14 лют 2009 г.

Касцёл Святога Міхаіла ў Навагрудку. Пасляваенны лёс святыні.


Драўляны касцёл у цэнтры горада быў пабудаваны ў 1624 годзе на сродкі віленскага ваяводы Кшыштафа Хадкевіча і належаў дамініканскаму ордэну. Прыкладна праз сто гадоў касцёл перабудаваны дамініканамі на мураваны. Побач з касцёлам знаходзіліся кляштарныя пабудовы. Першапачаткова касцёл насіў назву св. Яцка, а ў 1805 годзе пасля рамонту? Быў пераіменаваны ў касцёл св.Міхаіла. Пры касцёле з 1797 года дзейнічала дамініканская школа, у якой вучыліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля. У 1853 годзе кляштар дамініканаў быў зачынены, а касцёл стаў парафіяльным.
На паштоўках і фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя касцёл св. Міхаіла выглядае вельмі прывабна. Яго будынак патанае ў густых кустах бэзу. Побач з касцёлам відаць двухярусная мураваная званіца.

Падчас другой сусветнай вайны касцельныя пабудовы былі пашкоджаны нямецкай бамбёжкай. Але сапраўдныя страты касцёл панёс ўжо ў пасляваенны перыяд.


Амаль адразу пасля вайны, у 1948 годзе, касцёл быў зачынены. У ім было вырашана размясціць зернесховішча. Жыхарка Навагрудка Марыя Дабжынская-Каравайская ўспамінае, як прыхажане доўга не аддавалі ключоў ад брамы, па чарзе несучы варту каля сцен касцёла. Тады ўначы грузавіком былі выбіты дзверы і збожжа высыпалі ў галоўны алтар. Цудам удалося выратаваць некалькі абразоў, у тым ліку абраз Св. Міхаіла, які затым доўгі час знаходзіўся ў Фарным касцёле, лёс астатняй маёмасці пакуль да канца невядомы. Старыя людзі расказваюць, што вартаўнік зерня бавіў час тым, што страляў па абразах і скульптурах, цэлячыся ім у вочы.


У 1950 годзе мясцовымі ўладамі прымаецца рашэнне аб перадачы касцёла пад кінатэатр. Для гэтага райвыканкам просіць выдзеліць з абласнога бюджэту 100 тысяч рублёў для правядзення рамонтных работ. Аднак грошы на гэтыя мэты напэўна выдзелены не былі, таму што яшчэ не раз пытанне аб пераабсталяванні касцёла пад кінатэатр разглядаецца на паседжаннях райвыканкама. У 1952 годзе раённымі ўладамі разглядаецца пытанне аб рэканструкцыі першага паверха касцёла пад кінатэатр, а другога паверха пад бібліятэку. Дзеля гэтага прадпісваецца ачысціць памяшканне касцёла ад рэшткаў зерня, а скляпенні касцёла ад солі.



У гэты ж перыяд райвыканкамам бярэцца на ўлік і ўся касцельная маёмасць, а затым яна перадаецца ў веданне райфінаддзела. Па акту вопісу і ацэнкі касцельнай маёмасці №40 ад 14.08.1951 г. было канфіскавана 378 прадметаў рэлігійнага культу, у тым ліку абразы, скульптуры, партрэты, перасоўныя алтары, кленчнікі для малення, распяцці, крыжы, падсвечнікі, званочкі, падносы настольныя і многае іншае. Канфіскаваная маёмасць касцёла часткова рэалізуецца праз сетку магазінаў райспажыўсаюза, часткова перадаецца розным арганізацыям і ўстановам на іх патрэбы. Так, у жніўні 1951 года Навагрудскаму райспажыўсаюзу для рэалізацыі праз райунівермаг было перададзена касцельнай маёмасці на агульную суму 2788 руб.50 кап. У актах вопісу і ацэнкі кошту канфіскаваных прадметіаў маецца пералік дываноў, сурвэтак, пакрывалаў, дарожак, мэблі, падсвечнікаў, свяцільнікаў і іншых прадметаў. У снежні 1951 года ў раённы выканаўчы камітэт звяртаецца Навагрудскі харчкамбінат з просьбай выдзеліць для вытворчасці карамельных вырабаў дзве мармуровыя дошкі з касцёла Св.Міхаіла. па акту вопісу і ацэнкі №69 ад 29.12.51 г. Навагрудскі райфінаддзел перадае райхарчкамбінату адну мармуровую дошку памерам 1,75х1х0,4м і тры мармуровыя дошкі памерам 95х92х4см і ацэньвае іх кошт па 100 рублёў за 1кв.м. агульная сума перададзенага склала 437 рублёў.


У 1968 годзе ў касцёле Св.Міхаіла размяшчаўся мэблевы склад. Вось як апісвае доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь свае ўраджанні ад наведвання ў 1968 годзе Навагрудка групай студэнтаў-мастакоў, архітэктараў і фізікаў пад кіраўніцтвам мастацтвазнаўцы Элеаноры Вецер: “У той час ў былым дамініканскім касцёле, парафіянамі якога была сям’я Адама Міцкевіча і ён сам, размяшчаўся мэблевы склад. Сярод хаоса і занядбання, пылу і бруду, у вялікай двухпавярховай сакрыстыі, размешчанай на паўднёва-заходнім вуглу храма, нашай групай былі знойдзены некалькі вельмі каштоўных готыка-рэнесансных разьбяных скульптур святых, перададзеных пасля ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ішоў час і святыня ўсё больш руйнавалася, з’явіліся аварыйныя расколіны і адпаведна жаданне чыноўнікаў пазбавіцца ад праблемы аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помніка”.

Пасля ліквідацыі ў 1976 годзе склада мэблі касцёл моцна пацярпеў ад пажару, які стаў прычынай абвалу касцельнага даху. Пасля пажару касцёл прастаяў ў руінах да 1986 года. За гэты перыяд касцёл канчаткова прыйшоў у заняпад, у выніку пранікнення ў памяканне атмасферных ападкаў і вільгаці амаль дашчэнту было знішчана ўнутранае ўбранства касцёла, амаль поўнасцю было страчана ўнутранае ўбранства храма, каля 90% разьбы.
Шмат людзей мелі дачыненне да выратавання каштоўнага помніка беларускага сакральнага дойлідства. Вялікія намаганні для аднаўлення касцёлу прыклаў ксёндз Фарнага касцёла Антоній Дзем’янка, якому ўдалося пераканаць чыноўнікаў з Міністэрства культуры распачаць рэстаўрацыю касцёла. У 1986 годзе Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама накіроўвае ў спецыялізаванае навукова-рэстаўрацыйнае аб’яднанне “Белрэстаўрацыя” ліст-заказ на правядзенне комплексных навуковых даследаванняў помніка ХУІІІ стагоддзя - касцёла св.Міхаіла і мужчынскага дамініканскага кляштара ў Навагрудку. Былі праведзены грунтоўныя даследаванні
У 1986-1987 гг. быў праведзены першапачатковы рамонт касцёла і ён быў перададзены вернікам. У 1992 годзе пачаўся далейшы рамонт храма.
І сёння мы можам любавацца прыгожым куточкам нашай плошчы, аздобу і настрой якога стварае касцёл св.Міхаіла.

Літаратура:

1. Габрусь Т., Дамініканская святыня ў Навагрудку // Гістарычная і культурная спадчына Навагрудчыны. Мінулае і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі 12.06.2004 г., Навагрудак – Мінск, 2004
2. Касцёл св. Міхаіла ў Навагрудку. “Аvе Маrіа” №9-10(11-12)1995 г.
3. Tatsiana Matys. Oltarz glowny z kosciola swientego Michala w Nowogrodku. Historia i proba rekonstrukcji stanu pierwotnego. Praca seminaryjna. Uniwersytet Kardynala Stefana Wyszynskiego. Instytut Historii Sztuki. Warszawa 2007

Г.Кавальчук – ст. навуковы супрацоўнік

1 comment:

Unknown said...

Хацелася бы больш падрабязна аб лёсах кляшторнага будынку, бо ёсьць няпэўнасьці аб ім у інтэрнэт-прасторы: http://community.livejournal.com/biel_interjer/2341.html