20 ліп 2008 г.

З творчым праектам – да землякоў

Літаратурная імпрэза “Са сталіцы – у сталіцу”, ініцыятарам якой сталі навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Тадэвушаўна Кавальчук і наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, з поспехам прайшла ў музеі Адама Міцкевіча. Тут сабраліся настаўнікі і навучэнцы, мясцовыя паэты, прадпрымальнікі.


Ужо стала традыцыяй, што наш зямляк паэт Зміцер Арцюх, які жыве ў Мінску, на працягу апошніх некалькіх гадоў ладзіць у Навагрудку творчыя праекты. Летась ён прыязджаў у наш горад з паэткай Аксанай Спрынчан. А вось на гэты раз прывёз цэлую творчую групу людзей, захопленых паэзіяй і музыкай.
Падчас імпрэзы ўвесь акцэнт быў зроблены, канечне, на асобу Адама Міцкевіча і яго творчасць. Аксана Спрынчан, якая, дарэчы, са Зміцерам вяла ўсю праграму, шчыра прызналася, што дзякуючы крымскім санетам песняра яна сустрэла сваё шчаслівае каханне. Звычайна лёс паэта разглядаецца ў ракурсе літаратурным або палітычным… Аднак у дадзеным выпадку на самым пачатку імпрэзы астролаг Людміла Кандратава цікава распавядала аб лёсе Адама з пункту гледжання астралогіі, што для многіх прысутных аказалася невядомым.
Прыемна адзначыць, што вялікую цікавасць да прыезду ў Навагрудак праявіла дырэктар бібліятэкі імя Цёткі ў Мінску Рэгіна Багамолава, якая з задавальненнем пазнаёміла са сваімі вершамі. Акрамя таго, вершаваныя радкі гучалі і з вуснаў таксама паэткі Таццяны Пратасевіч і паэта Міколы Кандратава.
Не абышлося, канечне, і без музыкі. Усю творчую праграму аздобілі сваімі песнямі вядомыя мінскія барды Яраш Малашэўскі, Алесь Камоцкі і Серж Мінскевіч, які да таго ж з’яўляецца перакладчыкам твораў Адама Міцкевіча. Невядома, дзе ў гэты час была душа самога песняра. Магчыма, разам з усімі на імпрэзе, а можа – дзесьці ў Парыжы… Але тое, што сам дух Паэзіі лунаў у гэты час у музеі, - гэта бясспрэчна. Бо адначасова з вершамі, якія чыталі паэты, пісаліся новыя вобразныя радкі. Імі прыемна ўразіў усіх дырэктар музея Мікола Гайба, які ў канцы імпрэзы прачытаў трапныя сяброўскія эпіграмы на гасцей.
Святлана Абдулаева.


16 ліп 2008 г.

На тэму Халакоста

Выстава літаратуры

У Навагрудку прайшла 9-ая штогодняя летняя сесія міжнародных курсаў падрыхтоўкі выкладчыкаў тэмы “Халакост”. Арганізатары – міжрэгіянальная грамадская арганізацыя “Навукова-асветны цэнтр” МГА “НАЦ ”Халакост” (Масква), рэспубліканскі фонд “Халакост” (Беларусь) і ўстанова культуры “Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей”.
Адкрыццё сесіі. Выступае Тамара Вяршыцкая.
У сесіі прынялі ўдзел педагогі Расійскай Федэрацыі і Беларусі, лектары з Чэхіі, Ізраіля, Расіі.


Удзельнікі канферэнцыі





Горад Навагрудак выбраны месцам правядзення сесіі не выпадкова. У ліпені 2007 года на тэрыторыі ДПТВ-193, дзе ў гады вайны знаходзілася гета, адкрылася экспазіцыя, прысвечаная яўрэйскаму супраціўленню на Навагрудчыне ў перыяд Халакоста: уцёку вязняў гета праз тунэль і дзейнасці яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей на працягу 15 гадоў займаецца даследаваннямі па тэме “Халакост на Навагрудчыне”, а з 2003 года – адукацыйнымі праграмамі па гэтай тэме для настаўнікаў сярэдніх школ Беларусі. З 2003 года музей актыўна супрацоўнічае з МГА “НАЦ ”Халакост” у плане навуковай, асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці.
Як зазначалася падчас лекцый і сустрэч, 9-ая летняя сесія міжнародных курсаў у Навагрудку – гэта новы ўзровень развіцця супрацоўніцтва паміж музеем і МГА “НАЦ “Халакост”, кантактаў беларускіх і расійскіх настаўнікаў, важны этап у развіцці адукацыйнай дзейнасці па тэме “Халакост у Беларусі”.
Па выніках сесіі адбылося ўручэнне дыпломаў. Т.Вяршыцкая