20 ліп 2008 г.

З творчым праектам – да землякоў

Літаратурная імпрэза “Са сталіцы – у сталіцу”, ініцыятарам якой сталі навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Тадэвушаўна Кавальчук і наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, з поспехам прайшла ў музеі Адама Міцкевіча. Тут сабраліся настаўнікі і навучэнцы, мясцовыя паэты, прадпрымальнікі.


Ужо стала традыцыяй, што наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, які жыве ў Мінску, на працягу апошніх некалькіх гадоў ладзіць у Навагрудку творчыя праекты. Летась ён прыязджаў у наш горад з паэткай Аксанай Спрынчан. А вось на гэты раз прывёз цэлую творчую групу людзей, захопленых паэзіяй і музыкай.
Падчас імпрэзы ўвесь акцэнт быў зроблены, канечне, на асобу Адама Міцкевіча і яго творчасць. Аксана Спрынчан, якая, дарэчы, са Зміцерам вяла ўсю праграму, шчыра прызналася, што дзякуючы крымскім санетам песняра яна сустрэла сваё шчаслівае каханне. Звычайна лёс паэта разглядаецца ў ракурсе літаратурным або палітычным… Аднак у дадзеным выпадку на самым пачатку імпрэзы астролаг Людміла Кандратава цікава распавядала аб лёсе Адама з пункту гледжання астралогіі, што для многіх прысутных аказалася невядомым.
Прыемна адзначыць, што вялікую цікавасць да прыезду ў Навагрудак праявіла дырэктар бібліятэкі імя Цёткі ў Мінску Рэгіна Багамолава, якая з задавальненнем пазнаёміла са сваімі вершамі. Акрамя таго, вершаваныя радкі гучалі і з вуснаў таксама паэткі Таццяны Пратасевіч і паэта Міколы Кандратава.
Не абышлося, канечне, і без музыкі. Усю творчую праграму аздобілі сваімі песнямі вядомыя мінскія барды Яраш Малашэўскі, Алесь Камоцкі і Серж Мінскевіч, які да таго ж з’яўляецца перакладчыкам твораў Адама Міцкевіча. Невядома, дзе ў гэты час была душа самога песняра. Магчыма, разам з усімі на імпрэзе, а можа – дзесьці ў Парыжы… Але тое, што сам дух Паэзіі лунаў у гэты час у музеі, - гэта бясспрэчна. Бо адначасова з вершамі, якія чыталі паэты, пісаліся новыя вобразныя радкі. Імі прыемна ўразіў усіх дырэктар музея Мікола Гайба, які ў канцы імпрэзы прачытаў трапныя сяброўскія эпіграмы на гасцей.
Святлана Абдулаева.


No comments: