22 лют 2008 г.

Падгледжана ў прыродзе

Пад такой назвай у зале пасяджэнняў Навагрудскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя фотавыставы Ірыны Лазаравай.

Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу была распрацавана мэтавая экалагічная праграма ”Чалавек.Прырода.Экалогія”, разлічаная на тры гады. Першым мерапрыемствам, якое адкрыла падпраграму “Экауніверсітэт”, з’явіўся фотавернісаж нашай супрацоўніцы.

Прырода дае неабмежаваны матэрыял для творчых пошукаў. Спатканне са знаёмымі і любімымі пейзажамі – менавіта такое ўражанне пакідаюць фотаработы Ірыны Лазаравай. Чалавеку творчаму і няўрымсліваму, захацелася занатавать убачанае, захаваць унікальныя краявіды не для сябе, але і паказаць іншым.






Здымае не толькі фотаапарат, але і чалавек. За кожным з гэтых фотаімгненняў – работа душы, здольная адгукнуцца на рух, ці спакой ,на самыя розныя цуды прыроды. Усе яны жывыя і трапяткія, здаецца, праз імгненне прырода, абмежаваная рамкай фотамалюнка ажыве і пачне самастойнае жыццё.

Мы бачым выразныя, насычаныя колеры, сакавітую зелень, дасканалыя кампазіцыі, якія здзіўляюць закончанасцю і глыбінёй. Цудоўныя пейзажы яшчэ уражваюць назіральнасцю і дасціпнасцю неабыякавасцю, асаблівым уласным светапоглядам. Дарэчы, здымаць яна пачала ў 2007 годзе, калі атрымала ў падарунак лічбавы фотаапарат.

З першым дэбютам Ірыну Лазараву прыйшлі павіншаваць загадчык аддзела культуры А.М.Карачан, загадчык ідэалагічнага аддзела райвыканкама І.С. Грынь, вядомыя фотамайстры навагрудчыны, супрацоўнікі музеяў, эколага -біялагічнага цэнтру. Былі выказаны асабістыя пажаданні аўтару работ, думкі, асацыяцыі, якія выклікалі цудоўныя фотапейзажы.

Кажуць, што калі чалавек таленавіты, то гэта праяўляецца ва ўсім, што ён робіць. Ірына чытае, захапляецца музыкай. Асабліва яе захапляе краязнаўства Навагрудчыны. Зусім нядаўна яна стала ўдзельніцай конкурсу, з нагоды 210-ых ўгодкаў з дня нараджэння А. Міцкевіча.
Можна з упэўненасцю сказаць, што свет фотаработ І.І. Лазаравай – гэта гармонія адносін чалавека і прыроды, да якіх хочацца звяртацца зноў і зноў.

Фотавернісаж працягвае сваю работу ў чытальнай зале нашай бібліятэкі.

Усім навагрудчанам, якія наведаюць выставу, будзе прыемна сустрэцца з самымі чароўнымі пейзажамі, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі.


Шаўчук І.А., загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ

13 лют 2008 г.

Гучала флейта днём зімовым


Лаурэат міжнароднага конкурса Ірына Сахоцкая 6 лютага 2008 года ў Навагрудку дала сольны канцэрт флейтавай музыкі. Выступленне адбылося ў зале школы мастацтваў. Ладзіць канцэрт ёй дапамагала таксама лаурэат рэспубліканскіх конкурсаў Анастасія Хан, якая выконвала партыю фартэпіяна.

Ірына Сахоцкая нарадзілася ў горадзе Маладзечна. Там жа скончыла пры музычным вучылішчы музычную школу і потым музычнае вучылішча. А пайшла яна “па шляху музыкі” пад уплывам старэйшага брата - прафесійнага валтарніста. Потым паступіла ў кансерваторыю, дзе вучылася ў класе дацэнта Ніны Васільеўны Аўраменка. Зараз працуе выкладчыкам Лідскага музычнага вучылішча па класе флейты. У 2005 годзе на Украіне ў горадзе Канев, стала лаурэатам міжнароднага конкурса. Свой першы сольны канцэрт дала ў Лідзе ў канцы снежня 2007 года. У яе рэпертуар уваходзяць творы самых розных накірункаў і жанраў. І аматары музыкі з задавальненнем змаглі паслухаць мелодыі І. С. Баха, С. Рэйнеке, Г. Энеско, А. П’яцолы, С. Болінга.
Святлана Абдулаева

11 лют 2008 г.

На жыццёвым пасту

Вольга Васільеўна Дзем’янчук прыехала ў вёску Бердаўка Ацмінаўскага сельсавета ў 1947 годзе пасля заканчэння фельшарска-акушэрскай школы ў Баранавічах. І з таго часу, да выхаду на пенсію, усе свае медыцынскія веды і душэўнае цяпло - яна аддавала тым, хто да яе звяртаўся. І нават зараз, нягледзечы на свой узрост, яна дапамагае мясцовым жыхарам, калі да яе звяртаюцца за дапамогай. З 1947 года па 1960 год у яе прысутнасці і з яе дапамогай з’явіліся на свет больш як 500 немаўлят, якіх яна першая ўзяла на рукі.

Нарадзілася Вольга Васільеўна ў Навагрудку ў 1926 годзе. Вучылася ў гімназіі, дзе вялікая ўвага надавалася лацінскай мове. Менавіта добрае веданне гэтай мовы і дапамагло ёй паступіць у фельшарскую школу. Трэба дадаць, што не толькі добрыя веды па лацінскай мове, але і неабходныя веды па нямецкай мове прадвызначылі яе лёс. Яна не толькі сама змагла пазбегнуць у гады вайны адпраўкі ў Германію, але выратавала яшчэ сваіх сябровак і блізкіх.Так здарылася, што немцы сагнаўшы жыхароў горада ў канюшню, раздалі ўсім карткі. На адных з гэтых картак была літара “Н”, на другіх – “Г”. Ніхто з палонных не ведаў, што азначалі тыя літары. І тады маладая Вольга , набраўшыся смеласці, пачала распытваць нямецкага вартавога. І ён ёй патлумачыў, што карткі з літарай “Г” азначаюць адпраўку ў Германію. А тыя асобы, у каго на руках карткі з літарай “Н” – застануцца ў Навагрудку. Атрымаўшы такую інфармацыю, Вольга падзялілася ёй са сваімі блізкімі людзьмі. І ўсе , хто яе паслухаў і выбраў карткі з літарай “Н” засталіся ў родным горадзе. Хаця былі вымушаны працаваць у цэху, дзе вілі вяроўкі для ваенных патрэб. Але гэта было ўсё-такі на сваёй радзіме.
Калі ж прыйшоў час паступаць вучыцца далей, Вольга ўзяла адпаведную даведку з гімназіі, і немцы яе адпусцілі. Паступіла ў Баранавічы ў фельшарскую школу. У той час гэта была не толькі школа , якая давала неабходныя медыцынскі я веды – гэта была школа сапраўднага суровага жыцця. Ішла вайна, не хапала медперсанала, а прыходзілі цэлыя эшалоны раненых. Таму маладым, толькі пачынаючым медыкам, прыходзілася займацца нялёгкай практыкай. Акрамя дапамогі раненым , прыходзілася прысутнічаць і пры родах. Бо нярэдка здаралася, што на дзяжурства адной акушэркі выпадала адначасова па 5-7 родаў. І так атрымалася, што калі пасля вайны быў дадаткова ўведзены курс па акушэрскай справе – Вольга Васільеўна ўжо многае ведала з практыкі. А тады, ў ваенныя гады, акрамя медыцыны трэба было займацца яшчэ і ваеннай падрыхтоўкай – збіраць і разбіраць аўтаматы, страляць, бегаць кросы і г. д. І так кожны дзень па чатыры гадзіны.
Таму не выпадкова , на пытанне, ці не страшна было ёй, дваццацігадовай дзяўчыне , прыехаўшы ў Ацмінаўскі фельшарска-акушэрскі пункт лячыць людзей і прымаць роды – Вольга Васільеўна адказала, што яна не баялася , бо добрая практыка давала ёй упэўненасць. Хаця ўся вялікая адказнасць практычна ляжала на ёй – яна назірала за цяжарнымі жанчынамі і яна ж дапамагала немаўлятам з’явіцца на Божы свет. Нараджэнне дзіцяці – гэта заўсёды таямніца. Але, напэўна, сам Усявышні благаславіў маладую акушэрку на гэта – бо за гады яе работы не было ніводнага смяротнага выпадку. І ў сцюжу, і ў дажджы, і ў спёку яна брала з сабой патрэбныя інструменты, медпрэпараты і спяшалася на дапамогу. І толькі пасля 1960 года цяжарных жанчын пачалі накіроўваць у бальніцы для родаў. Да таго ж Вольга Васільеўна вяла яшчэ прафілактычную і санітарную работу – чытала цікавыя лекцыі, арганізоўвала праверку чысціні і парадку ў вёсках . Была яна і дэпутатам сельскага савета, старшынёй бацькоўскага сходу. За сваю дзейнасць Вольга Васільеўна Дзем’янчук была ўзнагароджана ў 1970 г. і 1981 г. Медалямі ветэрана працы. У 1980 годзе яе ўзнагародзілі нагрудным знакам Ганаровы донар СССР. Дарэчы, кроў яна здавала яшчэ і ў вайну. За актыўную працоўную дзейнасць была ўзнагароджана неаднаразова Ганаровымі граматамі. А яшчэ Вольга Васільеўна прызналася, што калі б жыццё давялося паўтарыць – яна выбрала б зноў медыцыну і сваю справу.

Cвятлана Абдулаева

2 лют 2008 г.

“…пад уражаннем Пола Гілберта”

У нядзелю 27 студзеня 2008 года ў памяшканні гістарычна-краязнаўчага музея праходзіла сустрэча з гітарыстам Русланам Дробышам. Паслухаць гітарную музыку прыйшлі аматары самага рознага ўзросту - тут былі і школьнікі, і людзі пенсіённага ўзросту. Цікава, што Руслан - музыкант-самавучка, які здолеў авалодаць не толькі ігрой на гітары, але і самастойна вывучыў нотную грамату. Так здарылася, што ў дзіцячыя гады ён паступаў у музычную школу, але камісія не змагла разглядзець у яго музычныя здольнасці і яму адмовілі ў навучанні. Аднак жаданне навучыцца іграць на гітары не пакідала яго. І з 14 гадоў ён пачаў авалодваць інструментам самастойна.

Спачатку сябар намаляваў яму некалькі акордаў схематычна . Пасля Руслан купіў некалькі кніжак па гітарнай ігры і пачаў вывучаць нотную грамату, гукарад на інструменце, строй гітары, віды акампанемента і г. д. Праз чатыры гады ён ўжо іграў у групе сяброў –гітарыстаў. Потым, калі паступіў у Навагрудскае СПТВ – іграў там таксама і за удзел у канцэрце быў узнагароджаны нават граматай. Пасля іграў у гурце ”ORION “ пры Доме культуры. Калі група распалася – вырашыў удасканальваць сваё майстэрства самастойна. Тым больш, што можна выкарыстоўваць магчымасці камп’ютэра, які ў пэўных сітуацыях можа замяніць людзей.




Пад час канцэрта Руслан выканаў на электрагітары шэсць музычных кампазіцый, у тым ліку і адну сваю. Якую , як ён прызнаўся, напісаў пад уражаннем Пола Гілберта. Стыль , у якім ён найбольш любіць працаваць – гэта ў асноўным – блюз. У Руслана няма абмежавання ў стылях выканання, як ён сказаў “ад блюза да хэві метала ”.

