11 лют 2008 г.

На жыццёвым пасту

Вольга Васільеўна Дзем’янчук прыехала ў вёску Бердаўка Ацмінаўскага сельсавета ў 1947 годзе пасля заканчэння фельшарска-акушэрскай школы ў Баранавічах. І з таго часу, да выхаду на пенсію, усе свае медыцынскія веды і душэўнае цяпло - яна аддавала тым, хто да яе звяртаўся. І нават зараз, нягледзечы на свой узрост, яна дапамагае мясцовым жыхарам, калі да яе звяртаюцца за дапамогай. З 1947 года па 1960 год у яе прысутнасці і з яе дапамогай з’явіліся на свет больш як 500 немаўлят, якіх яна першая ўзяла на рукі.

Нарадзілася Вольга Васільеўна ў Навагрудку ў 1926 годзе. Вучылася ў гімназіі, дзе вялікая ўвага надавалася лацінскай мове. Менавіта добрае веданне гэтай мовы і дапамагло ёй паступіць у фельшарскую школу. Трэба дадаць, што не толькі добрыя веды па лацінскай мове, але і неабходныя веды па нямецкай мове прадвызначылі яе лёс. Яна не толькі сама змагла пазбегнуць у гады вайны адпраўкі ў Германію, але выратавала яшчэ сваіх сябровак і блізкіх.Так здарылася, што немцы сагнаўшы жыхароў горада ў канюшню, раздалі ўсім карткі. На адных з гэтых картак была літара “Н”, на другіх – “Г”. Ніхто з палонных не ведаў, што азначалі тыя літары. І тады маладая Вольга , набраўшыся смеласці, пачала распытваць нямецкага вартавога. І ён ёй патлумачыў, што карткі з літарай “Г” азначаюць адпраўку ў Германію. А тыя асобы, у каго на руках карткі з літарай “Н” – застануцца ў Навагрудку. Атрымаўшы такую інфармацыю, Вольга падзялілася ёй са сваімі блізкімі людзьмі. І ўсе , хто яе паслухаў і выбраў карткі з літарай “Н” засталіся ў родным горадзе. Хаця былі вымушаны працаваць у цэху, дзе вілі вяроўкі для ваенных патрэб. Але гэта было ўсё-такі на сваёй радзіме.
Калі ж прыйшоў час паступаць вучыцца далей, Вольга ўзяла адпаведную даведку з гімназіі, і немцы яе адпусцілі. Паступіла ў Баранавічы ў фельшарскую школу. У той час гэта была не толькі школа , якая давала неабходныя медыцынскі я веды – гэта была школа сапраўднага суровага жыцця. Ішла вайна, не хапала медперсанала, а прыходзілі цэлыя эшалоны раненых. Таму маладым, толькі пачынаючым медыкам, прыходзілася займацца нялёгкай практыкай. Акрамя дапамогі раненым , прыходзілася прысутнічаць і пры родах. Бо нярэдка здаралася, што на дзяжурства адной акушэркі выпадала адначасова па 5-7 родаў. І так атрымалася, што калі пасля вайны быў дадаткова ўведзены курс па акушэрскай справе – Вольга Васільеўна ўжо многае ведала з практыкі. А тады, ў ваенныя гады, акрамя медыцыны трэба было займацца яшчэ і ваеннай падрыхтоўкай – збіраць і разбіраць аўтаматы, страляць, бегаць кросы і г. д. І так кожны дзень па чатыры гадзіны.
Таму не выпадкова , на пытанне, ці не страшна было ёй, дваццацігадовай дзяўчыне , прыехаўшы ў Ацмінаўскі фельшарска-акушэрскі пункт лячыць людзей і прымаць роды – Вольга Васільеўна адказала, што яна не баялася , бо добрая практыка давала ёй упэўненасць. Хаця ўся вялікая адказнасць практычна ляжала на ёй – яна назірала за цяжарнымі жанчынамі і яна ж дапамагала немаўлятам з’явіцца на Божы свет. Нараджэнне дзіцяці – гэта заўсёды таямніца. Але, напэўна, сам Усявышні благаславіў маладую акушэрку на гэта – бо за гады яе работы не было ніводнага смяротнага выпадку. І ў сцюжу, і ў дажджы, і ў спёку яна брала з сабой патрэбныя інструменты, медпрэпараты і спяшалася на дапамогу. І толькі пасля 1960 года цяжарных жанчын пачалі накіроўваць у бальніцы для родаў. Да таго ж Вольга Васільеўна вяла яшчэ прафілактычную і санітарную работу – чытала цікавыя лекцыі, арганізоўвала праверку чысціні і парадку ў вёсках . Была яна і дэпутатам сельскага савета, старшынёй бацькоўскага сходу. За сваю дзейнасць Вольга Васільеўна Дзем’янчук была ўзнагароджана ў 1970 г. і 1981 г. Медалямі ветэрана працы. У 1980 годзе яе ўзнагародзілі нагрудным знакам Ганаровы донар СССР. Дарэчы, кроў яна здавала яшчэ і ў вайну. За актыўную працоўную дзейнасць была ўзнагароджана неаднаразова Ганаровымі граматамі. А яшчэ Вольга Васільеўна прызналася, што калі б жыццё давялося паўтарыць – яна выбрала б зноў медыцыну і сваю справу.

Cвятлана Абдулаева

No comments: