8 сне 2008 г.

Пра паэзію з любоўю

У нашым горадзе гісторыка-краязнаўчы музей стаў тым месцам, куды можна прыйсці і пагаварыць, а заадно і паслухаць другіх. Запрасіўшы амаль два гады назад на творчую сустрэчу аднаго з мясцовых мастакоў, супрацоўнікі музея заклалі аснову добрай традыцыі. 3 таго часу тут ладзяцца цікавыя сустрэчы з творчымі людзьмі не толькі з нашага горада, але і з цікавымі асобамі з іншых гарадоў.


7 снежня ў музеі адбылася яшчэ адна такая імпрэза. На гэты раз сустрэча была прысвечана паэтычнаму слову. Аудыторыя мела магчымасць пазнаёміцца, ці ўспомніць вершы адразу некалькіх паэтаў. А прадстаўляла іх творчасць абаяльная жанчына Іна Ягораўна Кабушава. 




Сама Іна вершы не піша, аднак ведае іх напамяць вялікую колькасць. I самае галоўнае, што яна ўмее тонка даносіць іх да сэрца слухачоў. Так у свой час, будучы студэнткай тэхналагічнага інстытута, Іна наведвала драматычны гурток, дзе і шліфавала свае майстэрства дэкламатара. А любоў да паэзіі пачалася яшчэ з дзяцінства, і магчыма, ад маці - Тамары Уладзіміраўны, якая таксама вельмі любіць вершаваныя радкі. 3 самадзейным акцёрскім мастацтвам быў звязаны і бацька Іны, Ягор Арцёмавіч. У свой час ён выконваў розныя ролі ў самадзейных спектаклях драматычнага гуртка, які існаваў некалі ў нашым горадзе пры сельгастэхнікуме. Трэба яшчэ зазначыць, што падчас сустрэчы ў музейнай зале прагучала не толькі вялікая колькасць вершаў... Тут былі аткрыты і цікавыя старонкі біяграфіі выдатнай паэтэсы Юліі Друнінай. Напрыканцы праграма ўсе жадаючыя, як звычайна, мелі магчымасць задаць свае пытанні, і канешне, пачуць цікавыя адказы на іх.






А яшчэ хацелася б дадаць, што кола слухачоў з кожнай такой сустрэчы ў музеі пашыраецца - сюды "ўліваюцца" ўсё новыя і новыя людзі, а сярод іх і тыя асобы, якім ёсць што сказаць і паказаць прысутным. I напэўна, нездарма, адзін з вялікіх пісьменнікаў і філосафаў Экзюперы лічыў зносіны з добрым чалавекам вялікай раскошай. I да гэтай раскошы цягнуліся, цягнуцца і будуць заўсёды цягнуцца людзі.



Святлана Абдулаева

20 ліп 2008 г.

З творчым праектам – да землякоў

Літаратурная імпрэза “Са сталіцы – у сталіцу”, ініцыятарам якой сталі навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Тадэвушаўна Кавальчук і наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, з поспехам прайшла ў музеі Адама Міцкевіча. Тут сабраліся настаўнікі і навучэнцы, мясцовыя паэты, прадпрымальнікі.


Ужо стала традыцыяй, што наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, які жыве ў Мінску, на працягу апошніх некалькіх гадоў ладзіць у Навагрудку творчыя праекты. Летась ён прыязджаў у наш горад з паэткай Аксанай Спрынчан. А вось на гэты раз прывёз цэлую творчую групу людзей, захопленых паэзіяй і музыкай.
Падчас імпрэзы ўвесь акцэнт быў зроблены, канечне, на асобу Адама Міцкевіча і яго творчасць. Аксана Спрынчан, якая, дарэчы, са Зміцерам вяла ўсю праграму, шчыра прызналася, што дзякуючы крымскім санетам песняра яна сустрэла сваё шчаслівае каханне. Звычайна лёс паэта разглядаецца ў ракурсе літаратурным або палітычным… Аднак у дадзеным выпадку на самым пачатку імпрэзы астролаг Людміла Кандратава цікава распавядала аб лёсе Адама з пункту гледжання астралогіі, што для многіх прысутных аказалася невядомым.
Прыемна адзначыць, што вялікую цікавасць да прыезду ў Навагрудак праявіла дырэктар бібліятэкі імя Цёткі ў Мінску Рэгіна Багамолава, якая з задавальненнем пазнаёміла са сваімі вершамі. Акрамя таго, вершаваныя радкі гучалі і з вуснаў таксама паэткі Таццяны Пратасевіч і паэта Міколы Кандратава.
Не абышлося, канечне, і без музыкі. Усю творчую праграму аздобілі сваімі песнямі вядомыя мінскія барды Яраш Малашэўскі, Алесь Камоцкі і Серж Мінскевіч, які да таго ж з’яўляецца перакладчыкам твораў Адама Міцкевіча. Невядома, дзе ў гэты час была душа самога песняра. Магчыма, разам з усімі на імпрэзе, а можа – дзесьці ў Парыжы… Але тое, што сам дух Паэзіі лунаў у гэты час у музеі, - гэта бясспрэчна. Бо адначасова з вершамі, якія чыталі паэты, пісаліся новыя вобразныя радкі. Імі прыемна ўразіў усіх дырэктар музея Мікола Гайба, які ў канцы імпрэзы прачытаў трапныя сяброўскія эпіграмы на гасцей.
Святлана Абдулаева.


16 ліп 2008 г.

На тэму Халакоста

Выстава літаратуры

У Навагрудку прайшла 9-ая штогодняя летняя сесія міжнародных курсаў падрыхтоўкі выкладчыкаў тэмы “Халакост”. Арганізатары – міжрэгіянальная грамадская арганізацыя “Навукова-асветны цэнтр” МГА “НАЦ ”Халакост” (Масква), рэспубліканскі фонд “Халакост” (Беларусь) і ўстанова культуры “Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей”.
Адкрыццё сесіі. Выступае Тамара Вяршыцкая.
У сесіі прынялі ўдзел педагогі Расійскай Федэрацыі і Беларусі, лектары з Чэхіі, Ізраіля, Расіі.


Удзельнікі канферэнцыі





Горад Навагрудак выбраны месцам правядзення сесіі не выпадкова. У ліпені 2007 года на тэрыторыі ДПТВ-193, дзе ў гады вайны знаходзілася гета, адкрылася экспазіцыя, прысвечаная яўрэйскаму супраціўленню на Навагрудчыне ў перыяд Халакоста: уцёку вязняў гета праз тунэль і дзейнасці яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей на працягу 15 гадоў займаецца даследаваннямі па тэме “Халакост на Навагрудчыне”, а з 2003 года – адукацыйнымі праграмамі па гэтай тэме для настаўнікаў сярэдніх школ Беларусі. З 2003 года музей актыўна супрацоўнічае з МГА “НАЦ ”Халакост” у плане навуковай, асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці.
Як зазначалася падчас лекцый і сустрэч, 9-ая летняя сесія міжнародных курсаў у Навагрудку – гэта новы ўзровень развіцця супрацоўніцтва паміж музеем і МГА “НАЦ “Халакост”, кантактаў беларускіх і расійскіх настаўнікаў, важны этап у развіцці адукацыйнай дзейнасці па тэме “Халакост у Беларусі”.
Па выніках сесіі адбылося ўручэнне дыпломаў. Т.Вяршыцкая

30 сак 2008 г.

Дзеля гэтага трэба жыць

На мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя фотавыставы “Дзеля гэтага трэба жыць” Ганны Сцяпанаўны Валенцік. Ганна Сцяпанаўна нарадзілася на Урале, але так склалася жыццё, што Навагрудак для яе ўжо даўно стаў родным горадам. Тут у яе жывуць дзеці і ўнукі, менавіта тут яна адпрацавала ў гандлёва-эканамічным каледжы 33 гады выкладчыкам эканамічных дысцыплін да выхаду на пенсію. Але нягледзячы на свой узрост, яна па-сапраўднаму любіць жыццё такім , якім яно ёсць. Ад яе ніколі нельга пачуць скаргаў на надвор’е ці, на недахоп грошай ці стомленасць. На дрэннае яна проста не звяртае ўвагу, а бачыць і цягнецца якраз да прыгожага. І свет яе захапленняў - гэта не толькі фатаграфія, а яшчэ і лыжныя прагулкі зімой, і ігра на мандаліне, і развядзенне якасных гатункаў вінаграду, і басейн, і канешне, хор ветэранаў “Радасць”, у які яна ходзіць з задавальненнем на рэпетыцыі і канцэрты.

А яшчэ Ганна Сцяпанаўна ніколі і нікога не забываецца паваіншаваць з днём нараджэння па тэлефоне, ці па радыё, альбо завітаць у хату з падарункам. Таму і не дзіўна, што на гэтую сустрэчу прыйшлі яе і родныя, і сябры , і былыя калегі, і ўдзельнікі хору, якія падтрымалі сваю спявачку і выканалі разам з ёю некалькі песень. А тэматыка яе фотаздымкаў – гэта і хроніка жыцця хору “Хадасць”, і дзіўны свет дзяцінства, і эпізоды з вандровак, і канешне – прырода, якая заўсёды дае творчы матэрыял і натхняе. Тым больш, родныя мясціны, якія нават з фотаздымкаў саграваюць цеплынёй і даюць зарад энергіі. І таму зусім невыпадкова, напрыклад, на фотавыставе размясціліся побач возера Свіцязь і краявід такой далёкай і роднай вёскі Піхтоўка, дзе Ганна Сцяпанаўна нарадзілася.






Прыкметна і тое, што аўтарка фотаработ робіць свае здымкі ваенным трафейным фотаапаратам. Яго калісьці падарыў яе сям’і генерал І.М.Панамароў. Трэба зазначыць, што фотаапарат вельмі высокай якасці і ім можна здымаць нават і ў начы. Але хто быў яго гаспадаром: ці то ваенны нямецкі карэспандэнт ці афіцэр – невядома, але Ганна Сцяпанаўна хацела б усё-такі пра гэта калі-небудзь даведацца. Вось аб усім гэтым яна і расказала падчас прэзентацыі. Акрамя гэтага, яна з вялікім задавальненнем яшчэ падзялілася думкамі наконт таго, што выхад на пенсію – гэта яшчэ не канец жыцця. “Рыхтуючыся да фотавыставы я ставіла сабе дзве мэты – гэта падняць прэстыж хору ветэранаў і даказаць усім, што жыццё пасля выхаду на пенсію можа быць паўнавартасным, па свойму цікавым і захапляльным”.

Нездарма ў старажытнасці казалі: “Аддай свету ўсё, што ў цябе ёсць – і ты атрымаеш усё, што ёсць ў свеце”. Так Ганна Сцяпанаўна ўсё сваё жыццё дарыла людзям добрыя словы, дзялілася сваімі ведамі, аддавала сваё душэўнае цяпло. І ў гэты дзень да яе вярнулася вялікая колькасць цёплых, душэўных слоў, шчырых пажаданняў і многа кветак, як прызнанне любові сваіх землякоў.

Немалаважную ролю ў тым, што ў культурнай сферы нашага горада адбылося такое зямное свята, адыгралі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Яны не толькі праявілі цікавасць да ідэі наконт фотавыставы, але як маглі дапамаглі Ганне Сцяпанаўне: удала размясцілі фотаздымкі і напісалі сцэнарый і вельмі захапляюча правялі імпрэзу.
На жаль, у нашым горадзе няма карціннай галерэі ці залы для фотавыстаў, і атрымоўваецца, што бібліятэка часткова ўзяла на сябе гэтую місію. Нядаўна тут прайшла фотавыстава Ірыны Лазаравай - супрацоўніцы бібліятэкі, а зараз размясціліся работы Г.А.Валенцік, а 1 красавіка плануецца адкрыццё яшчэ адной фотавыставы, прысвечанай дню смеху “Усміхнемся разам” для аматараў гумару.


Святлана Абдулаева

7 сак 2008 г.

Сінтэз фантазі і натхнення

Як правіла, у выніку сінтэза фантазіі, натхнення і цярпення звычайна з’яўляюцца арыгінальныя рэчы. Шкатулкі, хлебніцы, падстаўкі пад тэлефон, столікі, кухонныя прыборы, карнізы – адным словам, не адзін дзесятак прыгожых вырабаў з’явілася на свет з-пад удалых рук Мікалая Козела.

Нарадзіўся Мікалай на Навагрудчыне, ў вёсцы Кусціна, у вёсцы Кашалева скончыў школу, потым прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча ў Навагрудку і атрымаў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Пасля службы ў войску, уладкаваўся на працу ў ПМК -156, дзе працуе і зараз. А займацца разьбой па дрэву ён пачаў выпадкова – убачыў аднойчы, як адзін знаёмы працаваў з дрэвам і вырашыў паспрабаваць сам. Хаця трэба дадаць, што яго бацька калісьці таксама працаваў з дрэвам, толькі крыху ў другім напрамку – займаўся сталяркай і плотніцтвам. Таму, магчыма, любоў да дрэва перадалася ўсё-такі і сыну.



“Разьбе па дрэву я вучыўся практычна самастойна. Праўда прыйшлося купіць неабходную літаратуру, каб спасцігнуць пэўныя таямніцы гэтага майстэрства. Бо авалодаць самім працэсам разьбы недастаткова. Трэба яшчэ умець выбіраць дрэва, з якога можна нешта вырабляць . Яго трэба распілаваць, выраўняць, прасушыць да пэўнай меры. Мне вельмі падабаецца працаваць з ліпай, а яшчэ больш з асінай. Асіна – самы прыдатны матэрыял для такіх вырабаў. Па-першае, яна мякккая, а па-другое – мае прыгожы белы колер.


А каб вырабленая рэч мела прывабны выгляд - даводзіцца выкарыстоўваць лакі, розныя растворы і фарбы.Калі купленыя ў магазіне разакі для разьбы дрэва мяне не задавальнялі, некаторыя прылады ўдасканальваў, альбо майстраваў сам. А што датычыцца вырабаў ? Я амаль усе іх падарыў сваім сябрам, знаёмым і блізкім людзям.» А яшчэ Мікалай захапляецца рыбалкай, любіць спяваць і … вучыцца іграць на гітары ў волны час. І марыць вырабіць з драўніны любімых кніжных персанажаў і паставіць іх на сваім двары каля хаты, каб яны ўздымалі настрой у любое надвор'е гаспадару і гасцям.

Святлана Абдулаева

22 лют 2008 г.

Падгледжана ў прыродзе

Пад такой назвай у зале пасяджэнняў Навагрудскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя фотавыставы Ірыны Лазаравай.

Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу была распрацавана мэтавая экалагічная праграма ”Чалавек.Прырода.Экалогія”, разлічаная на тры гады. Першым мерапрыемствам, якое адкрыла падпраграму “Экауніверсітэт”, з’явіўся фотавернісаж нашай супрацоўніцы.

Прырода дае неабмежаваны матэрыял для творчых пошукаў. Спатканне са знаёмымі і любімымі пейзажамі – менавіта такое ўражанне пакідаюць фотаработы Ірыны Лазаравай. Чалавеку творчаму і няўрымсліваму, захацелася занатавать убачанае, захаваць унікальныя краявіды не для сябе, але і паказаць іншым.






Здымае не толькі фотаапарат, але і чалавек. За кожным з гэтых фотаімгненняў – работа душы, здольная адгукнуцца на рух, ці спакой ,на самыя розныя цуды прыроды. Усе яны жывыя і трапяткія, здаецца, праз імгненне прырода, абмежаваная рамкай фотамалюнка ажыве і пачне самастойнае жыццё.

Мы бачым выразныя, насычаныя колеры, сакавітую зелень, дасканалыя кампазіцыі, якія здзіўляюць закончанасцю і глыбінёй. Цудоўныя пейзажы яшчэ уражваюць назіральнасцю і дасціпнасцю неабыякавасцю, асаблівым уласным светапоглядам. Дарэчы, здымаць яна пачала ў 2007 годзе, калі атрымала ў падарунак лічбавы фотаапарат.

З першым дэбютам Ірыну Лазараву прыйшлі павіншаваць загадчык аддзела культуры А.М.Карачан, загадчык ідэалагічнага аддзела райвыканкама І.С. Грынь, вядомыя фотамайстры навагрудчыны, супрацоўнікі музеяў, эколага -біялагічнага цэнтру. Былі выказаны асабістыя пажаданні аўтару работ, думкі, асацыяцыі, якія выклікалі цудоўныя фотапейзажы.

Кажуць, што калі чалавек таленавіты, то гэта праяўляецца ва ўсім, што ён робіць. Ірына чытае, захапляецца музыкай. Асабліва яе захапляе краязнаўства Навагрудчыны. Зусім нядаўна яна стала ўдзельніцай конкурсу, з нагоды 210-ых ўгодкаў з дня нараджэння А. Міцкевіча.
Можна з упэўненасцю сказаць, што свет фотаработ І.І. Лазаравай – гэта гармонія адносін чалавека і прыроды, да якіх хочацца звяртацца зноў і зноў.

Фотавернісаж працягвае сваю работу ў чытальнай зале нашай бібліятэкі.

Усім навагрудчанам, якія наведаюць выставу, будзе прыемна сустрэцца з самымі чароўнымі пейзажамі, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі.


Шаўчук І.А., загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ

13 лют 2008 г.

Гучала флейта днём зімовым


Лаурэат міжнароднага конкурса Ірына Сахоцкая 6 лютага 2008 года ў Навагрудку дала сольны канцэрт флейтавай музыкі. Выступленне адбылося ў зале школы мастацтваў. Ладзіць канцэрт ёй дапамагала таксама лаурэат рэспубліканскіх конкурсаў Анастасія Хан, якая выконвала партыю фартэпіяна.

Ірына Сахоцкая нарадзілася ў горадзе Маладзечна. Там жа скончыла пры музычным вучылішчы музычную школу і потым музычнае вучылішча. А пайшла яна “па шляху музыкі” пад уплывам старэйшага брата - прафесійнага валтарніста. Потым паступіла ў кансерваторыю, дзе вучылася ў класе дацэнта Ніны Васільеўны Аўраменка. Зараз працуе выкладчыкам Лідскага музычнага вучылішча па класе флейты. У 2005 годзе на Украіне ў горадзе Канев, стала лаурэатам міжнароднага конкурса. Свой першы сольны канцэрт дала ў Лідзе ў канцы снежня 2007 года. У яе рэпертуар уваходзяць творы самых розных накірункаў і жанраў. І аматары музыкі з задавальненнем змаглі паслухаць мелодыі І. С. Баха, С. Рэйнеке, Г. Энеско, А. П’яцолы, С. Болінга.
Святлана Абдулаева

11 лют 2008 г.

На жыццёвым пасту

Вольга Васільеўна Дзем’янчук прыехала ў вёску Бердаўка Ацмінаўскага сельсавета ў 1947 годзе пасля заканчэння фельшарска-акушэрскай школы ў Баранавічах. І з таго часу, да выхаду на пенсію, усе свае медыцынскія веды і душэўнае цяпло - яна аддавала тым, хто да яе звяртаўся. І нават зараз, нягледзечы на свой узрост, яна дапамагае мясцовым жыхарам, калі да яе звяртаюцца за дапамогай. З 1947 года па 1960 год у яе прысутнасці і з яе дапамогай з’явіліся на свет больш як 500 немаўлят, якіх яна першая ўзяла на рукі.

Нарадзілася Вольга Васільеўна ў Навагрудку ў 1926 годзе. Вучылася ў гімназіі, дзе вялікая ўвага надавалася лацінскай мове. Менавіта добрае веданне гэтай мовы і дапамагло ёй паступіць у фельшарскую школу. Трэба дадаць, што не толькі добрыя веды па лацінскай мове, але і неабходныя веды па нямецкай мове прадвызначылі яе лёс. Яна не толькі сама змагла пазбегнуць у гады вайны адпраўкі ў Германію, але выратавала яшчэ сваіх сябровак і блізкіх.Так здарылася, што немцы сагнаўшы жыхароў горада ў канюшню, раздалі ўсім карткі. На адных з гэтых картак была літара “Н”, на другіх – “Г”. Ніхто з палонных не ведаў, што азначалі тыя літары. І тады маладая Вольга , набраўшыся смеласці, пачала распытваць нямецкага вартавога. І ён ёй патлумачыў, што карткі з літарай “Г” азначаюць адпраўку ў Германію. А тыя асобы, у каго на руках карткі з літарай “Н” – застануцца ў Навагрудку. Атрымаўшы такую інфармацыю, Вольга падзялілася ёй са сваімі блізкімі людзьмі. І ўсе , хто яе паслухаў і выбраў карткі з літарай “Н” засталіся ў родным горадзе. Хаця былі вымушаны працаваць у цэху, дзе вілі вяроўкі для ваенных патрэб. Але гэта было ўсё-такі на сваёй радзіме.
Калі ж прыйшоў час паступаць вучыцца далей, Вольга ўзяла адпаведную даведку з гімназіі, і немцы яе адпусцілі. Паступіла ў Баранавічы ў фельшарскую школу. У той час гэта была не толькі школа , якая давала неабходныя медыцынскі я веды – гэта была школа сапраўднага суровага жыцця. Ішла вайна, не хапала медперсанала, а прыходзілі цэлыя эшалоны раненых. Таму маладым, толькі пачынаючым медыкам, прыходзілася займацца нялёгкай практыкай. Акрамя дапамогі раненым , прыходзілася прысутнічаць і пры родах. Бо нярэдка здаралася, што на дзяжурства адной акушэркі выпадала адначасова па 5-7 родаў. І так атрымалася, што калі пасля вайны быў дадаткова ўведзены курс па акушэрскай справе – Вольга Васільеўна ўжо многае ведала з практыкі. А тады, ў ваенныя гады, акрамя медыцыны трэба было займацца яшчэ і ваеннай падрыхтоўкай – збіраць і разбіраць аўтаматы, страляць, бегаць кросы і г. д. І так кожны дзень па чатыры гадзіны.
Таму не выпадкова , на пытанне, ці не страшна было ёй, дваццацігадовай дзяўчыне , прыехаўшы ў Ацмінаўскі фельшарска-акушэрскі пункт лячыць людзей і прымаць роды – Вольга Васільеўна адказала, што яна не баялася , бо добрая практыка давала ёй упэўненасць. Хаця ўся вялікая адказнасць практычна ляжала на ёй – яна назірала за цяжарнымі жанчынамі і яна ж дапамагала немаўлятам з’явіцца на Божы свет. Нараджэнне дзіцяці – гэта заўсёды таямніца. Але, напэўна, сам Усявышні благаславіў маладую акушэрку на гэта – бо за гады яе работы не было ніводнага смяротнага выпадку. І ў сцюжу, і ў дажджы, і ў спёку яна брала з сабой патрэбныя інструменты, медпрэпараты і спяшалася на дапамогу. І толькі пасля 1960 года цяжарных жанчын пачалі накіроўваць у бальніцы для родаў. Да таго ж Вольга Васільеўна вяла яшчэ прафілактычную і санітарную работу – чытала цікавыя лекцыі, арганізоўвала праверку чысціні і парадку ў вёсках . Была яна і дэпутатам сельскага савета, старшынёй бацькоўскага сходу. За сваю дзейнасць Вольга Васільеўна Дзем’янчук была ўзнагароджана ў 1970 г. і 1981 г. Медалямі ветэрана працы. У 1980 годзе яе ўзнагародзілі нагрудным знакам Ганаровы донар СССР. Дарэчы, кроў яна здавала яшчэ і ў вайну. За актыўную працоўную дзейнасць была ўзнагароджана неаднаразова Ганаровымі граматамі. А яшчэ Вольга Васільеўна прызналася, што калі б жыццё давялося паўтарыць – яна выбрала б зноў медыцыну і сваю справу.

Cвятлана Абдулаева

2 лют 2008 г.

“…пад уражаннем Пола Гілберта”

У нядзелю 27 студзеня 2008 года ў памяшканні гістарычна-краязнаўчага музея праходзіла сустрэча з гітарыстам Русланам Дробышам. Паслухаць гітарную музыку прыйшлі аматары самага рознага ўзросту - тут былі і школьнікі, і людзі пенсіённага ўзросту. Цікава, што Руслан - музыкант-самавучка, які здолеў авалодаць не толькі ігрой на гітары, але і самастойна вывучыў нотную грамату. Так здарылася, што ў дзіцячыя гады ён паступаў у музычную школу, але камісія не змагла разглядзець у яго музычныя здольнасці і яму адмовілі ў навучанні. Аднак жаданне навучыцца іграць на гітары не пакідала яго. І з 14 гадоў ён пачаў авалодваць інструментам самастойна.

Спачатку сябар намаляваў яму некалькі акордаў схематычна . Пасля Руслан купіў некалькі кніжак па гітарнай ігры і пачаў вывучаць нотную грамату, гукарад на інструменце, строй гітары, віды акампанемента і г. д. Праз чатыры гады ён ўжо іграў у групе сяброў –гітарыстаў. Потым, калі паступіў у Навагрудскае СПТВ – іграў там таксама і за удзел у канцэрце быў узнагароджаны нават граматай. Пасля іграў у гурце ”ORION “ пры Доме культуры. Калі група распалася – вырашыў удасканальваць сваё майстэрства самастойна. Тым больш, што можна выкарыстоўваць магчымасці камп’ютэра, які ў пэўных сітуацыях можа замяніць людзей.




Пад час канцэрта Руслан выканаў на электрагітары шэсць музычных кампазіцый, у тым ліку і адну сваю. Якую , як ён прызнаўся, напісаў пад уражаннем Пола Гілберта. Стыль , у якім ён найбольш любіць працаваць – гэта ў асноўным – блюз. У Руслана няма абмежавання ў стылях выканання, як ён сказаў “ад блюза да хэві метала ”.

Цікава прагучаў ў яго выкананні знакаміты паланез Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Тэмбр электрагітары прыдаў гэтаму твору своеасаблівую афарбоўку. Наогул мелодыі на электра гітары ў першыню прагучалі ў краязнаўчым музеі . Гэта было так нязвыкла і загадкава... І як бы на розны густ сыграў ён і “Менуэт” Баха – першы раз на электрагітары, а другі раз – на акустычнай гітары. На акустычнай гітары быў выкананы і яшчэ адзін твор - гэта “Сляза” Ф.Тарэга. Акрамя ігры Руслан расказаў і пра тое, як ствараюцца кампазіцыі і паказаў наглядна на камп’ютэры “творчую кухню”. А ў яго бліжэйшых планах – удасканаліць свае старыя запісы і перазапісаць іх. А яшчэ яго любімыя заняткі – гэта фатаграфія і тэхніка. і на гэтым кола захаплянняў Руслана не заканчваецца…



Абдулаева Святлана

1 лют 2008 г.

З конкурса з перамогай


Аліна Раманюк

Удалым стаў пачатак новага 2008 года для вучаніцы дзевятага класа СШ № 7 Аліны Раманюк. Прыняўшы ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе патрыятычна-ваеннай песні “Звязда”, прысвечаным 90-годдзю Узброеных Сіл, Аліна вярнулася ў Навагрудак з перамогай. Ёй было прысуджана ІІ-ое ганаровае месца за яркае выкананне песні “Мой край”. Трэба дадаць, што журы было вельмі сур’ёзным і патрабавальным. І ў яго склад уваходзілі і прадстаўнікі Белтэлерадыё кампаніі, і музыканты з ансамбля “Песняры” і іншыя прафесіяналы. Старшынёй камісіі быў, вядомы ў нашай краіне кампазітар, Ігар Лучанок.


Удзельнікі канцэрта



Выступленне Аліны Раманюк

Аліна і ранней часта выступала на сцэнах нашага горада, калі яшчэ вучылася ў музычнай школе.
Такое выступленне ў сталіцы для яе было ўпершыню. Сам жа конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку на ўзроўні горада і раёна яе адабралі, як спявачку, якая абараняла гонар ваеннай часці. Дарэчы, пра гэта паклапаціўся бацька Аліны, Ігар Аркадз’евіч, старэйшы прапаршчык і намеснік камандзіра. Другі этап – гэта адборачны тур у г. Гродна, дзе яна дастойна вытрымала сваеасаблівы іспыт. Завяршальны этап праходзіў у Мінску ў Доме афіцэраў таксама ў дзве стадыі.
“ Спачатку быў адбор удзельнікаў для фінала, бо прыехала з усёй Беларусі 120 чалавек, - расказала Аліна. – Мяне праслухалі і адразу сказалі, што я прайшла ў фінал. У фінале выступала 16 удзельнікаў. Маё выступленне было ў намінацыі “Аўтарская песня”. Песню напісала наша зямлячка Святлана Шэлегейка, а фанаграму зрабіў таксама навагрудскі музыкант Нагулевіч Сяргей. І калі мне прысудзілі ІІ-ое месца, я канешне, была вельмі рада. Хаця, калі ехала ў Мінск - асабліва нічога не чакала. Мне прста хацелася - каб мяне заўважылі. А ў будучым буду спяваць і спрабаваць свае сілы ўсюды, дзе гэта будзе магчыма. А пасля заканчэння школы мару паступіць ў каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне.”


Пасля канцэрта

Абдулаева Святлана

Палёт фантазіі

В одно мгновенье видеть вечность,
Огромный мир - в зерне песка,
В единой горсти - бесконечность,
И небо - в чашечке цветка.

