22 лют 2008 г.

Падгледжана ў прыродзе

Пад такой назвай у зале пасяджэнняў Навагрудскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя фотавыставы Ірыны Лазаравай.

Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу была распрацавана мэтавая экалагічная праграма ”Чалавек.Прырода.Экалогія”, разлічаная на тры гады. Першым мерапрыемствам, якое адкрыла падпраграму “Экауніверсітэт”, з’явіўся фотавернісаж нашай супрацоўніцы.

Прырода дае неабмежаваны матэрыял для творчых пошукаў. Спатканне са знаёмымі і любімымі пейзажамі – менавіта такое ўражанне пакідаюць фотаработы Ірыны Лазаравай. Чалавеку творчаму і няўрымсліваму, захацелася занатавать убачанае, захаваць унікальныя краявіды не для сябе, але і паказаць іншым.






Здымае не толькі фотаапарат, але і чалавек. За кожным з гэтых фотаімгненняў – работа душы, здольная адгукнуцца на рух, ці спакой ,на самыя розныя цуды прыроды. Усе яны жывыя і трапяткія, здаецца, праз імгненне прырода, абмежаваная рамкай фотамалюнка ажыве і пачне самастойнае жыццё.

Мы бачым выразныя, насычаныя колеры, сакавітую зелень, дасканалыя кампазіцыі, якія здзіўляюць закончанасцю і глыбінёй. Цудоўныя пейзажы яшчэ уражваюць назіральнасцю і дасціпнасцю неабыякавасцю, асаблівым уласным светапоглядам. Дарэчы, здымаць яна пачала ў 2007 годзе, калі атрымала ў падарунак лічбавы фотаапарат.

З першым дэбютам Ірыну Лазараву прыйшлі павіншаваць загадчык аддзела культуры А.М.Карачан, загадчык ідэалагічнага аддзела райвыканкама І.С. Грынь, вядомыя фотамайстры навагрудчыны, супрацоўнікі музеяў, эколага -біялагічнага цэнтру. Былі выказаны асабістыя пажаданні аўтару работ, думкі, асацыяцыі, якія выклікалі цудоўныя фотапейзажы.

Кажуць, што калі чалавек таленавіты, то гэта праяўляецца ва ўсім, што ён робіць. Ірына чытае, захапляецца музыкай. Асабліва яе захапляе краязнаўства Навагрудчыны. Зусім нядаўна яна стала ўдзельніцай конкурсу, з нагоды 210-ых ўгодкаў з дня нараджэння А. Міцкевіча.
Можна з упэўненасцю сказаць, што свет фотаработ І.І. Лазаравай – гэта гармонія адносін чалавека і прыроды, да якіх хочацца звяртацца зноў і зноў.

Фотавернісаж працягвае сваю работу ў чытальнай зале нашай бібліятэкі.

Усім навагрудчанам, якія наведаюць выставу, будзе прыемна сустрэцца з самымі чароўнымі пейзажамі, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі.


Шаўчук І.А., загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ

No comments: