12 сне 2007 г.

Адраджаем народныя рамёствы

Кацярына Драчылоўская – старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея. А яшчэ яна – кіраўнік гуртка , у якім дзяўчынкі займаюцца адраджэннем старадаўніх рамёстаў. Вышыўка крыжыкам, гладззю, ткацтва паясоў без станка – любімыя заняткі гурткоўцаў.






Кацярына, скажыце калі ласка, у каго вы самі вучыліся ткацтву паясоў і іншым рамёствам?
Так, ткацтва паясоў, як і вышыўка крыжыкам і гладззю – гэта маё хобі. А навучыла мяне ткаць паясы без станка і вышываць мая бабуля - Кветко Ганна Стэфанаўна, калі я яшчэ вучылася ў малодшых класах.


А як узнікла ідэя навучыць гэтаму дзяўчынак?

Калі пачала працаваць у музеі і знаёміцца з калекцыямі паясоў і розных дываноў, я паступова ўспомніла тыя навыкі, якія мне паказала бабуля ў далёкім дзяцінстве. Кожны пояс – гэта знак, сімвал з пэўным значэннем. І мне хацелася разабрацца ў кожным значку, у кожным узоры. Вось тады і з’явілася ідэя заняцца з дзецьмі адраджэннем рамёстваў на аснове рэгіянальных асаблівасцей. І гэтым мы займаемся ўжо сем год. А пачыналі тады ў зале этнаграфіі, ў беларускай хатцы, дзе і куфар, і стол, і ікона. Тут усё было звязана з беларускай сімволікай і сама атмасфера спрыяла заняткам цікавай справай.



Які ўзрост дзяўчынак , з якімі займаецеся гэтымі рамёствамі?
Пачынала я працаваць з дзяўчынкамі 3-5 класаў, а зараз прыходзяць дзяўчаты больш старэйшага ўзросту.


А ці праяўляцца ў нашым грамадстве наогул цікавасць да вышыўкі?
Так, цікавасць да вышыўкі расце, тым больш да мастацкай вышыўкі. І мы зрабілі цэлую калекцыю ручнічкоў , на якіх ёсць купальскія, вясельныя, хлебныя малюнкі – малюнкі прымеркаваныя да нейкіх святаў. Мы зрабілі калекцыю беларускай сімволікі, калекцыю з выявамі помнікаў арітэктуры Навагрудка. І дзеці працуюць з задавальненнем. Штосьці з работ пакідаюць сабе, штосьці прыносяць на выставы.



А яшчэ чым займаюцца ў гуртку дзяўчынкі?
Акрамя вышыўкі і ткацтва паясоў, мы займаемся яшчэ і бісерапляценнем. І ў нас ёсць таксама калекцыя цікавых работ з бісера.


А дзе выстаўляліся работы зробленыя ў гуртку?
Калі праводзіўся Дзень Дзіцяці, нашы калекцыі былі выстаўлены на плошчы, у парку. Работы вывозяцца таксама ў г. Гродна і на розныя выставы, іх купляюць.



А што цікавага можна яшчэ пачуць пра вас ?
Мы не толькі займаемся з дзяцьмі адраджэннем розных рамёстваў, мы ладзім яшчэ і розныя паездкі. У нас быў выез д у г. Мінск у Купалаўскі тэатр, мы наведалі таксама краязнаўчы нацыянальны музей у сталіцы. У нас было падарожжа па замках Гродзеншчыны –Крэва, Гальшаны, Баруны. Мы зрабілі паездку па мураваных храмах – Ў Сынкавічы, Мажэйкава. А яшчэ мы ладзілі сустрэчы з навагрудскімі вышывальшцыцамі.

А што ў планах на будучае?
У нашых планах - зрабіць калекцыю навагрудскіх строяў для лялек.

Святлана Абдулаева

No comments: