11 ліс 2007 г.

Час збіраць камяні?

Уздоўж дарог, на ўзлесках і палетках утульна ўладкаваўшыся на зямлі ляжаць замшэлыя камяні. Трапілі яны ў нашую мясцовасць з апошнім ледавіком і з тых далёкіх часоў маўкліва ўглядаюцца ў зямное жыццё. Сёння на тэрыторыі Навагрудчыны сустракаецца не толькі шмат цікавых валуноў, але і крэмянёў, з якімі чалавек таксама пазнаёміўся ў першыя часы свайго існавання.


Вывучаючы глебы нашага рэгіёна вучоныя-прыродазнаўцы ў розныя часы знаходзілі ў ваколіцах Навагрудка розныя напаўкаштоўныя камяні, якія карысталіся раней вялікім попытам. Напрыклад, французскі вучоны Жылібер, даследуючы тэрыторыю панямоння ў пясчаных пластах натыкаўся на паўкаштоўныя агаты і сердалікі, змешаныя са скамянеласцямі, а таксама ўбачыў тут мноства невядомых раней крэмянёў, якія звонку былі пакрытыя белай карой, а унутры былі чорнымі, бліскучымі і цвёрдымі. А паміж камянямі траплялася шмат скамянелых дагістарычных малюскаў – эхінітаў, белямнітаў, тэктанітаў.

Крэмень – вельмі цікавы мінерал, які па хімічнаму складу – гэта аморфная структура, забруджаная дамешкамі вокісу крэмнязёму. Крэмень часцей за ўсё шэрага ці амаль чорнага колеру. Але ёсць і жоўта-карычневыя, бурыя, блакітна-шэрыя. Крэмень можна збіраць па самых розных прыкметах – па колеру і малюнку, па памерах і форме, па падабенству крэменя да жывых істот ці якіх-небудзь прадметаў, па колькасці дзірак.


На тэрыторыі Навагрудчыны сустракаецца таксама шмат цікавых валуноў, якія маюць прыгожую форму і ўнутраную структуру. Людзі даўно заўважылі прыгажосць камянёў і пачалі іх выкарыстоўваць спачатку як будаўнічы матэрыял, а затым і ў афармленні ўнутраных і знешніх інтэр’ераў.


На першы погляд здаецца, што камяні падобныя адзін да аднаго, амаль аднолькавыя. Але на самой справе ў прыродзе не зноўдзеш і двух падобных адзін да аднаго экзэмпляраў. Яны адрозніваюцца паміж сабой колерам, унутранай будовай і незвычайнымі формамі. І таму камяні так прывабліваюць народных умельцаў, якія ствараюць з іх непаўторныя скульптурныя вобразы.


У Навагрудку маецца некалькі валуноў, якія выкарыстаны для ланшафтнага аздаблення горада. Прыгожыя валуны ляжаць каля Замкавай гары, Кургана Міцкевіча, Гары Міндоўга і ў іншых месцах горада.


Але камяні прываблівалі здаўна людзей не толькі як каштоўны будаўнічы матэрыял. Да камянёў адносіліся як да жывых істот, іх выкарыстоўвалі ў правядзенні розных рэлігійных абрадаў, пра іх складалі легенды і паданні, іх ушаноўвалі як святых, давалі ім назвы. Многім камяням і сёння пакланяюцца, ім моляцца, да іх прыносяць кветкі. Дажджавая вада з выемак гэтых камянёў лічыцца святой.

Ёсць шмат культавых камянёў і на Навагрудчыне. У вёсцы Сянежыцы, на могілках, ляжыць камень са слядамі Багародзіцы і чорта. След Багародзіцы цалуюць, а ў след чорта плююць. Па аднаму з паданняў, слядкі – гэта пальцы Багародзіцы і пятка чорта. Чорт гнаўся за Багародзіцай, але не змог дагнаць. Яна схавалася ў манастыры і стала тварыць цуды. Раней ад следавіка жанчыны на каленях з малітвамі ішлі да “Капліцы ў рове”.


Каля вёскі Ваўковічы былі валуны, якія нагадвалі акамянелых валоў. Вядома паданне, у якім гаворыцца, што ў першы дзень Вялікадня, калі працаваць было вялікім грахом, адзін гаспадар выйшаў у поле з двума валамі, і не паспеў ён яшчэ ўзараць першую баразну, як валы ператварыліся ў камяні, а іх гаспадар у сасну.



Яшчэ і сёння абапал дарог можна сустрэць валуны, на якіх выбіты літары альбо крыжы. Сустракаюцца на Навагрудчынеі каменныя крыжы. Калісьці такія крыжы ставіліся на скрыжаванні дарог, па краях вёсак і гарадоў для заступніцтва падчас войнаў ці эпідэмій, а таксама на могілках. Усе такія помнікі вартыя ўвагі і патрабуюць аховы.


Непрыемна ўражлівае такая сучасная з’ява, калі абапал шасейных дарог можна ўбачыць прыгожыя валуны, на якіх намаляваны фарбамі розныя жывёлы, ці на іх робяцца надпісы, напрыклад такія як “Беражыце прыроду” і г.д. Такі валун, на мой погляд, страчвае сваю першапачатковую прыродную прыгажосць. Падобная неразумная дзейнасць чалавека можа ў будучым прывесці да памяншэння колькасці валуноў, а можа нават і да поўнага іх знішчэння.

Г.Кавальчук –навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.
Фотаздымкі Руслана Дробыша

Творчая сустэча з навукоўцам В. А. Чамярыцкім

11 лістапада 2007 года у гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася творчая сустрэча з Лаўрэатам дзяржаўнай прэміі ім. Ф. Скарыны, загадчыкам аддзела старажытнай беларускай літаратуры ў інстытуце ім. Я. Купалы Вячаславам Антонавічам Чамярыцкім. На працягу ўсяго жыцця яго дзейнасць цесна звязана з даследваннямі па даўняй беларускай літаратуры. На сустрэчу з навукоўцам завіталі слухачы самага рознага ўзросту – тут прысутнічалі і школьнікі, і студэнты гандлёва- эканамічнага каледжа, і выкладчыкі гэтага ж каледжа, і асобы пенсіённага ўзросту.




Вячаслаў Чамярыцкі нарадзіўся 22.07.1936 г. у вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.


Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна (1958-1959), карэктарам маладэчанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг» (1959), інспектарам аддзела народнай асветы Маладэчанскага раёна (1959-1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1965). З 1965 г. - навуковы супрацоўнік інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.


Друкавацца пачаў з вершаў у 1952 г. (наваградская раённая газета «Новае жыццё»). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г.


Аўтар манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969), брашуры «Беларускі тытан эпохі Адраджэння» (1990), аўтар кнігі «Францыск Скарына» (з Г.Галенчанкам і В.Шматавым, на французскай мове - 1979 і на ангельскай - 1980, Парыж), напісаў даклад на IX Міжнародны з'езд славістаў «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (з А.Коршунавым, А.Лойкам, 1982), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), «Истории всемирной литературы» (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд» (1985).


Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32 і 35), складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы» (1986).






10 ліс 2007 г.

Фотарэпартаж са святкавання 690-годдзя Навагрудскай епархіі













Фотаздымкі Надзеі Кавальчук

5 ліс 2007 г.

Мова – духоўны скарб


Нацыянальная мова – неацэнны духоўны скарб, які яднае розныя пакаленні. Страта нацыянальнай мовы народа ідзе поруч з заняпадам нацыянальнай культуры і вядзе за сабою паступовае знікненне народа, як этнаса.
Галіна Кавальчук – адна з тых асоб, якая ніколі не была абыякавай да лёсу беларускай мовы. Яна - навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея і адначасова старшыня суполкі “Узвышша” Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны


Галіна, скажы, калі ласка, калі суполка была створана ў Навагрудку?
Я ўзначаліла гэтую суполку ў канцы 2001 годзе. А само “Узвышша” было зарэгістравана ў райвыканкаме ў 1998 годзе. Вялікая заслуга ў рэгістрацыі нашай суполкі належыць Гнебка Фаіне Канстанцінаўне. Спачатку ў ТБМ уваходзілі ў асноўным пенсіянеры, а потым у суполку пачалі ўваходзіць і асобы маладзейшага ўзросту. І вось літаральна нядаўна да нас далучылася некалькі вельмі актыўных маладых людзей са сваімі цікавымі ідэямі.
Якая мэта дзейнасці вашай суполкі?
Мэтай з’яўляецца аднаўленне ў грамадстве стаўлення да беларускай мовы, як да нацыянальнай святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця, усебаковае захаванне яе чысціні і самабытнасці праз культурна-асветніцкую дзейнасць.
А якія мерапрыемствы праводзіць ваша арганізацыя, што зроблена за апошні час?


Нашай суполкай былі наладжаны шматлікія сустрэчы з вядомымі пісменнікамі, паэтамі – з У. Арловым, К. Тарасавым, А.Трусавым і іншымі. Напрыклад, да нас перыядычна прыяджае наш зямляк, які зараз жыве ў Мінску, журналіст і паэт Зміцер Арцюх. Мы стараемся падтрымаць і нашых маладых творцаў. Сёлета ў пачатку лета наша суполка арганізавала сустрэчу з маладым навагрудскім мастаком Аляксеем Усіновічам. Імпрэза па-сапраўднаму была цікавай. У канцы жніўня 2007 г. была наладжана сутрэча з нашым пачынаючым літаратарам Міхаілам Зізюком. Сустрэча была карыснай, як і для Міхаіла, так і для прысутных аматараў літаратуры. І, наогул, мы шануем творчасць і імкнемся заўсёды падтрымліваць творцаў. У такіх маленькіх гарадках, як наш Навагрудак, людзям не хапае яркіх новых ураджанняў. Душа патрабуе сустрэч з прыгожым. І мы ладзім такія сустрэчы
Ці ёсць у сяброў суполкі абавязкі?
Нашы сябры павінны добра валодаць беларускай мовай альбо імкнуцца дасканала ёю авалодаць, карыстацца ёю ў штодзённым ужытку – у сям’і, на працы і тым самым спрыяць выхаванню паважлівага стаўлення да сваёй мовы.
Якія планы на будучае ў “Узвышша”?
У планах на будучае – таксама сустрэчы з вядомымі ў Беларусі дзеячамі культуры – мастакамі, пісьменнікамі, паэтамі. У бліжэйшыя ж месяцы запланаваны творчыя імпрэзы з маладымі людзьмі нашага горада, якія хочуць праявіць сябе ў розных сферах – у музыцы, паэзіі, літаратуры.

Святлана Абдулаева

Водбліскі душы паэта...



Нарадзіўся Уладзімір Пяркун 4 верасня 1980 года, у горадзе Краснадары (Расія). Па паходжанню чыстакроўны казак, як ён гаворыць “ганарыцца ёсць чым”.
Дзякуючы сваёй маці, дзяцінства прайшло ў пастаянных пераездах. У выніку гэтага атрымалася пабачыць свет, дакладней яго частку – СССР. Але Беларусь, у якой ён жыве з 1991 года, стала для Уладзіміра другой Радзімай. Тут ён пазнаў першы раз каханне, служыў у войску.


Старшыня Навагрудскай суполкі ТБМ "Узвышша" Галіна Кавальчук адкрывае творчы вечар Уладзіміра Пяркуна

Вучыўся даволі нядрэнна і дзевяць класаў скончыў на «чатыры» і «пяць», гэта дзякуючы сваёй памяці (рэдка вучыў хатнія заданні, таму што запамінаў усё, што гаварылі на ўроках).

Пра творчы шлях паэта расказвае Ірына Лазарава

Пасля школы, па жаданню маці, паступіў у сельгастэхнікум. Але, давучыўшыся да трэцяга курса, зразумеў, што гэта не для яго і кінуў вучобу.
Потым працаваў… Але заўсёды лічыў, што веды - гэта найвелізарнейшае багацце і наймагутнейшая зброя ў жыцці любога чалавека, таму пастаянна займаўся самаадукацыяй. Вывучаў усё што было магчыма.
Потым прызвалі ў войска, але, нажаль, ён не даслужыў да канца службы – камісавалі.
Пасля службы ў войску з’явілася вялікае жаданне выказаць свае думкі. І ён стаў пісаць - спачатку вершы, а потым і прозу.
“Я цалкам сучасны чалавек і спрабую старажытныя веды інтэграваць з сучаснымі навуковымі” – так Уладзімір кажа пра сябе.

Удзельнікі сустрэчы

На пытанне, як ён стварае вершы, адказвае: “На заказ я не пішу, верш павінен ісці з глыбіні душы, часцей гэта здараецца знянацку…само сабою. Нібы я рабіў гэта ўсё сваё жыццё!”

P.S. На сёняшні дзень Уладзімір вядзе свой маленькі бізнес, піша вершы, рыхтуецца выдаць кнігу; вывучае праграміраванне; займаецца распрацоўкай веб-сайтаў. Выдатна тое, што ў такім звычайным месцы, як Навагрудак, жыве і працуе такі незвычайны чалавек!
Знайсці вершы Уладзіміра Пяркуна можна ў інтэрнеце па адрасу: www.jazichnik.at.tut.by

Ірына Лазарава

3 ліс 2007 г.

Праз музыку да народных традыцый.

Музыка, паэзія, выяўленчае мастацтва, народныя традыцыі – гэта асабісты свет з законамі, умовамі і чароўнай сілай. Кожны від мастацтва зараз жыве сам па сабе. А ў антычнасці яны жылі разам, як дзеці ў вялікай сям’і. Але, як вядома, дзеці хутка растуць, становяцца самастойнымі і незалежнымі. Так адбылося і з “сям’ёю мастацтваў”.



Ініцыятыўная група, якая сладаецца з выкладчыкаў школы мастацтваў, супрацоўнікаў Навагрудскага гістарычна – краязнаўчага музея і раённай бібліятэкі, вырашыла зноў аб’яднаць музыку, паэзію, літаратуру, выяўленчае мастацтва і народныя традыцыі разам у “сям’ю”.

Для таго каб расказаць дзеткам аб народных традыцыях роднай краіны.
Ідэя ажыццявіць такі праект узнікла з прычыны вялікай цікавасці людзей да народнай творчасці, а менавіта да нацыянальных абрадаў. Чаму абрад ВЯСЕЛЛЯ? Бо кожны чалавек лічыць, што гэта адзін з самых галоўных яго крокаў ў жыцці.


Удзельнікамі сталі навучэнцы Навагрудскай школы мастацтваў, якіх зацікавіла тэма пра вяселле. Асноўнай ідэяй было расказаць пра этапы правядзення вяселля на тэрыторыі Беларусі і паслухаць музыку, якая ахарактарызавала б кожны з гэтых этапаў. А ў сваю чаргу праз музыку развіць пачуццё ўспрымання, выяўлення і адлюстравання.

Невялікія ўводзіны Лазаравай Ірыны (супрацоўніцы раённай бібліятэкі) дапамагла дзецям ўявіць, як паступова і паслядоўна праходзіла Вяселле ў даўнія часы. Сватанне, заручыны, зборная субота – першыя этапы. Затым – апрананне маладых, пасад і благаславенне. Самае галоўнае – абрад вянчання. І апошняе – само вяселле. А музыка беларускага кампазітара А.Абрамовіча пасадзейнічала ўяўленню усіх гэтых этапаў.

Для выканання работ быў выбраны гістарычна-краязнаўчы музей г.Навагрудка. Папярэднічала рабоце дзяцей экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі музея, якую правяла Галіна Кавальчук. Яна расказала дзецям, як маладая рыхтавалася да вяселля, як ткала паясы, якімі затым адорвала гасцей, як збірала прыданае.

За две гадзіны дзеці намалявалі тое, што змаглі ўявіць сабе пра абрад вяселля. Большасць работ пачанаючых мастакоў была прысвечана паказу абраду старажытнага вяселля, і менавіта на гэта была накіравана праца. Дапамагала дзецяям парадамі выкладчык школы мастацтваў Санюк Кацярына.

Вынікам праведзенай работы была арганізацыя выставы работ “Беларускае вяселле”, якая адбылася ў Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў. Усе ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты за ўдзел ў праекце. У розных намінацыях адзначаны амаль усе работы.
Працягам задуманага будуць новыя работы на тэму :“Мой горад маімі вачыма.”


Паглядзець малюнкі дзяцей можна тут
Кацярына Кузьміч

2 ліс 2007 г.

Фотаальбом: Навагрудак на старых фотаздымках




Type rest of the post here

Лясная пластыка


Адпрацаваўшы 24 гады на прадпрыемстве “Эфатон”, якое выпускае фільтры для машын, тэхнолагам , а потым майстрам, Антон Станіслававіч Дземідовіч карэнным чынам змяніў накірунак сваёй дзейнасці.

Зараз ён стварае падсвечнікі, вазы, карціны з натуральных прыродных матэрыялаў. Для сваіх работ выкарыстоўвае і грыбы-трутавікі, і розныя нарасты на дрэвах, і засушаны фізаліс і іншыя розныя засушаныя расліны.


Адзін з асноўных элементаў, з якога робяцца рамкі – гэта баршчавік. Выкарыстоўваюцца для работ і карані дрэў.



“У пошуках цікавых лясных фігур і другой неабходнай сыравіны, я абыйшоў практычна ўсе навагрудскія лясы, – прызнаўся народны майстар. І, як правіла, з пустымі рукамі ніколі не вяртаўся. Калі амаль цэлы дзень правандруеш, то нешта цікавае знойдзеш. А пасля застаецца нешта крыху падправіць, штосьці падфарбаваць спрэем, нешта прыклеіць – і урэшце рэшт атрымоўваецца незвычайная кампазіцыя”.


З 2002 года А. Дземідовіч працуе ў эколага - біялагічным цэнтры упраўлення адукацыі.


Яшчэ да прыходу ў цэнтр, у 1997 годзе Антон Станіслававіч прымаў удзел у выставе народнай творчасці на свяце дажынкаў у Мастах. Гэта была першая прэзентацыя яго работ.


За апошнія гады за ўдзел у розных мерапрыемствах быў неаднаразова ўнагароджаны граматамі і дыпломамі.


Так у 2006 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай за ўдзел у VI усебеларускім фестывалі; за удзел у абласной выставе “Талент матчыных рук” - Дыпломам за творчыя поспехі; Дыпломам за творчыя поспехі і актыўны ўдзел у раённых і абласных выставах народнай творчасці ў г. Гродна. Як пераможца рэспубліканскай выставы дэкаратыўна - прыкладных вырабаў з прыродных матэрыялаў у Мінску быў узнагароджаны ў 2006 годзе Дыпломам.

Пазнаёміцца з працамі народнага майстра і набыць іх можна звязаўшыся з Антонам Станіслававічам Дземідовічам па тэлефоне № (8 – 01597) 2-04-60






Святлана Абдулаева