Цікава прагучаў ў яго выкананні знакаміты паланез Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Тэмбр электрагітары прыдаў гэтаму твору своеасаблівую афарбоўку. Наогул мелодыі на электра гітары ў першыню прагучалі ў краязнаўчым музеі . Гэта было так нязвыкла і загадкава... І як бы на розны густ сыграў ён і “Менуэт” Баха – першы раз на электрагітары, а другі раз – на акустычнай гітары. На акустычнай гітары быў выкананы і яшчэ адзін твор - гэта “Сляза” Ф.Тарэга. Акрамя ігры Руслан расказаў і пра тое, як ствараюцца кампазіцыі і паказаў наглядна на камп’ютэры “творчую кухню”. А ў яго бліжэйшых планах – удасканаліць свае старыя запісы і перазапісаць іх. А яшчэ яго любімыя заняткі – гэта фатаграфія і тэхніка. і на гэтым кола захаплянняў Руслана не заканчваецца…



Абдулаева Святлана

1 лют 2008 г.

З конкурса з перамогай


Аліна Раманюк

Удалым стаў пачатак новага 2008 года для вучаніцы дзевятага класа СШ № 7 Аліны Раманюк. Прыняўшы ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе патрыятычна-ваеннай песні “Звязда”, прысвечаным 90-годдзю Узброеных Сіл, Аліна вярнулася ў Навагрудак з перамогай. Ёй было прысуджана ІІ-ое ганаровае месца за яркае выкананне песні “Мой край”. Трэба дадаць, што журы было вельмі сур’ёзным і патрабавальным. І ў яго склад уваходзілі і прадстаўнікі Белтэлерадыё кампаніі, і музыканты з ансамбля “Песняры” і іншыя прафесіяналы. Старшынёй камісіі быў, вядомы ў нашай краіне кампазітар, Ігар Лучанок.


Удзельнікі канцэрта



Выступленне Аліны Раманюк

Аліна і ранней часта выступала на сцэнах нашага горада, калі яшчэ вучылася ў музычнай школе.
Такое выступленне ў сталіцы для яе было ўпершыню. Сам жа конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку на ўзроўні горада і раёна яе адабралі, як спявачку, якая абараняла гонар ваеннай часці. Дарэчы, пра гэта паклапаціўся бацька Аліны, Ігар Аркадз’евіч, старэйшы прапаршчык і намеснік камандзіра. Другі этап – гэта адборачны тур у г. Гродна, дзе яна дастойна вытрымала сваеасаблівы іспыт. Завяршальны этап праходзіў у Мінску ў Доме афіцэраў таксама ў дзве стадыі.
“ Спачатку быў адбор удзельнікаў для фінала, бо прыехала з усёй Беларусі 120 чалавек, - расказала Аліна. – Мяне праслухалі і адразу сказалі, што я прайшла ў фінал. У фінале выступала 16 удзельнікаў. Маё выступленне было ў намінацыі “Аўтарская песня”. Песню напісала наша зямлячка Святлана Шэлегейка, а фанаграму зрабіў таксама навагрудскі музыкант Нагулевіч Сяргей. І калі мне прысудзілі ІІ-ое месца, я канешне, была вельмі рада. Хаця, калі ехала ў Мінск - асабліва нічога не чакала. Мне прста хацелася - каб мяне заўважылі. А ў будучым буду спяваць і спрабаваць свае сілы ўсюды, дзе гэта будзе магчыма. А пасля заканчэння школы мару паступіць ў каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне.”


Пасля канцэрта

Абдулаева Святлана

Палёт фантазіі

В одно мгновенье видеть вечность,
Огромный мир - в зерне песка,
В единой горсти - бесконечность,
И небо - в чашечке цветка.

Менавіта гэтае крэда з’яўляецца для Ганны Міхайлаўны Клешч арыенцірам на жыццёвым шляху апошнія пятнаццаць год. Стварэнне калажоў з натуральных матэрыялаў – дзіўны свет яе захаплення. Так..з пяску, каменьчыкаў, костачак, насення, сухацветаў, лазы –адным словам з самых розных падручных матэрыялаў, - ствараецца эксклюзіў.







“ Я ніколі ў маладосці не думала, што буду займацца такой справай – расказвае Ганна Міхайлаўна. - Але, скончыўшы ў 1983 годзе Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці тэхнік- тэхнолаг, і потым працуючы ў шавецкай майстэрні, мне даводзілася часта падбіраць колер скуры для абутку. І, магчыма, тады на ўзроўні падсвядомасці выпрацоўваліся нейкія навыкі спалучэння колераў, і развівалася колерабачанне. Акрамя таго, можа перадаліся і нейкія гены ад продкаў – у радні ёсць мастакі; мама таксама вельмі прыгожа вышывала – яна выдатна ўмела спалучыць розныя фарбавыя адценні.”




А вось акалічнасцю, якая падштурхнула Ганну Міхайлаўну да раскрыцця ўнутранных здольнасцей з’явілася неабходнась аформіць лесвіцу ў новым пабудаваным доме. За парадай звярнулася да дырэктара эколага-біялагічнага цэнтра В.В. Котавай. З таго часу ўсур’ёз пачала цікавіцца творчасцю.

І тады ж была запрошана ў цэнтр на працу, як кіраўнік гуртка “Прырода і фантазія”. Добра разумела - каб стаць прафесіяналам сваёй справы - трэба вучыцца. Таму за ўласныя грошы з’ездзіла ў Мінск на курсы – тут вывучала спектар колераў, пазнаёмілася з вопытам іншых майстроў з Беларусі, Малдовы, Расіі. Гэтая вучоба стала моцным штуршком для далейшай дзейнасці, для новых творчых пошукаў.

Новыя тэмы, ідэі прывозіла і з замежных вандровак па Чэхіі, Югаславіі, Венгрыі. Такія паездкі, лічыць Ганна Міхайлаўна, – гэта цудоўная магчымасць убачыць нешта новае, набрацца пазітыўнай энергіі і ўдасканаліць сваё майстэрства. Бываючы ў другіх гарадах, яна заўсёды звяртае ўвагу на архітэктуру і афармленне будынкаў, на інтэр’ер гатэляў і рэстаранаў. Не прапускае магчымасці наведаць і розныя мастацкія салоны і выставы.

“Апошнім часам вельмі падабаецца ствараць пласкасныя калажы – дэкаратыўныя пано. Любімыя колеры – гэта спакойныя колеры зямлі і зеляніны. З задавальненнем працую з натуральнай тканінай – мешкавінай. Самы ўдалы час для работы , канешне, дзень, калі пры натуральным асвятленні найлепш бачацца фарбы і розныя адценні”, – прызналася майстар.

Трэба дадаць, што апошнія амаль пяць год Ганна Міхайлаўна працуе загадчыцай гаспадаркі ў спецшколе- інтэрнаце. І ў многім,дзякуючы менавіта ёй, тут пануе прыгажосць і свой непаўторны стыль. Так, напрыклад, адна частка памяшкання аформлена ў “марскім стылі”, другая – пераважна ў “бэзавых колерах”, дзе калажы надаюць сваеасаблівую арыгінальнасць інтэр’еру.

Дзякуючы таму, што было знойдзена шчырае паразуменне з дырэктарам А.Я. Ермаковай, у школе-інтэрнаце Ганна Міхайлаўна змагла рэлізаваць сябе, як творца. “Вельмі важна, каб мастака, майстра ніхто не абмяжоўваў, тады заўсёды будзе шанц для палёта фантазіі” – працягвае размову гэтая абаяльная жанчына. – І калі я бачу, што нехта радуецца, калі бачыць мае работы – гэта мяне таксама радуе. А якая мая мара? Вельмі хацелася б прыгожа аформіць сталоўку, у якой бы дзеці адчувалі б сябе па-дамашняму ўтульна.”

Абдулаева Святлана