30 сак 2008 г.

Дзеля гэтага трэба жыць

На мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя фотавыставы “Дзеля гэтага трэба жыць” Ганны Сцяпанаўны Валенцік. Ганна Сцяпанаўна нарадзілася на Урале, але так склалася жыццё, што Навагрудак для яе ўжо даўно стаў родным горадам. Тут у яе жывуць дзеці і ўнукі, менавіта тут яна адпрацавала ў гандлёва-эканамічным каледжы 33 гады выкладчыкам эканамічных дысцыплін да выхаду на пенсію. Але нягледзячы на свой узрост, яна па-сапраўднаму любіць жыццё такім , якім яно ёсць. Ад яе ніколі нельга пачуць скаргаў на надвор’е ці, на недахоп грошай ці стомленасць. На дрэннае яна проста не звяртае ўвагу, а бачыць і цягнецца якраз да прыгожага. І свет яе захапленняў - гэта не толькі фатаграфія, а яшчэ і лыжныя прагулкі зімой, і ігра на мандаліне, і развядзенне якасных гатункаў вінаграду, і басейн, і канешне, хор ветэранаў “Радасць”, у які яна ходзіць з задавальненнем на рэпетыцыі і канцэрты.

А яшчэ Ганна Сцяпанаўна ніколі і нікога не забываецца паваіншаваць з днём нараджэння па тэлефоне, ці па радыё, альбо завітаць у хату з падарункам. Таму і не дзіўна, што на гэтую сустрэчу прыйшлі яе і родныя, і сябры , і былыя калегі, і ўдзельнікі хору, якія падтрымалі сваю спявачку і выканалі разам з ёю некалькі песень. А тэматыка яе фотаздымкаў – гэта і хроніка жыцця хору “Хадасць”, і дзіўны свет дзяцінства, і эпізоды з вандровак, і канешне – прырода, якая заўсёды дае творчы матэрыял і натхняе. Тым больш, родныя мясціны, якія нават з фотаздымкаў саграваюць цеплынёй і даюць зарад энергіі. І таму зусім невыпадкова, напрыклад, на фотавыставе размясціліся побач возера Свіцязь і краявід такой далёкай і роднай вёскі Піхтоўка, дзе Ганна Сцяпанаўна нарадзілася.






Прыкметна і тое, што аўтарка фотаработ робіць свае здымкі ваенным трафейным фотаапаратам. Яго калісьці падарыў яе сям’і генерал І.М.Панамароў. Трэба зазначыць, што фотаапарат вельмі высокай якасці і ім можна здымаць нават і ў начы. Але хто быў яго гаспадаром: ці то ваенны нямецкі карэспандэнт ці афіцэр – невядома, але Ганна Сцяпанаўна хацела б усё-такі пра гэта калі-небудзь даведацца. Вось аб усім гэтым яна і расказала падчас прэзентацыі. Акрамя гэтага, яна з вялікім задавальненнем яшчэ падзялілася думкамі наконт таго, што выхад на пенсію – гэта яшчэ не канец жыцця. “Рыхтуючыся да фотавыставы я ставіла сабе дзве мэты – гэта падняць прэстыж хору ветэранаў і даказаць усім, што жыццё пасля выхаду на пенсію можа быць паўнавартасным, па свойму цікавым і захапляльным”.

Нездарма ў старажытнасці казалі: “Аддай свету ўсё, што ў цябе ёсць – і ты атрымаеш усё, што ёсць ў свеце”. Так Ганна Сцяпанаўна ўсё сваё жыццё дарыла людзям добрыя словы, дзялілася сваімі ведамі, аддавала сваё душэўнае цяпло. І ў гэты дзень да яе вярнулася вялікая колькасць цёплых, душэўных слоў, шчырых пажаданняў і многа кветак, як прызнанне любові сваіх землякоў.

Немалаважную ролю ў тым, што ў культурнай сферы нашага горада адбылося такое зямное свята, адыгралі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Яны не толькі праявілі цікавасць да ідэі наконт фотавыставы, але як маглі дапамаглі Ганне Сцяпанаўне: удала размясцілі фотаздымкі і напісалі сцэнарый і вельмі захапляюча правялі імпрэзу.
На жаль, у нашым горадзе няма карціннай галерэі ці залы для фотавыстаў, і атрымоўваецца, што бібліятэка часткова ўзяла на сябе гэтую місію. Нядаўна тут прайшла фотавыстава Ірыны Лазаравай - супрацоўніцы бібліятэкі, а зараз размясціліся работы Г.А.Валенцік, а 1 красавіка плануецца адкрыццё яшчэ адной фотавыставы, прысвечанай дню смеху “Усміхнемся разам” для аматараў гумару.


Святлана Абдулаева

No comments: