепшага боку. Паколькі я даўно сябраваў з кампутарам і быў адным з першых у хвалебным горадзе Навагрудку, хто займаўся здымкай відэа і ўжыў кампутарную апрацоўку, то вырашыў я сур’ёзна заняцца інтэрнэтам.

Ірына: А дзе ты браў інфармацыю пра гісторыю горада, старыя фотаздымкі?

Артур: Была ідэя, потым, трэба было нешта рабіць... Я пайшоў па музеях, фатаграфаваў усё, слухаў, але гэта было падобна на турызм… Тады я вырашыў знайсці ў сетцы што-небудзь гэтакае…

Ірына: А час дзе знаходзіў? Ты ж працаваў?

Артур: Час у мяне быў толькі у выхадныя дні.

Ірына: А дзе грошы браў?

Артур: Сайта novogrudok.by яшчэ не было. Мне ў музеі сказалі, што ёсць сайт па гісторыі (Замкавая гара).
А пра грошы - прыйшлося крэўныя плаціць, бо адказ быў адзін – сайт пра горад ужо ёсць і што вам яшчэ трэба...

Ірына: Гэта значыць, ідэя стварыць сайт захапіла табе цалкам?

Артур: Менавіта так!

Ірына: А хто цябе навучыў web-праграмаванню?

Артур: Web-праграмаванню я вывучыўся сам, як і гульні на гітары, я і дагэтуль не ведаю нот і не ведаю, што такое” php” і ”апачы”…

Ірына: Выдатна! Ты проста малайчына! Ты ствараў сайт горада сам, альбо табе хто-небудзь дапамагаў?

Артур: Сам. Я зарэгістрыраваў дамен www.novogrudok.com і сайт жыў тут год, потым скончыліся грошы, і партал сыйшоў у бясплатны хостынг.


Ірына: А над чым ты зараз працуеш?

Артур: Апошнюю сваю працу я заўжды трымаю ў сакрэце! Але вы можыце поглядзець мае сайты:
http://novofoto.narod.ru (самы першы мой сайт пра Наваградак)
http://www.fotomix.ucoz.ru (тут збор фотасправаздач з паходаў)
http://artgapan.livejournal.com (мой ЖЖ)

Ірына: Добра.
А што ты можаш сказаць пра тваё захапленне фатаграфіяй?

Артур: Раней у мяне быў фотаапарат Зеніт, потым лічба Мінольта.

Ірына: А зараз у цябе які фотоапарат!!!
Артур: А зараз люстэрка Nikon. Я гэтаму вельмі рады і выціскаю з яго усё, што магчыма!

Ірына: Так, я ўжо бачыла ў нэце тваі сайты з фотаздымкамі!!!

Артур: ...Мне Nikon з штатаў сябар прывёз...

Ірына: Табе пашчасціла!

Артур: Ну не пашчасціла... я нагрузіў яго лішні раз. Аднойчы я яму кажу: “Краіна цябе не прыме без Ніконыча!” Ён і прывёз… Так што фатаграфіяй я працягваю захапляцца. Усе апошнія маі работы можна паглядзець на сайте:
http://www.fotokritik.ru/member/?member_id=2112
На гэтым мая размова з Артурам скончылася.

І раптам мне ўспомніліся радкі з рамана Л. Талстога "Вайна і мір":
"...Пакінем мёртвым хаваць мёртвых, а пакуль жывы, трэба жыць і быць шчаслівым." Андрэй Балконскі том 2 частка 3 гл. 19

Ірына Лазарава
Фотаздымкі Артура Гапановіча