Менавіта гэтае крэда з’яўляецца для Ганны Міхайлаўны Клешч арыенцірам на жыццёвым шляху апошнія пятнаццаць год. Стварэнне калажоў з натуральных матэрыялаў – дзіўны свет яе захаплення. Так..з пяску, каменьчыкаў, костачак, насення, сухацветаў, лазы –адным словам з самых розных падручных матэрыялаў, - ствараецца эксклюзіў.







“ Я ніколі ў маладосці не думала, што буду займацца такой справай – расказвае Ганна Міхайлаўна. - Але, скончыўшы ў 1983 годзе Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці тэхнік- тэхнолаг, і потым працуючы ў шавецкай майстэрні, мне даводзілася часта падбіраць колер скуры для абутку. І, магчыма, тады на ўзроўні падсвядомасці выпрацоўваліся нейкія навыкі спалучэння колераў, і развівалася колерабачанне. Акрамя таго, можа перадаліся і нейкія гены ад продкаў – у радні ёсць мастакі; мама таксама вельмі прыгожа вышывала – яна выдатна ўмела спалучыць розныя фарбавыя адценні.”




А вось акалічнасцю, якая падштурхнула Ганну Міхайлаўну да раскрыцця ўнутранных здольнасцей з’явілася неабходнась аформіць лесвіцу ў новым пабудаваным доме. За парадай звярнулася да дырэктара эколага-біялагічнага цэнтра В.В. Котавай. З таго часу ўсур’ёз пачала цікавіцца творчасцю.

І тады ж была запрошана ў цэнтр на працу, як кіраўнік гуртка “Прырода і фантазія”. Добра разумела - каб стаць прафесіяналам сваёй справы - трэба вучыцца. Таму за ўласныя грошы з’ездзіла ў Мінск на курсы – тут вывучала спектар колераў, пазнаёмілася з вопытам іншых майстроў з Беларусі, Малдовы, Расіі. Гэтая вучоба стала моцным штуршком для далейшай дзейнасці, для новых творчых пошукаў.

Новыя тэмы, ідэі прывозіла і з замежных вандровак па Чэхіі, Югаславіі, Венгрыі. Такія паездкі, лічыць Ганна Міхайлаўна, – гэта цудоўная магчымасць убачыць нешта новае, набрацца пазітыўнай энергіі і ўдасканаліць сваё майстэрства. Бываючы ў другіх гарадах, яна заўсёды звяртае ўвагу на архітэктуру і афармленне будынкаў, на інтэр’ер гатэляў і рэстаранаў. Не прапускае магчымасці наведаць і розныя мастацкія салоны і выставы.

“Апошнім часам вельмі падабаецца ствараць пласкасныя калажы – дэкаратыўныя пано. Любімыя колеры – гэта спакойныя колеры зямлі і зеляніны. З задавальненнем працую з натуральнай тканінай – мешкавінай. Самы ўдалы час для работы , канешне, дзень, калі пры натуральным асвятленні найлепш бачацца фарбы і розныя адценні”, – прызналася майстар.

Трэба дадаць, што апошнія амаль пяць год Ганна Міхайлаўна працуе загадчыцай гаспадаркі ў спецшколе- інтэрнаце. І ў многім,дзякуючы менавіта ёй, тут пануе прыгажосць і свой непаўторны стыль. Так, напрыклад, адна частка памяшкання аформлена ў “марскім стылі”, другая – пераважна ў “бэзавых колерах”, дзе калажы надаюць сваеасаблівую арыгінальнасць інтэр’еру.

Дзякуючы таму, што было знойдзена шчырае паразуменне з дырэктарам А.Я. Ермаковай, у школе-інтэрнаце Ганна Міхайлаўна змагла рэлізаваць сябе, як творца. “Вельмі важна, каб мастака, майстра ніхто не абмяжоўваў, тады заўсёды будзе шанц для палёта фантазіі” – працягвае размову гэтая абаяльная жанчына. – І калі я бачу, што нехта радуецца, калі бачыць мае работы – гэта мяне таксама радуе. А якая мая мара? Вельмі хацелася б прыгожа аформіць сталоўку, у якой бы дзеці адчувалі б сябе па-дамашняму ўтульна.”

Абдулаева Святлана