26 сне 2007 г.

Паэт, ускалыханы Навагрудчынай.

У пятніцу 22 снежня 2007 г. у Доме-музеі Адама Міцкевіча адбылася вечарына, прысвечаная 209 гадавіне з дня нараджэння вялікага паэта.

Сустрэчу арганізавалі навучэнцы сярэдняй школы №5 – удзельнікі клуба “Беларускае кола”: Л. Клюдко, С. Латуць, А. Дробыш, А. Каранкевіч, А. Быстрык, В. Бахар, М. Карповіч, В. і Н. Грыцкевіч, І. Луневіч, А. Смаляк і інш.

Адкрыла сустрэчу старшы навуковы супрацоўнік музея Соф’я Анісімава, якая займаецца вывучэннем творчага і жыцёвага шляха нашага знакамітага земляка.



Удзельнікі вечарыны расказалі пра дзяцінства паэта, вучобу ў Віленскім універсітэце, арышт, высылку ў Расію, выезд за мяжу і гады жыцця у Парыжы, які стаў апошнім домам для Міцкевіча.

Пад час сустрэчы быў паказаны фільм польскага рэжысёра Бутрыма пра жыццё беларускага паэта - рамантыка.

Гучала музыка кампазітараў, з якімі паэт быў знаёмы – Шапэна і Агінскага. У выкананні сяброў клуба прагучаў паланэз М. К. Агінскага “Развітанне з Радзімай”.

Сугучча паэзіі, музыкі і кадраў фільма аказалі глыбокі ўплыў на прысутных.


Мова і тэмы вершаў дазволілі кожнаму адчуць сябе ўдзельнікамі галоўных падзей жыцця паэта.

Пасля канцэрта удзельнікі вечара ўсклалі кветкі ля помніка вялікага паэта.
Заключэннем сустрэчы стала невялікая віктарына “Што я ведаю пра А. Міцкевіча?”

Сваімі ўражаннямі ад вечарыны падзялілася І. Лазарава: “На мой погляд, каб не з’явілася такая зорка, як Міцкевіч, то шлях беларускай літаратуры і паэзі застаўся бы на абочыне сусветнай літаратуры.

Я лічу, што такія сустрэчы павінны праводзіцца як мага часцей і, самае галоўнае, праводзіцца для людзей Навагрудчыны.

Кожны народ павінен ведаць сваіх знакамітых і таленавітых землякоў. На самай справе атмасфера вечара дала кожнаму магчымасць яшчэ раз дакрануцца да вечнага – паэзіі Адама Міцкевіча”



Кацярына Кузьміч
Ірына Лазарава (фотаздымкі)


No comments: